«Мяне вельмі падтрымала Біблія». Экс-палітвязень Сяргей Іванцоў распавёў пра веру ў калоніі
Вызвалены палітвязень Сяргей Іванцоў для «Вясны» расказаў, як перажыў катаванні ў калоніі і збіццё пры затрыманні. У яго сведчанні ёсць і пра веру, якая была часткай яго жыцця яшчэ да зняволення. Апошні раз перад затрыманнем ён бачыў сям’ю каля хатніх абразоў: «Мы селі абняцца з жонкай каля абразоў, наша дзевяцімесячная дачка падпаўзла да нас, і мы абняліся ўтрох».
У халодным ШІЗА шклоўскай калоніі Сяргей перажыў містычны досвед. У поўнай роспачы ён адчуў чыюсьці прысутнасць і пачуў голас, падобны да голасу дзядулі: «Калі нехта са мной размаўляе, значыць, я патрэбен гэтаму свету. Так я і выжыў там».
У магілёўскай калоніі яго падтрымлівалі Біблія, кніга «Айцец Арсеній» і сустрэчы са святаром Мікалаем — «чалавекам з чыстай душой», якому палітвязні давяралі. Іванцоў змог двойчы прычасціцца, а псіхіятрыню і фельчара, якія па-чалавечы дапамагалі палітычным вязням, ён дагэтуль згадвае ў сваіх малітвах.






