«Маша-тэрарыстка — гэта нонсэнс». Хто такая Марыя Вайтовіч, якую затрымалі ў Бараўлянах
Пра затрыманую евангельскую верніцу Марыю Вайтовіч напісала Радыё Свабода. Яе муж Іван пагаварыў з карэспандэнтам.
«Мы вернікі са стажам, я служка царквы, восем гадоў зьяўляюся дыяканам, — кажа Іван. — І ведаеце, што пра свой статус пачуў ад кадэбэшніка падчас ператрусу? „А, дык гэта вы сееце варожасьць, разгойдваеце грамадзтва, размахваеце бчб-сьцягамі!“ Маўляў, вось такія „элемэнты“ і хочуць дэстабілізаваць абстаноўку, парушыць мір ды спакой. Я быў у шоку. Абсалютная падмена паняцьцяў — зрэшты, цалкам у рэчышчы прапаганды. Не даходзіць, што вера якраз яднае. Што „крамольныя“ сымбалі зьвязаная з гісторыяй нашага народу. І, калі яны сталі сьцягам пратэсту, няўжо гвалт, садызм — адэкватны адказ? Наадварот: гэта заклік да праўды, да справядлівасьці. У чым экстрэмізм, тэрарызм?».
Усе фота: Радыё Свабода.
Грамадзянскую актывістку з-пад Менску Марыю Вайтовіч затрымалі праз падазрэньне ў «сувязях з асобамі, датычнымі да тэрарыстычнай дзейнасьці». А яшчэ нядаўна яе ставіла за прыклад «неабыякавай грамадзянкі» старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава.
8 ліпеня ў доме Марыі і Івана Вайтовічаў у пасёлку Досьледны Бараўлянскага сельсавету пад Менскам супрацоўнікі КДБ і міліцыі правялі ператрус: забралі тэхніку, бел-чырвона-белую сымболіку, нацыянальныя строі.
Марыю затрымалі, нягледзячы на тое, што сям’я гадуе траіх непаўналетніх прыёмных дзяцей. Да таго жанчына перанесла дзьве апэрацыі на сэрцы.
«У яе ўнікальная здольнасьць камунікаваць зь людзьмі»
Як стала вядома з пратаколу ператрусу, Марыю Вайтовіч западозрылі ў «датычнасьці да тэрарызму».
Яе муж распавядае, што ў той дзень яны з жонкай былі дома са старэйшым хлопчыкам, 9-гадовым Кірылам. І хоць нішто не замінала заявіць пра сябе афіцыйна, жыльлё амапаўцы бралі літаральна штурмам: скакалі праз плот, ламалі дзьвярны замок, кінулі гаспадара тварам у падлогу.
«Заявіліся дзесьці а 13-й гадзіне, — згадвае Іван Вайтовіч. — Гучна забрахаў сабака, я зірнуў у вакно, пабачыў, што ля брамкі мітусяцца міліцыянты. Мабыць, ня здолелі адчыніць, дык адарвалі плянку ў плоце, выламалі паштовую скрыню. Уваходныя дзьверы ў нас мэталічныя, але ў сьпякоту расчыненыя. За імі як дэкор — дадатковая ПВХ-рамка з танаваным люстраным шклом. Пакуль назіраў, яны пераскочылі агароджу, вось ужо на ганку. Крычу: „Зараз адчыню!“ Не пасьпеў. Мэталічнай кіркай выламалі лёгкі замок, паклалі мяне тварам на плітку і пабеглі па пакоях шукаць Машу. Так праляжаў хвілін 15, пакуль не зьлітаваліся: „Устанеш, калі будзеш сябе адэкватна паводзіць“. Але я ў бойку і ня рваўся».
Агулам у спэцапэрацыі ўдзельнічалі ня меней за дзясятак сілавікоў, удакладняе Іван Вайтовіч. Амапаўцы зьехалі, калі на ператрус прыбылі супрацоўнікі Бараўлянскага аддзелу міліцыі. Камандаваў усімі чалавек з Камітэту дзяржбясьпекі, які на пытаньне пра мэту візыту ляканічна адказаў: «Падазрэньне ў кантактах з асобамі, датычнымі да тэрарызму». Хто тыя людзі, не паведаміў.
Ператрус доўжыўся больш за тры гадзіны. У якасьці рэчавых доказаў забралі кампутарную тэхніку, тэлефоны, гістарычную атрыбутыку і нават строі з нацыянальным арнамэнтам. Па заканчэньні Марыі дазволілі ўзяць крыху рэчаў і павезьлі «на гутарку». Паабяцалі, што, калі размова пойдзе ў «канструктыўным рэчышчы», вернуць назад. Не вярнулі.
Толькі на наступны дзень Івану пазванілі са схаванага нумару і чалавек з «органаў», які напярэдадні ў іх быў, сказаў: ваша жонка ў цэнтры ізаляцыі на Акрэсьціна, дзе правядзе сама меней 10 сутак. Адваката да зьняволенай пакуль не дапусьцілі.
Сям’я Вайтовічаў некалькі апошніх гадоў вядомая актыўным удзелам у мясцовым грамадзкім жыцьці.
Дамагаліся будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ, а таксама мэдычных, спартовых і культурніцкіх аб’ектаў, якіх у Бараўлянах бракуе. Спынілі камэрцыйную жыльлёвую забудову з прычыны празьмернай шчыльнасьці і нізкай забясьпечанасьці сацыяльнай інфраструктурай. Пратэставалі супраць беспадстаўнага высяканьня лясоў, арганізоўвалі там з суседзямі суботнікі для збору сьмецьця. Марыя ладзіла імпрэзы з удзелам мясцовых народных калектываў і творчых людзей. Выглядае, за актыўнасьць і пацярпела.
«Яна ў нашай зьвязцы больш актыўная, мабыць, ужо нават публічная асоба, — тлумачыць Іван Вайтовіч. — Я ў нейкі час адышоў ад празьмерных грамадзкіх нагрузак, бо ўсё ж трэба думаць і пра тое, як забясьпечыць сям’ю матэрыяльна. Ды і пэўны багаж рэалізаваных спраў ужо ёсьць, можна засяродзіцца на чымсьці іншым. Хоць, безумоўна, ва ўсім жонку падтрымліваю, бо ў Машы ўнікальная здольнасьць наладжваць кантакты зь людзьмі — няважна, якіх яны перакананьняў. Яе слухаюць, паважаюць; цягнуцца як тыя, каго ў чымсьці пераконваць не патрэбна, так і дзяржаўныя службоўцы. У мяне, шчыра скажу, так не атрымліваецца, не хапае цярпеньня спакойна даказваць відавочныя рэчы».
«„Вешаюць“ артыкул, па якім даюць больш, чым за забойства»
Вайтовічы — шчырыя хрысьціяне-эвангелісты, трымаюцца агульнапрызнаных гуманістычных каштоўнасьцяў. Нават зыходзячы з гэтага спроба падвесьці да «тэрарызму» абсурдная, кажа Іван. Плюс да ўсяго, сямейная адказнасьць: пад іх апекай трое непаўналетніх дзяцей. Пры гэтым малодшая Яніна мае інваліднасьць, Марыя афіцыйна знаходзіцца ў водпуску для дагляду яе.
«Мы вернікі са стажам, я служка царквы, восем гадоў зьяўляюся дыяканам, — кажа Іван. — І ведаеце, што пра свой статус пачуў ад кадэбэшніка падчас ператрусу? „А, дык гэта вы сееце варожасьць, разгойдваеце грамадзтва, размахваеце бчб-сьцягамі!“ Маўляў, вось такія „элемэнты“ і хочуць дэстабілізаваць абстаноўку, парушыць мір ды спакой. Я быў у шоку. Абсалютная падмена паняцьцяў — зрэшты, цалкам у рэчышчы прапаганды. Не даходзіць, што вера якраз яднае. Што „крамольныя“ сымбалі зьвязаная з гісторыяй нашага народу. І, калі яны сталі сьцягам пратэсту, няўжо гвалт, садызм — адэкватны адказ? Наадварот: гэта заклік да праўды, да справядлівасьці. У чым экстрэмізм, тэрарызм?»
На пачатку чэрвеня ў Бараўляны прыяжджала старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. На сустрэчу трапіла і Марыя Вайтовіч. Тады чыноўніца ўважліва выслухала прапановы мясцовай актывісткі дзеля паляпшэньня якасьці жыцьця жыхароў раёну і пахваліла за ініцыятыўнасьць — маўляў, трэба «каб было больш такіх неабыякавых грамадзян, як Марыя Ўладзімераўна».
Але на справе аказалася, што ад грамадзкага актывізму да цяжкога крымінальнага артыкулу — усяго месяц па часе.
«Цяпер у стане кантузіі, як пасьля выбуху гранаты. „Вешаюць“ артыкул, па якім даюць больш, чым за забойства, — абураецца Іван. — Ня тое што нечакана, а дзіка і абсурдна! Нас даўно ведаюць як людзей, неабыякавых да агульных праблемаў канглямэрацыі (пад бараўлянскай шыльдай трэба разглядаць чатыры пасёлкі). Увесь час нешта рабілі: каб лес не высякалі, каб тэрыторыя была ўпарадкаваная, каб усё трымалася на прынцыпах добрасуседзтва. У гэтым працэсе зь пераменным посьпехам кантактавалі з уладамі, у нейкі момант Маша сама вырашыла балятавацца ў мясцовыя дэпутаты, каб больш эфэктыўна рэалізаваць ідэю самакіраваньня. Мірная стваральная праца. І раптам „тэрарызм“. Дзе лёгіка?»
Іван Вайтовіч не выключае, што пільная ўвага да ягонай сям’і завастрылася падчас леташніх пратэстаў. Але перакананы, што адэкватныя людзі ў той сытуацыі проста не маглі заставацца абыякавымі да беззаконьня.
«Калі на свае вочы бачылі, што фальсыфікуюць выбары, што б’юць мірных людзей, узьнікаў маральны абавязак гаварыць: гэта грэх, так рабіць нельга. Марыя была назіральніцай, і амаль па ўсіх бараўлянскіх участках перамагла Сьвятлана Ціханоўская. Але і думкі не было, каб падбухторваць да нямірнага пратэсту. Мы ўздымалі голас у абарону права кожнага чалавека на сваё волевыяўленьне. Калі ў 2018 годзе жонка пайшла ў дэпутаты, таксама назіралі. Выкрылі парушэньні, напісалі Ярмошынай (праўда, бясплённа). Чаму гэта рабілі? Таму што так няправільна, калі крадуць галасы. Мы ня плакалі, што нас пракінулі — гэта быў клясны досьвед: кантактавалі з выбарнікамі, акумулявалі новыя ідэі. Маша жыла для людзей, як ні высакамоўна прагучыць. Хто яе ведае, пацьвердзяць».
«Хай не спадзяюцца, што буду ўтойваць гэтую абсурдную гісторыю»
Цягам амаль што тыдня пасьля затрыманьня ад Марыі Вайтовіч няма ніякіх навінаў — ні добрых, ні кепскіх. Згодна з абноўленым Крымінальным кодэксам, артыкул пра «тэрарызм» дае права трымаць за кратамі як мінімум 10 сутак, пакуль сьледчыя разьбіраюцца ў нюансах.
«Я заключыў дамову з адвакаткай, будзем рыхтаваць хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня, — расказвае Іван Вайтовіч. — У Машы праблемы са здароўем, перанесла дзьве апэрацыі на сэрцы. Вельмі сумняваюся, што на Акрэсьціна здолеюць дапамагчы, калі спатрэбяцца хуткія дзеяньні. Плюс непаўналетнія дзеці, яна асноўная апякунка. Можа, праявяць спагаду і адпусьцяць. Хоць у цяперашняй сытуацыі ніякай гарантыі. Але хай нават не спадзяюцца, што буду ўтойваць гэтую абсурдную гісторыю. Маю жонку абвінавачваюць у цяжкім злачынстве, хочуць павесіць тое, да чаго яна ня мае ніякага дачыненьня. Абсалютнае дзікунства, чарговы прыклад, да чаго можна апусьціцца ў выкананьні плянаў па „ворагах народу“».
Паводле Івана, спачатку інфармацыю пра затрыманьне Марыі бараўлянцы ўспрынялі як недарэчны жарт. А калі факт пацьвердзіўся, пайшла хваля абурэньня і салідарнасьці адначасова — яе тут паважаюць і ведаюць практычна ўсе.
«Апошнія дні маю падтрымку ня толькі ад суседзяў, а і ад незнаёмых людзей. Ведаючы, што застаўся адзін зь дзецьмі, прапануюць любую дапамогу. На шчасьце, спраўляемся. Для мяне галоўнае іншае: такі час найлепш паказвае, што запалохаць, падзяліць нас ня ўдасца. Калі чалавека любяць, паважаюць, ніякі прапагандысцкі спэктакль гэтага стаўленьня ня зьменіць. Бо відавочна, што Машуля і тэрарызм — несусьветнае глупства. Ды можна запытаць хоць у начальніка Бараўлянскай міліцыі, у прадстаўнікоў раённых уладаў, якія яе рэальна ведаюць. Чалавек заўсёды генэраваў мірныя ініцыятывы, а тут раптам такое. Тая ж Качанава зазначыла, што такіх „неабыякавых грамадзян“ мусіць быць больш».
Чалавек, які разьвівае добрасуседзтва, апрыёры мае яднальную місію, бо не нясе іншым пагрозы, кажа Іван Вайтовіч пра сваю жонку. Тэрарызм жа, наадварот, руйнуе любыя гуманістычныя памкненьні. І гэта дакладна ня іхны выпадак.
Іван Вайтовіч ня мае зьвестак, паводле якога дакладна артыкулу выставілі абвінавачаньне ягонай жонцы — сайт КДБ на гэты конт апэлюе цэлым стосам адсылак .
Вось як трактуецца панятак «саўдзелу ў злачынстве» ў адзіна даступным, расейскамоўным, варыянце.
- В соответствии со статьей 10 Уголовного кодекса Республики Беларусь преступным деянием (преступлением) признается совершение запрещенного деяния не только в виде оконченного преступления, приготовления к совершению или покушения на совершение преступления, но и соучастие в совершении преступления.
- В соответствии со статьей 16 Уголовного кодекса Республики Беларусь лицо, содействовавшее совершению преступления советами, указаниями, предоставлением информации или орудий и средств (например, транспорт), устранением препятствий либо оказанием иной помощи (например, предоставление помещений), либо лицо, заранее обещавшее скрыть преступника, орудия или средства совершения преступления, следы преступления либо предметы, добытые преступным путем, либо лицо, заранее обещавшее приобрести или сбыть такие предметы, признается пособником и подлежит привлечению к уголовной ответственности.