Не турбуйцеся пра заўтрашні дзень: «Новае жыццё» праз месяц пасля высялення

17 лютага ў пратэстанцкую царкву «Новае жыццё», размешчаную на вуліцы Кавалёва, 72, прыйшлі сілавікі разам з судовымі выканаўцамі. Гэта шматгадовы канфлікт, вынік якога — прыхаджане на вуліцы, у літаральным сэнсе. Еўрарадыё паразмаўляла з прадстаўніком царквы пра канфлікт суполкі з дзяржавай і даведалася пра будучыню царквы.

З чаго ўсё пачыналася, або «Кампрамісу мы не знайшлі»

— У 90-х гадах наша царква, як і многія пратэстанцкія цэрквы, якія пасля развалу Савецкага Саюза з’явіліся ў краіне, не мела рэсурснай базы і сваіх будынкаў, — расказвае гісторыю суполкі адміністратар «Новага жыцця» Віталь Антончыкаў— Многія арандавалі дамы культуры для правядзення набажэнства, у тым ліку і мы. Але час ішоў, трэба было абзаводзіцца сваёй базай, нейкім домам малітвы. І мы купілі ў 2002 годзе ў калгаса імя Калініна будынак паўразбуранага кароўніка.

Кароўнік у Мінскім раёне з часам планавалася знесці і на яго месцы з усімі ўзгадненнямі пабудаваць царкву — «каб быў свой храм, дзе можна маліцца». На той момант «Новае жыццё» арандавала памяшканні ў дамах культуры.

— Пазней надышоў такі перыяд у краіне, я не бяруся казаць, хто ў гэтым вінаваты. Але пратэстанцкія цэрквы паволі сталі выганяцца з усіх дамоў культуры. І ў тым ліку мы страцілі арэнду. І фактычна былі пастаўленыя на выжыванне. Або мы распускаем царкву, калі так наогул магчыма. Або мы дзесьці збіраемся і праводзім набажэнства.

Вырашана было сабраць ахвяраванні вернікаў і перабудаваць кароўнік у дом малітвы.

Адзін з будынкаў кароўніка, які прыстасавалі пад «храм малітваў» / Еўрарадыё

— Наступіў цікавы момант: па дакументах гэта зямля і будынак лічыліся як тэрыторыя для жывёлагадоўлі. У 2005 годзе мэр Паўлаў падпісвае рашэнне Мінгарвыканкама, каб адабраць зямлю ў царквы за тое, што мы там не разгадоўваем кароў. Але мы і перапрафіляваць не можам — таму што на той момант зямля ўжо ўваходзіць у межы Мінска, а ў Мінску забаронена прамысловая жывёлагадоўля, — дадае Віталь.

У выніку ўлады пазбаўляюць царкву права карыстання зямлёй. Але вернікі працягваюць прыходзіць у царкву і маліцца.

— І так было ўсе гэтыя гады. Хоць дзеля справядлівасці, у апошнія пяць гадоў узнік нейкі дыялог, дзе ўсё ж спрабавалі неяк вырашыць пытанні. Ну, каб і ўлада тварам у гразь не ўпала, і царкве было добра. Але, на жаль, кампрамісу мы не знайшлі. І так мы працягвалі да гэтага дня працаваць, да гэтай зімы.

Што будзе далей — Госпад пакажа

Пасля рашэння ў 2005 годзе аб высяленні суполка наведала больш за 30 судовых пасяджэнняў. У кастрычніку 2006-га вернікі правялі ў царкве пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. У абарону малельні выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб’яднанні. Пасля гэтага гарадскія ўлады пакінулі «Новае жыццё» ў спакоі.

Сляды выразання замкоў сілавікамі / Еўрарадыё

Рашэнне аб высяленні суполкі суд прыняў у 2009 годзе. Праз 12 гадоў, 17 лютага 2021 года, сілавікі прыйшлі ў будынак разам з судовымі прыставамі выканаць менавіта гэты судовы загад. Гэта значыць: «вызваліць будынак былога кароўніка плошчай 1621 «квадрат» па вуліцы Кавалёва, 72″. І зрабілі гэта ў брутальнай форме: зрэзалі замкі, людзей, якія знаходзіліся ў будынку, папрасілі выйсці, у адваротным выпадку пагражалі штрафамі і арыштамі.

— З чым гэта звязана — можна толькі здагадвацца. Чаму менавіта цяпер улада захацела гвалтоўна адабраць будынак? — задае рытарычнае пытанне Віталь [пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020-га пастар «Новага жыцця» Вячаслаў Ганчарэнка асудзіў гвалт сілавікоў і заклікаў уладу пакаяцца. — Рэд.].

Паводле афіцыйнай версіі, на месцы будынка царквы гарадскія ўлады плануюць пабудаваць школу — гэта прадугледжана планам забудовы гэтай часткі горада, апублікаваным у 2019 годзе.

— ЖРЭА паставілі свае замкі, паставілі міліцэйскую ахову ў будынку. Больш доступу ў нас не было. Адзін раз мы прыехалі сёе-тое забраць, але там павінны былі супрацоўнікі ЖРЭА прысутнічаць. Мы сёе-тое забралі і вось літаральна два тыдні таму або паўтара прыехалі па другую частку маёмасці, — працягвае Віталь. — Таму пакуль мы праводзім служэнне на вуліцы, што будзе далей — Госпад пакажа.

Умова — 178 тысяч долараў

Па словах адміністратара, ЖРЭА паставіла ўмову, каб царква кампенсавала страты дзяржаве за ўсе гэтыя гады.

— Сума шкоды — калі перавесці ў долары — 178 тысяч. Вось такія нам ўмовы паставілі. Калі мы пачнём выплачваць, то ўлада расцэніць гэта як супрацоўніцтва. Толькі пасля гэтага можа ісці гаворка пра арэнду нейкую, атрыманне дазволу, выдзяленне нейкага зямельнага ўчастка. Але, на жаль, гэта велізарныя грошы нават для вялікага прадпрыемства. А тым больш для царквы, якая існуе на добраахвотныя ахвяраванні.

Тэрыторыя «кароўніка» / Еўрарадыё

Набажэнствы пад аховай

Цяпер вернікі праводзяць набажэнствы на вуліцы каля будынка царквы. Кожную нядзелю на Кавалёва прыязджаюць сілавікі.

— У гэтую нядзелю перад пачаткам набажэнстваў я падышоў да міліцыянера, які знаходзіцца ў будынку. І супакоіў, што мы не будзем штурмаваць будынак, не хвалюйцеся. Мы правядзём набажэнства і паедзем. Так што падмацаванне ў выглядзе АМАПа выклікаць вам сэнсу не мае. Мы памолімся і пойдзем. Ён сказаў «дзякуй». Ну, напэўна, проста падстрахаваўся і выклікаў падмацаванне. І вось прыехала машына, два ці тры чалавекі было з аўтаматамі, у касках. Яны проста назіралі. Мы правялі набажэнства, яны паехалі. І гэтым разам я сам асабіста не бачыў, але таксама прыязджала машына Дэпартамента аховы, пабыла і паехала.

— Бяспечна праводзіць набажэнствы на вуліцы?

— Пасля высялення гэта было нялёгкае рашэнне — першы раз выйсці і правесці набажэнства на вуліцы. Калі глядзець на гэта ў кантэксце таго, што адбываецца ў краіне, то гэта было вельмі небяспечна. Ну гэта мякка кажучы. Могуць палічыць, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства. Але мы ўсё ж пастанавілі, што служэнне трэба праводзіць, таму што ў нас няма ніякіх палітычных лозунгаў на пропаведзі, няма ніякай сімволікі, якую ўлада так ненавідзіць. Таму пастанавілі ўсё-ткі праводзіць. Ну і дзякуй богу, што да гэтага часу ніхто не перашкаджаў. Цяпер мы прытрымліваемся біблейскай запаведзі Ісуса Хрыста: не турбуйцеся пра заўтрашні дзень. На жаль, наперад мы нічога не ведаем, нічога не вядома.​

Еўрарадыё