Мінадукацыі можа ўвесці праваслаўную культуру замест чарчэння і астраноміі
Міністэрства адукацыі надумала зноў перакроіць навучальныя планы і вынесла на абмеркаванне пару прапаноў. Гэтым разам гаворка ідзе не пра праграмы па канкрэтных прадметах, а ў прынцыпе пра тое, ці будуць у школьнікаў некаторыя дысцыпліны.
Так, чарчэнне і астраномія з асобных прадметаў могуць стаць неабавязковымі факультатывамі. Мінадукацыі наогул разглядае тры варыянты: зрабіць прадметы факультатывамі або захаваць іх, але ў розных фарматах. Калі захоўваць іх, то пытанне: з адзнакамі або без.
Мабыць, пытанне пра магчымасць выключыць чарчэнне і астраномію разглядаецца як спосаб «разгрузіць» школьнікаў: на загрузку дзяцей скардзіўся Аляксандр Лукашэнка. А цяпер у яго малодшага сына якраз ідуць гэтыя прадметы.
Пры гэтым у навучальнай праграме могуць з’явіцца дзве іншыя дысцыпліны.
Напрыклад, факультатыў «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця» можа стаць абавязковым для дзяцей 10–11 класаў.
Прапануе Мінадукацыі і варыянт з уключэннем «Асноў праваслаўнай культуры» ў праграму на абавязковай аснове — або ў 3–4, або ў 5–6 класах. Апошнім часам, дарэчы, пра неабходнасць выхавання «традыцыйных каштоўнасцяў» нярэдка гавораць на самым высокім узроўні: маўляў, нястача маральнасці і патрыятызму шмат у чым і вінаватая ў з’яўленні пратэстаў.
Меркаванне па гэтых пытаннях можна паслаць на infominedu@unibel.by (з паметкай «Карэктаванне навучальных планаў»). А ўжо для Еўрарадыё магчымыя навелы пракаментаваў вядомы педагог Яўген Лівянт.
Адцягваюць увагу?
— Я думаю, што свядома ці падсвядома яны [чыноўнікі ад адукацыі. — Еўрарадыё] дзейнічаюць як фокуснікі: калі галоўныя маніпуляцыі робяцца правай рукой, а ў левай руцэ ёсць нешта яркае і бліскучае, каб усе глядзелі на яе, — каментуе Яўген Лівянт.
Педагог часта кажа, што беларуская сістэма адукацыі знаходзіцца ў глыбокім крызісе.
— Каб вырашаць гэтыя праблемы, патрэбны вельмі сур’ёзныя, адказныя, цяжкія, непапулярныя, прадуманыя рашэнні. Больш за тое, наколькі я памятаю, нам абяцалі да Новага года, што з’явіцца дыстанцыйная платформа навучальная і сістэма для развіцця адораных дзяцей па аналогіі з расійскім «Сірыусам». І як я разумею, нічога гэтага не будзе.
На думку Лівянта, новыя абмеркаванні Мінадукацыі ініцыюе, «каб схаваць сістэмныя правалы ў сваёй працы».
— Я думаю, гэта зроблена для таго, каб мы адарваліся і абмяркоўвалі нейкія другарадныя пытанні… Яны таксама важныя, але другарадныя.
Да праграмы па астраноміі і чарчэнні ў Лівянта ёсць прэтэнзіі.
— Астраномія — прадмет немагчыма складаны, і яго ніхто не вывучае ў тым аб’ёме, у якім патрабуе школьная праграма. Гэта нерэальна. Але, з іншага боку, у выпускнікоў школы няма ніякага ўяўлення пра тое, як уладкаваны свет. Абсалютная большасць выпускнікоў, я маю на ўвазе 95 адсоткаў, не могуць зразумела ці ўвогуле хоць неяк растлумачыць змену пор года, — кажа Лівянт і падкрэслівае, што праграму па прадмеце трэба спрашчаць.
Праграма па чарчэнні, кажа педагог, таксама занадта перагружаная.
— Але, з іншага боку, цяпер жа практычна ад рукі ніхто нічога не робіць. Усё робіцца на камп’ютары. У гэтым ёсць плюсы, але ёсць і мінусы. Для мяне абсалютна відавочна, што чарцёж, зроблены ад рукі, значна больш карысны для вучня, чым зроблены пры дапамозе камп’ютарнай праграмы, — кажа ён.
На думку Лівянта, трэба карэктаваць праграмы па ўсіх школьных прадметах. Гэта ён называе вельмі складанай праблемай, якую трэба абмяркоўваць са спецыялістамі.
— Але адмяняць гэтыя прадметы як такія было б няправільна.
Пры гэтым, паўтарыў Лівянт, ён упэўнены, што такое абмеркаванне запушчанае для адцягнення ўвагі ад невыканання Мінадукацыі сваіх больш сур’ёзных абяцанняў.