Максім Гацак. Чарпак дзёгцю адносна пазіцыі цэркваў у бягучым пытанні
Раней я ўжо шмат хваліў беларускія цэрквы адносна заяваў і дзеянняў іх прадстаўнікоў. Надышоў час крытыкі.
Пішу гэты пост як чалавек, які з рознай ступенню эфектыўнасці спрабуе быць хрысціянінам, як былы галоўны рэдактар хрысціянскага інфармацыйнага парталу і як грамадзянін Беларусі.
Нагода — кіданне экскрыментамі прадстаўнікамі розных канфесіяў краіны ў стылі «а вы!..», «а вашы!..». Будзе і вашым, і нашым.
Я шчыра шаную тых святароў і пастараў, якія выказваюцца публічна з кафедры, у сацсетках, ходзяць самі на акцыі, як ва «ўніформе», гэтак і без, дапамагаюць вязням і пацярпелым.
Я вельмі цаню тыя словы, якія сказалі беларускія біскупы: каталіцкія Тадэвуш Кандрусевіч, Юры Касабуцкі, Алег Буткевіч, праваслаўны Арцемій (Кішчанка), пратэстанцкі Леанід Вараненка. Гэтыя людзі або наўпрост назвалі зло злом, або выступілі з асуджэннем незаконных дзеянняў уладаў.
Астатнія або маўчаць, або выказваюць сваю пазіцыю так, што аж сорамна. Немагчыма заклікаць авечку і ваўка ў авечай скуры адначасова да спынення гвалту. Авечкі не ядуць ваўкоў, а ваўкі толькі і чакаюць, як з’есці авечак.
Вы можаце сабе ўявіць, каб у Другую сусветную заклікалі спыніць гвалт адначасова эсасаўцаў і жыхароў вёскі, якую яны паляць? Я не магу.
Магчыма, у мяне завышаныя чаканні, але мне хацелася б, каб хрысціяне, а тым больш тыя, хто ў стасунках з грамадствам і з уладамі ўвасабляе Царкву, не хаваліся за прыгожымі словамі, бюракратыяй і эўфемізмамі, а называлі хлусню — хлуснёй, падман — падманам, а забойства — забойствам.
Я хачу біскупаў, падобных праўдзівасцю і самаахвярнасцю да Яна Хрысціцеля, Томаса Бэкета, Сімяона Цвярскога, Томаса Мора, Філіпа Калычова ці Ежы Папялушку. Замест гэтага часта даводзіцца бачыць бюракратаў у расе.
Я не разумею, як можна абдымацца з забойцам і называць яго прэзідэнтам пасля ўсяго, што ён зрабіў на нашых з вамі вачах. Калі не астыла яшчэ кроў нявінна забітых.
Я не разумею, як сярод архіпастыраў у Маскве, а тым больш у Менску могуць знайсціся людзі, гатовыя яго павіншаваць з «перамогай» на выбарах.
Я не разумею, як Ватыкан можа месяц не заўважаць публічна высылкі з Беларусі мітрапаліта? Свецкія краіны і тыя больш рашуча асудзілі беларускія ўлады ў параўнанні з бяззубай заявай Папы, якой хутка ўжо два месяцы. Нават у Рым арцыбіскупа Тадэвуша не запрашаюць.
Якія такія могуць быць прычыны, каб маўчаць ці не заўважаць відавочнага? Дзе, у рэшце рэшт, евангельскія фразы ў стылі спараджэнні яхідны і дзеці хлусні?
У 2019 годзе я спрачаўся з адным святаром адносна Венесуэлы. Ён казаў, што каталіцкія біскупы падтрымалі пратэст у тым ліку і таму, што Мадура, маўляў, на ладан дыхае, таму і пратэставаць супраць яго не так і страшна. Я ж тады аспрэчваў, што Мадуру яшчэ рана спісваць, бо за ім стаіць войска, і што біскупы не могуць гэтага не ведаць. Час пацвердзіў мае словы.
І я хацеў бы, каб цэрквы былі здольныя крытыкаваць зло не толькі тады, калі яно слабое, але і тады, калі моцнае. І каб у сітуацыях, калі нават дабро для іх можа быць невідавочным, яны знаходзілі ў сабе сілы адысціся ад відавочнага зла.
Шчыра ваш з вейшнорскай эміграцыі
М.