Гамяльчук сцвярджае, што прыляпіў на акно аркуш з хрысціянскім сімвалам, а за гэта атрымаў штраф

Суддзя суду гомельскага раёну Сусла пакараў штрафам 63-гадовага Міхаіла Русака за несанкцыянаваны пікет, якім ён палічыў аркуш белай паперы 10см. – 20см. з чырвонай паласой па цэнтры ў вакне яго прыватнага дому ў Чонках.

Падчас суду сп. Русак патлумачыў, што ён верыць у Хрыста, а ў вакне вісеў не бчб-сцяг, а сімвал хрысціянскай веры.
“Гэта сімвал Хрыста – яго кроў і праведнае, светлае аддзенне, – тлумачыў у судзе Міхаіл Русак. – Я павесіў гэты знак, каб усе ведалі, што ў хаце жыве хрысціянін, да якога можна прыйсці па дапамогу. Да мяне прыходзяць галодныя людзі, якія ў лесе жывуць, я іх кармлю, даю ім вопратку, грошы. Я служу народу такім чынам ўжо каля 30 гадоў”.

Сп. Міхаіл паведаміў у судзе, што ён не пікетаваў, а само слова “пікет” даведаўся, калі рыхтаваўся да суду. У вызначэнні, якое ён прачытаў у Вікіпедыі, пазначана, што пікет – гэта форма публічнага выказвання думак, меркаванняў, пратэсту. Нічога падобнага ён не рабіў.
Пенсіянер-вернік падчас працэсу наракаў на супрацоўніка АУСу гомельскага раёну Касакевіча, які на яго думку, дапусціў парушэнні падчас складання пратаколу аб адміністратыўным правапарушэнні: яму не зачыталі яго правы, не даслалі копіі пратакола па пошце.
Гамяльчук прадэманстраваў у судзе фатаздымкі з хрысціянскага пахавання з удзелам Лукашэнкі і беларускага метрапаліту, дзе на труне ляжыць бчб-стужка і заўважыў, што кіраўніка Беларусі не прыцягваюць да адказнасці за несанкцыянаваны пікет.

“Чаму Лукашэнку не прыцягваюць да адказнасці за несанкцыянаваным пікет разам з царкоўнікам, які апрануты ў царкоўнае аддзене з бчб колерамі?, – паставіў перад суддзёй рытарычнае пытанне сп. Міхаіл”.
Падчас працэсу Міхаіл Русак віны не прызнаў, але апеляцыю падаваць не збіраецца, бо не бачыць у ёй сэнсу.
“Гэты суд раённы падпарадкоўваецца аднаму чалавеку, – каментуе Міхаіл рашэнне суду, – які з дапамогай ваенных захапіў уладў. Ён можа ладзіць пікеты несанкцыянаваныя. Наконт штрафу, я не хачу, каб нават мая капейка ішла на такія суды і на такое кіраўніцтва, – кажа Міхаіл Русак. – Хай вылічваюць з пенсіі”.
Сп. Русак быў вымушаны зняць аркуш паперы з крыжом, за які яго прыцягнулі да адказнасці і павесіў новы, дзе на белай паперы чырвонымі літарамі напісаў “Ісус Хрыстос”.