Дар’я Ахламёнак. Не забуду, але прабачу
У пачатку жніўня я была далёка ад Мінска і за ўсім, што адбывалася ў першыя дні пасля выбараў, сачыла па інтэрнэце. Я намагалася неяк усё ўзважваць, аналізаваць, тлумачыць сабе падзеі, каб захаваць цвярозасць розуму, але гэта быў падман. У верасні, калі я ўжо вярнулася з адпачынку ў сталіцу, здарылася тое, што дапамагло мне прачнуцца.
Было 9 верасня, я сядзела ў офісе і чытала заяву лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, апошняга члена прэзідыума Кардынацыйнай рады, якая засталася на волі. Яна заканчвалася словамі: «Вось зноў хтосьці незнаёмы звоніць у дзверы…». Ты чытаеш, хвалюешся, але ўсё роўна гэта адбываецца недзе далёка. Страшна, несправядліва, але далёка.
Праз некаторы час, кінуўшы позірк на паркоўку, што віднеецца з акна, я ўбачыла міліцэйскую машыну, а ў ёй — двух міліцыянтаў у балаклавах. Сорамна, але толькі тады я даведалася, што дзверы, у якія званілі Святлане Алексіевіч, знаходзяцца ў доме насупраць майго акна, за нейкіх дзвесце метраў. Аказваецца, што гэтае «страшна», «жудасна», «несправядліва» было не далёка, а вось тут, за акном, зусім побач. Роўна месяц я не плакала, роўна месяц мне спатрэбіўся, каб усвядоміць, што мне вельмі страшна. Дзявятага верасня гэта адбылося ўпершыню — я рыдала, перапоўненая страхам і гневам ад несправядлівасці, ад таго, што за свае 29 гадоў стала паслухмянай часткаю сістэмы, пабудаванай на страху, дзе не паважаецца мая свабода і маё меркаванне, дзе не вераць, што я ці любы іншы чалавек можа рабіць здаровыя і лагічныя высновы без «лялькавода».
Я слабая. Мяне моцна напужаў адзін толькі выгляд міліцыянтаў, якія, нібы на страшэннага злодзея, выйшлі «паляваць» на адзіную ў нашай краіне лаўрэатку прэміі Нобеля ў галіне літаратуры. Што ж я тады магу сказаць людзям, якіх катавалі, якім выдаўлівалі вочы і гвалцілі дубінкамі? Дзе яны цяпер? Як выглядае іх жыццё, зняважанае, пазбаўленае годнасці, маленькае жыццё? Такое сапраўды немагчыма забыць і цяжка прабачыць, і таму лозунгі «Не забудзем! Не прабачым!» па-чалавечы гучаць абсалютна справядліва. Больш за тое, стратэгічна сёння павінны гучаць словы, якія маюць моц. Беларусы мірныя, але яны будуць адстойваць сваю годнасць. З хрысціянскага ж пункту гледжання маніфестацыі непрабачэння, канешне, выклікаюць пытанні, але скажу шчыра: мне цяжка паверыць, што шматтысячны натоўп людзей з усмешкамі на тварах нясе ў сабе нянавісць і непрабачэнне. Мне цяжка паверыць, што беларусы, творчасцю і гумарам якіх апошнія месяцы захапляецца ўвесь свет, не перакрочаць аднойчы свой гнеў, і трэба адзначыць — гнеў справядлівы. Я не паверу, што яны жадаюць да канца свайго жыцця ўзрошчваць у сабе пагарду і нянавісць да крыўдзіцеля і агрэсара. Мне здаецца, за гэтымі словамі крыецца нешта іншае, на мой погляд, вельмі хрысціянскае.
1. «Не прабачым!» як сімвал поўнай страты даверу.
Калі нас крыўдзяць, а мы робім выгляд, што нічога дрэннага не сталася, каб не было ячшэ горш, гэта не па-хрысціянску. Зло трэба называць злом. Толькі тады ў нас ёсць магчымасць вызначыць свае межы, паказаць, што з намі нельга так абыходзіцца, а ў крыўдзіцеля з’явіцца шанец выправіцца. Калі ён просіць прабачэння, нам лягчэй дараваць, але гэта не азначае, што ўсё раптам стане гэтак, як было раней: давер быў парушаны.
2. «Не прабачым!» як заява нязгоды з уласнай пасіўнай пазіцыяй.
Цяперашні час — гэта перыяд адмаўлення ад уласцівага нам сіндрому вывучанай бездапаможнасці. Успомнім прыпавесць пра ўдаву, якая хадзіла да несправядлівага суддзі і не давала яму спакою, патрабуючы, каб ён абараніў яе ад праціўніка. Удава ведала, які абавязак мае суддзя, і патрабавала для сябе належнага. Мы ж як народ толькі цяпер зноў пачынаем усведамляць, што маем права патрабаваць для сябе належнага ад дзяржавы, якая ў адносінах да нас як грамадзянаў, як падаткаплацельшчыкаў, як проста людзей, такіх жа стварэнняў, мае абавязкі. І ў якой няпраўдзе жывуць тыя, хто кажа: «Калі б не выходзілі, не былі б бітыя»! Тады і Хрыстус, калі б не казаў праўду, не быў бы ўкрыжаваны. Але на дакоры Пятра адносна прароцтва аб сваёй смерці Езус адказвае: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае».
3. «Не прабачым!» як жаданне і рашучае патрабаванне справядлівасці, якая проста павінна ўсталявацца.
І вось мы наблізіліся, на мой погляд, да кораня праблемы і гэтага самага «непрабачэння». Высветлілася, што прававой справядлівасці на сённяшні дзень проста няма. Беларускія праваабаронцы задакументавалі 450 фактаў катавання і жорсткага абыходжання з людзьмі. Ёсть загінуўшыя, пакалечаныя, прапаўшыя без вестак, але мы не ведаем ні пра адну крымінальную справу. У мінскія двары прыязджаюць людзі ў масках і ўпэўнена затрымліваюць тых, хто просіць іх проста прадставіцца, паказаць хоць нейкі дакумент. Як жа хутка нас прывучылі да таго, што «гэта ж міліцыя» ці прадстаўнікі іншых сілавых структураў…
З катэхезаў мы памятаем, што адной з умоваў добрай споведзі з’яўляецца шчыры жаль за грахі. Калі я не шкадую, калі не лічу, што зрабіла дрэнны ўчынак, споведзь будзе несапраўднаю і мае грахі не будуць прабачаныя. Што ж адбываецца ў такой сітуацыі на ўзроўні «чалавек—чалавек»? Думаю, добрым прыкладам для нас можа быць Ян Павел ІІ, які пасля замаху на яго ў 1981 годзе прыйшоў у вязніцу да свайго крыўдзіцеля і сказаў, што прабачае яму. Пантыфік не папрасіў вызваліць мужчыну з вязніцы, бо зло трэба называць злом і той, хто яго здзяйсняе, павінен несці за яго адказнасць. Для мяне прабачэнне, асабліва калі з боку агрэсара няма раскаяння, — гэта ўсведамленне таго, што чалавек не ведае, што робіць, нават калі і думае, што ведае. Гэтаму нас вучыць Хрыстус укрыжаваны, пакорны Баранак, што моліцца да Айца за сваіх мучыцеляў. І такое прабачэнне-усведамленне патрэбна найперш мне, а не майму крыўдзіцелю. Астатняе будзе вырашаць Бог.
Імкненне да сацыяльнай, палітычнай, эканамічнай, прававой справядлівасці — гэта маё законнае права як грамадзянкі. Праяўленне справядлівага гневу, нязгоды, уласнага меркавання — гэта маё законнае права як чалавека. Мой абавязак як асобы — не забыць усяго, што давялося перажыць майму народу. Прабачэнне ж — гэта для мяне як хрысціянкі Божая ласка. І трэба шукаць яго ў Богу, не змушаючы сябе прабачыць неадкладна, хутка, але прынамсі прасіць Яго аб жаданні шчырага прабачэння, нават калі сэрца сапраўды раз’ядаюць нянавісць і жаданне не проста справядлівасці, але помсты.
Дар’я Ахламёнак
Ілюстрацыя: Рэмбрандт, «Каменаванне святога Стэфана». 1625 г.