Царква і палітычны крызіс у Беларусі

«Малітва на Акрэсціна вызваліла нас ад страху». Аповед пра малітоўны куток у валанцёрскім лагеры каля турмы на Акрэсціна

«Малітва на Акрэсціна вызваліла нас ад страху». Аповед пра малітоўны куток у валанцёрскім лагеры каля турмы на Акрэсціна

«Малітва на Акрэсціна вызваліла нас ад страху». Аповед пра малітоўны куток у валанцёрскім лагеры каля турмы на Акрэсціна

Калі людзі сталі выходзіць з турмы на Акрэсціна ў Мінску пасля акцый пратэсту супраць фальсіфікацый на выбарах, стала страшна ― увесь свет здрыгануўся ад жорсткіх карных аперацый (па-іншаму не назавеш) супраць чалавека, што адбываліся ў беларускіх турмах. Ад відовішчаў пытак на Акрэсціна на душы было так, як быццам памёр хтосьці з тваіх блізкіх. Мы з мужам увесь час чыталі навіны і бачылі ўсё болей жахлівых людскіх гісторый…

У адзін з дзён Вольга Севярынец, жонка зняволенага на Акрэсціна Паўла Севярынца, напісала ў сваім фэйсбуку, што валанцёрам, родным і блізкім затрыманых і самім затрыманым патрэбныя пледы, гарачая гарбата, крэслы і… малітва. Так мы вырашылі не марудзіць і прыйсці людзям на дапамогу менавіта з малітваю, бо ўсім астатнім у вялікай колькасці людзі ўжо актыўна дапамагалі: і ежаю, і псіхалагічнай падтрымкаю, і кансультацыямі адвакатаў.

Мы прыехалі да турмы на Аркрэсціна тады, калі там ужо не было страху, была надзея і свабода. Свабодныя і ўпэўненыя людзі рабілі сваю работу: вызваленых вязняў валанцёры адразу вялі фіксаваць усе пабоі і траўмы, медыкі апрацоўвалі раны, была прывезеная гарачая ежа, цэлыя каманды псіхолагаў праводзілі кансультацыі для пацярпелых і іх родных, вопытныя адвакаты пакрокава тлумачылі, што людзям далей рабіць, а мы ў гэтае месца напружанай, але вельмі канкрэтнай дапамогі прыехалі, каб зрабіць у валанцёрскім лагеры алтарык. Спакойна паставілі стол, заслалі абрусам, павесілі крыж, расставілі абразы і свечкі. Мы не ведалі, ці будзе гэты алтарык тут дарэчным, але верылі ў гэта. Мы планавалі стварыць месца малітвы, каб людзі ў роспачы і адчаі маглі ў цішыні пабыць з Богам. Але можа таму, што адчай і жах тут былі за два дні да таго, як мы прыйшлі, вельмі мала людзей падыходзіла, каб памаліцца. Аказалася, Бог скіраваў нас сюды, каб мы самі маліліся, каб самі заступаліся і даручалі ў сваіх малітвах іншых людзей.

Патрэба ў святарах

З малітваю мы не першыя, хто туды прыйшоў. На Акрэсціна ўжо некалькі дзён прыходзілі каталіцкія і праваслаўныя святары, сёстры, проста веруючыя людзі. Як жа радасна было ўбачыць тут, у месцы цярпення і болю, нашых айцоў марыянаў а. Аляксандра і а. Віталія, а таксама сястру Чаславу! Яны расказалі нам, як важна быць тут святарам. Да іх няспынна хтосьці падыходзіў: родныя затрыманых людзей выгаворваліся і ледзь не спавядаліся, валанцёры маглі падысці і проста падзяліцца сваімі перажываннямі ад падзеяў, некаторыя прысутныя на Акрэсціна падыходзілі да святароў і сясцёр з пытаннямі, дзе ж Бог? дзе справядлівасць? чаму мітрапаліты не штурмуюць муры вязніцы? Але самае важнае мы зразумелі ― людзі былі вельмі ўдзячныя, што побач ёсць святары і сёстры, а потым ― што ёсць і наш алтарык з «малітоўнай вартай».

Еднасць хрысціянаў ― гэта так проста

Кажуць, нішто не яднае болей, як агульная бяда. Я ўсё ж пераканана, што мацней за гэта яднаюць любоў і клопат адзін пра аднаго ў агульнай бядзе. Ужо ў першыя суткі нашага малітоўнага дзяжурства з намі, парай католікаў, побач ля алтара апынулася жанчына-пастар пратэстанцкай царквы і айцец Павел, праваслаўны бацюшка. Сярод нас была абсалютная згода: пастар аказалася псіхолагам, размаўляла з людзьмі і расказвала ім пра нашае месца малітвы, мы хадзілі сярод людзей і збіралі іх малітоўныя просьбы, каб потым у гэтых інтэнцыях маліцца, а бацюшка вёў духоўныя размовы каля алтарыка, быў падтрымкаю для шматлікіх валанцёраў. Айцец Павел наогул ― мой герой. Гэта чалавек, які, як толькі прыйшоў на Акрэсціна, адышоўся толькі на літургію ў свой храм, а потым вярнуўся і зноў служыў людзям. Калі я казала яму абавязкова пайсці паспаць, ён абсалютна сур’ёзна казаў: «Як жа адсюль адысці? Тут Валадарства Божае на зямлі». У наступныя дні падыходзіў уніяцкі святар, а з іншым праваслаўным айцом мы нават маліліся на ружацы, спяваючы «Вітай, Марыя…» ва ўсходнехрысціянскім стылі. Пасля першых сутак дзяжурства мы, стомленыя, атрымалі ад Бога памочнікаў ― пратэстанцкіх хрысціянаў веры евангельскай, якія штоночы трымалі малітоўную варту, а таксама дружна маліліся аддаючы Богу Беларусь у сваіх шчырых гарачых малітвах і спевах. Нашая валанцёрская каплічка стала месцам супакою для нас саміх, якія яшчэ нядаўна сядзелі дома і перажывалі, а цяпер без страху, у свабодзе дзяцей Божых аддавалі ўсё і ўсіх у рукі нашага Нябеснага Айца.

На малітве, як на фронце

Яно так і ёсць хіба ва ўсякай малітве: за сябе, за бліжніх, за пэўныя справы. Усюды ідзе духоўная барацьба, якая выйграецца ў малітве. На Акрэсціна аднойчы нават прыйшлося не толькі духоўна, але і фізічна адчуць сябе, як на фронце. У адзін з будніх дзён пачала даносіцца інфармацыя, што пратэст вырушыць да сценаў турмы, каб патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў. Валанцёры пачулі бяду: яны ведалі, як праходзілі дні працы валанцёрскага лагера, калі вызвалялі першых людзей. Нельга было нават насіць белы бранзалет, бо са сценаў вязніцы за людзьмі назіралі і за гэта мацней білі затрыманых. Таму нейкі пратэст пад сценамі рэжымнага аб’екту быў смерці падобным для тых, хто яшчэ заставаўся ўнутры. Якраз вечарам гэтага дня нам з мужам трэба было ад’ехацца па справах. Калі мы збіраліся, да нас падышоў валанцёр і сказаў: «Вы што, сыходзіце? Нам увечары вельмі будзе патрэбная ваша малітва…» Канешне, замест нас засталіся людзі. Але калі мы позна ўвечары туды вярнуліся, натоўп стаяў ля ўваходу ў сквер, сярод якога размяшчаецца турма. Валанцёры ачапілі ўваход стужкаю, а каталіцкія і праваслаўныя святары і сёстры спрабавалі наладзіць дыялог паміж людзьмі, валанцёрамі і кіраўніцтвам вязніцы. Мы ў сваю чаргу маліліся і прасілі спаўнення волі Божай. Маліліся, як на фронце: з аднаго боку ўзброены аб’ект, з другога ― людзі, якія хочуць праўды і справядлівасці а палове дванаццатай ночы. Урэшце, людзі разышліся, а я зразумела: Бог і Божая воля на штодзень ― адзінае, на што я магу спадзявацца і разлічваць. Ні на свае думкі і стратэгіі, ні на разлік нейкіх аналітыкаў… Ніхто не ведае, што рабіць, але Яго рука моцна адчуваецца над намі. Так і праходзяць мае сённяшнія дні: кожны дзень пражываю, не ведаю, што будзе далей, і нарэшце перастала клапаціцца пра гэта, бо калі мы, веруючыя ў Езуса Хрыста, просім Яго ўдзелу, Яго Провіду, то ці ж Ён не чуе і не дапамагае? Ва ўсім Ён…

Адкінеш страх ― станеш свабодным

Магчыма, я калісьці зразумею свабоду па-іншаму, але цяпер менавіта так я яе адчуваю: свабода і страх не могуць ужыцца ў маім сэрцы. Страх паралізуе, дыктуе, кіруе чалавекам. Страх ― вораг свабоды. І як толькі Бог вызваляе ад страху, свабодны чалавек здольны на вялікія справы любові. У валанцёрскім лагеры на Акрэсціна я ўбачыла свабодных людзей, людзей добрай волі. І я захацела стаць такой жа свабоднай. Я размаўляла з многімі людзьмі там і зразумела, што кожны з нас у пэўны момант дзесьці ў глыбіні сэрца паглядзеў свайму страху ў вочы і вырашыў, што няма чаго баяцца. Страшна бачыць амапаўца? Дык пад амуніцыяй хаваецца няшчасны чалавек. Яго сіла ― гэта гвалт, як жа шкада такога чалавека… Страшна, што затрымаюць і паб’юць? Дык нас ужо пабілі!  Кожны, хто прачытаў хоць адну гісторыю збітага на Акрэсціна чалавека, ужо прымерыў на сябе гэтыя здзекі і катаванні і выплакаў усе слёзы, так што баяцца ўжо няма ніякіх сілаў. Страшна пачуць ад людзей пра жахлівыя здзекі? Дык без гэтага цяпер ніяк. Гэтыя пакуты яшчэ доўга будуць ва ўсіх нас перад вачыма. Так што свабода стала сілаю, стала любоўю, міласэрнасцю, салідарнасцю ― усім тым, чым хочацца дзяліцца з іншымі, чым цяпер дзеляцца мае беларусы са мною.

Вольга Адамовіч

https://ave-maria.by/life/witness/2584-mal-tva-na-akrests-na-vyzval-la-nas-ad-strakhu-apoved-pra-mal-to-ny-kutok-u-valantsjorsk-m-lagery-kalya-turmy-na-akrests-na?fbclid=IwAR3kyx-VzmMhtX1Lb2O5eXbWgnx62kUSnPKxNRMWpRWoc-DgDhvgDHgCElQ


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава