«Экстрэмісцкай арганізацыяй» прызналі выдавецтва каталіцкай сям’і, якое выдавала ў тым ліку рэлігійную літаратуру
Эканамічны суд Мінска 10 чэрвеня прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» выдавецтва «Тэхналогія» — адно з вядомых прыватных выдавецтваў Беларусі. Яго дырэктар Вацлаў Багдановіч і яго жонка Алена — каталікі. Вясной 2026 года рэпрэсіі закранулі ўсю сям’ю Багдановічаў: затрымлівалі самога Вацлава, Алену і іх дачок Антаніну і Вікторыю. Багдановіча прызнавалі палітвязнем, пазней яго вызвалілі.
«Тэхналогія» спецыялізавалася найперш на беларускамоўнай літаратуры і выдавала ў тым ліку кнігі хрысціянскай тэматыкі. Сярод іх — сабраная пад адной вокладкай «Біблія» Францішка Скарыны з тэкстамі яго выданняў 1517–1525 гадоў, «Дзённікі» блаславёнага каталіцкага святара Міхала Сапоцькі — заснавальніка Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці Ісуса Хрыста і інш.
Ціск на «Тэхналогію» працягваецца ўжо не першы месяц. У лютым 2026 года выдавецтва паведаміла пра прыпыненне працы, а ў сакавіку КДБ назваў Вацлава Багдановіча сярод людзей, нібыта звязаных з «экстрэмісцкім фарміраваннем» — «кааліцыяй выдавецтваў». Цяпер «экстрэмісцкай арганізацыяй» прызналі ўжо і само выдавецтва.






