Ксёндз Вячаслаў Барок. Адзінства і мір — ініцыятываў шмат, вынік малы

Як чую, што хтосьці ў Беларусі пачынае гаварыць пра адзінства, асабіста я адразу насцярожваюся.

Тое, што ў краіне на глебе грамадска-палітычнага крызісу  ёсць яўны падзел, гаварыць нават не прыходзіцца. Яго немагчыма схаваць, як відавочна і тое, што нават у самым рэжыме няма маналітнасці. Ды хто ведае, можа мы наогул стаім на парозе грамадзянскай вайны. Адзінства сапраўды запатрабаванае, аднак, як чуеш пра ініцыяванне намаганняў спрыяння духу нацыяльнага адзінства, хвалявання становіцца яшчэ больш.

Дзяржава абвяшчае год адзінства. Прадстаўнікі чатырох канфесій 21 снежня 2020г падпісваюць зварот аб міры. На афіцыйных дзяржаўных спатканнях, на якіх у прынцыпе не моляцца, ладзіцца 21 сакавіка 2021 г. у Хатыні акцыя пад назвай “Ўсебеларуская малітва за мір”  і запрашаюць на яе малітвеннікаў розных канфесій. Ну, а хтосьці асвячае мемарыялы духоўнага адзінства-  так зрабілі ў касцёле Маці Божай Будслаўскай у Мінску 11 красавіка 2021г.  Нядаўна і Белтэлерадыёкампанія абвясціла аб правядзенне акцыі „Малітва за мір і адзінства».

А вось адзінства і міру ўсё няма. Ну, дзякуй Богу, на нацыянальнае радыё пасля васьмімесячнага перапынку вярнулася трансляцыя штонядзельнай Імшы з мінскай катэдры, дзякуючы ініцыятыве Белтэлерадыёкампаніі.

І ў мяне асабіста ўзнікае скептыцызм ад гэтых усіх ініцыятываў, можа, ведаеце, таму, што пра адзінства і мір трэба менш гаварыць, а трэба больш рабіць. Трэба падумаць і адказаць на пытанне: чаму узнік раскол у грамадстве.

Арыген пісаў: “дзе прабывае грэх, там і множнасць, там раскол, там ерэсь, там сутыкненне; але дзе прабывае цнота, там і адзінства, там саюз, дзякуючы якому ўсе вернікі мелі адно цела і адну душу» (Арыген, Пропаведзі на Іезэхіэля 9, 1-4) Выснова напрошваецца такая: каб асягнуць адзінства, трэба ліквідаваць прычыну падзелаў і расколу, а ёй ёсць грэх. У сітуацыі беларускай, гэты грэх называецца: хлусня і насілле, фальсіфікацыі і беззаконне.

Так вось, гаварыць пра духоўнае адзінства нацыі і ўпарта не бачыць, замоўчваць і абмінаць прычыны падзелаў – гэта калі і не яўны падман, то адназначна, гэта той выпадак, пра які прарочыў Ісая, гаворачы пра духоўную слепату народа:  “абрасло сэрца тукам» і “вочы свае заплюшчылі». (пар. Мц 13,15). А сляпы,вядома, нікуды не завядзе. Асвячэнне мемарыялаў духоўнага адзінства і не заўважанне тысячы жывых людзей, якія нявінна церпяць за кратамі,  да адзінства не прывядзе. Гэта вядзе ўсё далей у тупік.

Хтосьці скажа, ну так, але мы не разбярэмся дзе тут фальсіфікацыі, а дзе гвалт, то будзем лепш проста маліцца. Маўляў, звернемся да Бога і Ён пачуе. Ідэя прыгожая, але вельмі небяспечная. Бо зварот да Бога у атмасферы незразумення дзе дабро, а дзе зло, можа абярнуцца супраць таго, хто звяртаецца да Бога.

Так прыгадваюцца мне просьбы гадарцаў, жыхароў краю геразянаў з-за Галілейскага мора. Увесь люд гэтай зямлі (во дзе было адзінства) выйшаў насустрач Ісусу, і прасіў Яго пайсці ад іх. (пар Лк 8, 37). Чаму так? Таму што яны спалохаліся, бо ведалі, што Ісус вызваліў апанаванага  ад улады дэманаў, якіх адправіў у стада свіней, што кінуліся з абрыву ў мора. А можа свіней ім было шкода. Бачыце, гадарцы таксама маліліся, але рабілі тое не разабраўшыся, і Хрыстос так і не ўвайшоў у іх горад.

А таму, напрыканцы маю вялікае жаданне сказаць: можа хопіць нам маліцца за мір і адзінства!? Каб раптам гэтымі малітвамі не спалохаць Самога Бога, які безумоўна не абмінае нас, бо дае ў нашыя сэрцы жаданне лепшага жыцця, справядлівага ды ў Праўдзе. Калі ж евангельскія каштоўнасці для нас неважныя, то і малітвы нашыя становяцца падобнымі да малітвы гадарцаў з просьбай, каб Бог нас пакінуў.

Той, хто не хоча чуць праўды і не бачыць, як сёння церпяць зняволеныя ў турмах, калі моліцца, то можа прасіць толькі аднаго ў Бога. Ў адрозніванні ад гадарцаў, павінен запрасіць Ісуса да сябе, каб Яго праўда вызваліла з-пад улады апанавання злым і пазбавіла ўнутранага свінства.

А вось мірнае суіснаванне розных людзей з рознымі перакананнямі магчымае будзе тады, калі прымем за абавязак выкананне маральнага закону, як імпэратыву: рабі дабро, пазбегай зла. Як навучае Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла вуснамі Яна Паўла ІІ: “Неабходна, каб універсальны маральны закон, запісаны ў сэрцы чалавека, лічыўся дзейсным і абавязковым, як жывы выраз агульнага для ўсяго чалавецтвп сумлення, як “граматыка” па якой трэба булаваць будучыню свету» (КСВК 436). Вось  тады, думаю, будзе і адзінства. Як бачым “граматыкі прыстасоўніцтва» у афіцыйным навучанні Касцёла няма.