Ігар Бараноўскі пра зьмену кіраўніцтва Касьцёла ў Беларусі

Для разуменьня сітуацыі, якая склалася ў Каталіцкай Царкве Беларусі, і рашэньня, прынятага Папам Францішкам, трэба зьвярнуць увагу на статус біскупа Велікасельца, які сам ужо знаходзіцца ў пенсійным узросьце з траўня 2020 году з паўнамоцтвамі ўсяго на 2 гады.

👉 Гэта статус ня проста адміністратара дыяцэзіі, а менавіта Апостальскага адміністратара 👉 sede vacante, своеасаблівы і надзвычайны статус часовага яе кіраўніка. Біскуп Казімер Велікаселец прызначаны НЕ кіраўніком Каталіцкай Царквы ў Беларусі, а часовым кіраўніком (адміністратарам) Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе знаходзіцца катэдра мітрапаліта царкоўнай правінцыі.

👉 Ня варта забываць, што паўнамоцтвы зьверхніка Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі НЕ распаўсюджваюцца на іншыя дыяцэзіі РКЦ у Беларусі. Ярархі Гарадзенскай, Віцебскай, Пінскай дыяцэзіяў цалкам самастойныя ў кіраваньні на тэрыторыі сваіх дыяцэзіяў і ніяк не залежаць ад зьверхніка Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Мітрапаліт толькі ўзначальвае сваю царкоўную правінцыю — Менска-Магілёўскую мітраполію, у якую акрамя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі (яна ахоплівае толькі тэрыторыю Менскай і Магілёўскай абласьцей), уваходзяць іншыя тры дыяцэзіі. Мітрапаліт толькі наглядае за станам веры і царкоўнай дысцыпліны ў сваёй мітраполіі, пра што дакладае Апостальскаму Пасаду, мае права служыць у любым храме, а таксама склікае правінцыйны сінод і ўзначальвае яго працу.

Я асабіста мала сумняваўся, што ў цяперашняй складанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі адстаўка мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пасьля дасягненьня ім 75-гадовага ўзросту, асабліва ў сувязі з яго станам здароўя пасьля складанай аперацыі, будзе прынятая. Пры гэтым я казаў і кажу: яго духоўны і маральны аўтарытэт і пасьля адстаўкі застанецца вялікім у Каталіцкай Царкве ў Беларусі. Статус архібіскупа-мітрапаліта на пеньсіі гэтаму не замінае. Права голасу за архібіскупам-эмерытам таксама застаецца. Будзе і далей служыць, прамаўляць казаньні будзе менш.

Рашэньне Ватыкана прызначыць у Менска-Магілёўскую архідыяцэзію замест архібіскупа і мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам sede vacante дапаможнага біскупа Пінскага Казімера Велікасельца, які сам ужо перасягнуў 75-гадовы ўзрост, вядома, выглядае нечаканым пры наяўнасьці ў самой Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі двух сваіх маладых дапаможных біскупаў і іншых біскупаў непенсійнага ўзросту ў Беларусі.

Трохі прыглядаючыся на служэньне біскупа Казімера Велікасельца ў Пінскай дыяцэзіі, дзе ён служыў дапаможным біскупам яшчэ ў часы кардынала Казімера Сьвёнтка і пасьля яго сьмерці, заўважу, што там ён быў ў апошнія гады дэ-факта хутчэй на другасных ролях у справе рэальнага кіраваньня дыяцэзіяй і жыў заўсёды ня ў цэнтры дыяцэзіі ў Пінску, а ў Берасьці, а потым у Гомелі. Да прызначэньня біскупам Пінскім Антона Дзям’янкі вялікай там была і роля Пінскай курыі.

Ня думаю, што і цяпер у большай па значэньні і колькасьці католікаў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі роля біскупа Казімера Велікасельца будзе большай, чым калі ён служыў у апошнія гады ў Пінскай дыяцэзіі. У цяперашняй сітуацыі РКЦ Беларусі ён будзе дэ-факта хутчэй проста найстарэйшым пачэсным зьверхнікам сярод біскупаў. У параўнаньні з часамі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, думаю, вырасьце роля курыі і духоўны ўплыў на вернікаў дапаможных біскупаў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупаў з іншых дыяцэзіяў.

👉 Застаецца пакуль адкрытым пытаньне, хто будзе цяпер старшынём Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі пасьля прыняцьця адстаўкі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. І гэта мне нават больш цікава.

Біскуп Казімер Велікаселец меў рэпутацыю найперш малітоўніка, вельмі простага (у нечым, на думку некаторых, часам аж занадта) і малапублічнага чалавека і біскупа, які не імкнуўся выступаць перад СМІ. З уладамі імкнуўся дамаўляцца, хоць у казаньнях любіў нярэдка ўзгадваць бязбожныя савецкія камуністычныя ўлады, якія зачынялі храмы і зьнішчалі веру.

👉 Яго сьвядомасьць — гэта сьвядомасьць хутчэй тутэйшага (паходзіць з пушчанскай вёскі ў Пружанскім раёне). Беларуская мова біскупа Казімера Велікасельца не на вельмі высокім узроўні як, напрыклад, у Тадэвуша Кандрусевіча, Юрыя Касабуцкага, Алега Буткевіча або Антона Дзям’янкі. Гэта хутчэй русіфікаваная простая беларуская гаворка яго родных мясьцінаў. У сваіх казаньнях любіць часта ўзгадваць «вялікіх рускіх пісьменьнікаў» (падкрэсьлена так кажа) — Дастаеўскага, Гогаля, Пушкіна, Лермантава. Ведаючы гэтую любоў біскупа да расейскіх літаратараў, вернікі ў Берасьці часам нязлосна кпілі з яго казаньняў: «Ну, зараз зноў пра Гогаля пачне надоўга…»

Фэйсбук аўтара