Дзень памяці забойства палітвязня
Сёння Каталіцкі Касцёл згадвае забойства Яна Хрысціцеля — апошняга прарока Старога Запавету. Забойства палітычнае.
Евангеллі наўпрост кажуць, за што пацярпеў прадвеснік Езуса Хрыста – за тое, што крытыкаваў мясцовага сіняпалага каралька Ірада, які адняў жонку ў свайго брата. “Ян казаў яму: нельга табе мець яе” (Мц 14:4) або “Ян казаў Іраду: нельга табе мець жонку брата твайго” (Мк 6:18).
То бок, Ірад парушыў габрэйскі закон і мараль, за што яго крытыкаваў народны лідар і прарок Ян Хрысціцель. Каралёк “хацеў яго забіць, але пабаяўся народу”, і таму пасадзіў у вязніцу. А пасля пад уплывам дачкі сваёй новай жонкі ўсё ж забіў яго. Дадатковыя падрабязнасці пра прычыны забойства дадае габрэйскі гісторык-сучаснік евангельскіх падзеяў Язэп Флавій:
«Ірад забіў гэтага праведнага чалавека, які пераконваў юдэяў весці дабрадзейны лад жыцця, быць справядлівымі адно да аднаго, сілкаваць набожнае пачуццё да Прадвечнага і збірацца для абмывання. <…> Так як многія сцякаліся да прапаведніка, вучэнне якога ўзвышала іх душы, Ірад стаў пабойвацца, каб яго вялікі ўплыў на масу (цалкам падпарадкаваць яму) не павяло да якіх-небудзь ускладненняў. Таму тэтрарх палічыў за лепшае папярэдзіць гэта, схапіўшы Яна і пакараўшы смерцю яго раней, чым давялося б раскаяцца, калі будзе ўжо позна».
Тут мы бачым, што Ірад не проста арыштаваў Яна за крытыку, але і наўпрост бачыў у ім палітычнага суперніка, які мог бы ўзняць паўстанне супраць няправеднага караля.
Кажучы сучаснай мовай, Ян Хрысціцель – гэта вязень сумлення, які быў незаконна арыштаваны за публічную крытыку дзейнага рэжыму, які, асцерагаючыся народнай рэвалюцыі, учыніў па-засудовую расправу над палітвязнем.
Нічога не нагадвае?