Былы сакратар нунцыятуры ў Беларусі стаў біскупам

19-га лютага Філіпа Чампанэлі прыняў біскупскае пасвечанне ў Рыме з рук кардынала Клаўдыё Гуджэроці. Чампанэлі працаваў у Беларусі ў 2011-2014 гг.
У мерапрыемстве ў базыліцы святога Пятра ў Рыме прыняла ўдзел і беларуская дэлегацыя. Канферэнцыю Каталіцкіх біскупаў прадстаўлялі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Біскуп Філіпа Чампанэлі, згадваючы ўсе месцы свайго служэння, прыгадаў таксама Беларусь. Трэба адзначыць, што іерарх выкарыстаў міжнародную назву Belarus, а не італьянскую форму Bielorussia. “Вялікі дзякуй” прагучала таксама падчас падзякі на ўсіх мовах краінаў, у якіх ён служыў.
Філіпа Чампанэлі быў сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ў 2011-2014 гг. Папярэдне, з 2009 па 2011 год, на гэтай жа пасадзе працаваў у нунцыятуры ў Грузіі, Арменіі і Азербайджане. Апостальскім нунцыем у гэтых краінах у той час быў кардынал Клаўдыё Гуджэроці, цяперашні прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў. Пасля завяршэння місіі ў Беларусі, Чампанэлі працаваў у Секцыі па агульных справах Дзяржаўнага сакратарату Апостальскай Сталіцы.