Кардынал Гуджэроці ў хуткім часе наведае Беларусь

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Папа Леў XIV прызначыў кардынала Клаўдыё Гуджэроці, прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, сваім спецыяльным пасланнікам (легатам) на ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якія адбудуцца 18 кастрычніка 2025 года.
Падрабязней — Vatican News
Клаўдыё Гуджэроці – вядомы ў Беларусі іерарх, ён служыў у нашай краіне Апостальскім нунцыем у 2011-2015 гадах, і тады сустракаўся з шэрагам беларускіх палітвязняў, у тым ліку з цяперашнім палітвязнем Алесем Бяляцкім, нобелеўскім лаўрэатам, і Мікалаем Статкевічам. У 2015 годзе нунцый паведамляў, што па просьбе Папы Францішка і пасля візіту ў Беларусь дзяржсакратара Ватыкана кардынала П’етра Параліна быў вызвалены экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і іншыя палітвязні.
У 2023 годзе арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці быў прызначаны тады яшчэ Папам Францішкам спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасцях у Будславе. Тады мы пісалі пра магчымую сустрэчу Гуджэроці з Лукашэнкам і надзею на тое, што візіт можа паспрыяць працэсу вызвалення палітвязняў і ў цяперашні час палітычнага крызісу.
У снежні 2020 года ў якасці легата Гуджэроці прыяжджаў у Мінск і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, каб выразіць «трывогу і заклапочанасць Пантыфіка сітуацыяй у Беларусі». У хуткім часе пасля гэтага арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ўлады дазволілі вярнуцца ў Беларусь, а Папа адправіў яго на пенсію па ўзросце.