Брацтва Віленскіх мучанікаў высказала сваё меркаванне наконт духоўнага гімна «Магутны Божа»
З нагоды абмеркавання ўжывання духоўнага гімна «Магутны Божа» ў храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы братчыкі лічаць патрэбным выказаць і сваю пазіцыю.
У шырокіх колах беларускага грамадства на працягу многіх дзесяцігоддзяў склалася трывалая традыцыя выканання спеву “Магутны Божа” як духоўнага гімна Беларусі. Словы гэтай песні прасякнуты шчырай любоўю да нашай Бацькаўшчыны і глыбокім перажыванем за лёс нашага народа, якія выліваюцца ў сардэчную малітву да Госпада. Гімн “Магутны Божа” ўключаны ў рэпертуар дзяржаўных акадэмічных і камерных хароў Рэспублікі Беларусь, і нярэдка людзі слухаюць яго стоячы, са слязьмі на вачах.
У многіх праваслаўных храмах Беларусі гэты спеў выконваецца і ў якасці запрычаснага песнапення, і пад час духоўна-асветніцкіх мерапрыемстваў, яго спяваюць праваслаўныя беларусы Амерыкі, Канады, Англіі і Аўстраліі. І заўсёды, дзе б ён не выконваўся, ён выклікае душэўны ўздым, з’ядноўвае людзей любоўю да Радзімы.
Безумоўна, ёсць вернікі, якія бачаць у беларускім, народным нешта варожае. Але наша Брацтва на працягу ўсёй сваёй дзейнасці сведчыць і імкнецца растлумачыць такім прыхаджанам, што мова — гэта дар Божы, і гэты дар павінен служыць праслаўленню Госпада.
Заклікаем усіх вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, усіх хрысціян, да любові і шчырай малітвы. З надзеяй спадзяемся на з’яднанне вакол нашых святых, а таксама святыняў, сярод якіх багата ўзораў нематэрыяльнай спадчыны беларускага народу. Шчыра верым, што традыцыя выканання спеву “Магутны Божа” будзе доўжыцца і надалей, яднаючы людзей у шчырай малітве за Беларускі народ.
Крыніца: Старонка Брацтва ў Фэйсбуку