Нават віцэ-дэкан двух дэканатаў: ксяндзы працягваюць «рэкламаваць» датэрміновае галасаванне
Згодна з новымі нормамі каталіцкія святары павінны браць дазвол у біскупа для выступленняў у медыяпрасторы.
Невядома, ці згадзіўся біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, але святары з яго дыяцэзіі распачалі «рэкламаваць» датэрміновае галасаванне ў СМІ.
Дзятлаўская газета паведаміла, што ксёндз Андрэй Пышынскі, віцэ-дэкан Дзятлаўскага і Навагрудскага дэканатаў, загадзя наведаў выбарчы ўчастак у будынку Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта.
«Як грамадзянін Беларусі сэрцам перажываю за сваю краіну, землякоў. Раздзяляю са сваімі прыхаджанамі і радасныя, і сумныя хвіліны, падтрымліваю іх у розных годных справах»,
— падзяліўся святар.
Ксёндз Павел Калеснік, які служыць у іўеўскім касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла, таксама прагаласаваў загадзя.
Відэазапіс таго, як святар кідае бюлетэнь у скрыню, апублікавала мясцовая газета ў сваёй сацыяльнай сетцы.
«Лічу, што кожны павінен аддаць свой голас, такім чынам выканаць свой грамадзянскі абавязак. Раблю гэта загадзя, каб у нядзелю быць са сваімі парафіянамі»,
— завяршае відэа каментар ксяндза.
Фармуліроўку пра немагчымасць знайсці час у нядзелю выкарыстоўваць і праваслаўныя святары, якія галасуюць датэрмінова.
Фота: «Перамога. Дятлово онлайн»; «Іўеўскі край»