Ксёндз Вячаслаў Барок каментуе для Белсата прызначэньне новага мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
Ва ўчорашнім эфіры «Белсату» ксёндз Вячаслаў Барок каментуе прызначэньне новага мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, тлумачыць, чаму яго няправільна называць «кіраўніком беларускага Касьцёлу», а таксама дзеліцца некаторымі развагамі па выніках скандалу з карыкатурай «Мінскай праўды» на мінулым тыдні.
Белсат: Юзаф Станеўскі пра падзеі ў Беларусі заявіў: «Дараваць?! Так!!! Як? Згодна з вучэннем Езуса Хрыста і па Яго прыкладзе.» (13 жніўня 2020). Што азначаюць гэтыя словы? Бо яны для некаторых прагучалі двузначна, як у Аляксандра Лукашэнкі «перагарнуць старонку», ці не зусім так?
Ксёндз Вячаслаў Барок: Так, мы часам гаворым адны і тыя ж словы, але ўкладаем у іх розны сэнс. Мы ня маем права сёньня абвінаваціць біскупа Юзафа ў тым, што калі ён казаў, што трэба дараваць, ён ня меў на ўвазе, што павінен адбыцца таксама і суд. Хрысьціянскае дараваньне, безумоўна, павінна быць. Мы мусім разумець — без прабачэньня няма ніякай будучыні. Мы павінны сябе настроіць на тое, каб у будучыні працаваць над прабачэньнем тых страшэнных злачынстваў, якія сёньня адбываюцца ў Беларусі. Як гэта тады пачалося, так і сёньня людзей у турмах катуюць. Гэта ўсё трэба будзе нейкім чынам прабачыць. Але барані Божа, калі хтосьці з хрысьціянаў скажа, што трэба прабачыць і забыць. Не, забыцца на гэта нельга! Памяць пра гэтую вайну, якая зараз адбываецца, пазастанецца вельмі доўга, пра гэта трэба будзе памятаць. Прабачыць — гэта значыць любіць сваіх ворагаў. Мы ня маем ворагаў, але некаторыя лічаць нас, хрысьціянаў, за сваіх ворагаў. А любіць ворага, як вучыць Папа Францішак — гэта значыць забраць уладу ў тых, хто робіць беззаконьне. Любоў таксама тады, калі мы яшчэ на зямлі спрабуем чалавека асудзіць па законах зямных, людскіх. Гэта таксама любоў! Прабачыць — гэта і ёсьць дабіцца справядлівага суда. І я спадзяюся, калі гаварыў біскуп Юзаф Станеўскім у такім рэчышчы, то ён гаварыў менавіта пра гэта. Ня мець у сэрцы помсты і нянавісьці, але мець жаданьне дабіцца справядлівага суда для кожнага злачынцы.