“Чалавек, які будаваў цэрквы для ўсёй Беларусі”. Што распавёў знаёмы асуджанага дойліда Алега Кінева

Пасля публікацыі «Нашай Нівы» пра прысуд будаўніку цэркваў з Бярозаўскага раёна з «Хрысціянскай візіяй» звязаўся чалавек, які асабіста быў знаёмы з Алегам Кіневым і пацвердзіў — ён сапраўды быў веруючым і адданым праваслаўнай культуры чалавекам.
«Я гэтага Алега добра ведаў, — расказаў суразмоўца. — Ён з брыгадай нам у Церашковічах купалы на новай царкве ставіў. Потым яшчэ доўга перапісваліся. І вось цяпер такое…»
Паводле яго, Алег Кінеў не проста займаўся рамяством — для яго праца была формай служэння.
«Ён быў вельмі пранікнуты праваслаўнай культурай. Апошні раз сустракаліся ў Мінску, яшчэ ў 2015 годзе. Ён падарыў мне дыск са спевамі Дзіўны Любаевіч, які яна яму асабіста перадала, калі прыязджала ў Елізавецінскі манастыр, дзе ён працаваў. Ён быў у поўным захапленні ад яе голасу».
Знаёмы Алега адзначае, што дойлід зрабіў шмат для цэркваў Беларусі, асабліва ў Гомельскай епархіі:
«Здаецца, яму нават грамату епіскап Стэфан уручаў на асвячэнні царквы. Ён уклаў душу ў сваю справу».
Суразмоўца падзяліўся таксама архіўнымі здымкамі з асвячэння крыжа на купал — менавіта брыгада Алега займалася мантажом.
«Тады яшчэ будучы епіскап Амвросій (Шаўцоў) асвячаў крыж. Алег усё рабіў з вялікай пашанай — як для Бога, не для ўлады».
Раней «Наша Ніва» паведамляла, што 56-гадовага Алега Кінева асудзілі па чатырох палітычных артыкулах. Ён застаецца за кратамі, а дакладныя дэталі абвінавачання невядомыя.
Фота: Асвячэнне крыжа ў дзень памяці Антонія Вялікага, 2013 год

