Біскуп Юрый Касабуцкі: Езуса пакаралі смерцю, бо хтосьці адчуў страх згубіць сваю ўладу
Тыдзень таму мы радасна адзначылі ўрачыстасць уваскрасення Хрыста.
Мы разважалі пра апошнія дні жыцця Божага Сына на зямлі.
Узгадвалі, як Езуса Хрыста прадаў Іуда Іскарыёт і паказаў жаўнерам, каго яны павінны арыштаваць…
Разважалі мы пра тое, як над Збаўцам здекваліся жаўнеры ў вязніцы, наккінушы на Яго чырвоны плашч і цярновы вянец, білі Яго па галаве і смяяліся з яго…
Суд, на якім выступілі фальшывыя сведкі… Нават Пілат умыў рукі, бо бачыў, што адбываецца, і не хацеў у гэтым удзельнічаць…
Прыгавор… Ці ж Езус Хрыстус заслугоўваў на смяротнае пакаранне?… Толькі за тое, што камусьці не падабалася Яго вучэнне?…Толькі за тое, што хтосьці адчуваў у сумленні свае грахі і хацеў заглушыць у сабе гэты голас?… Толькі таму, што хтосьці адчуў страх згубіць сваю ўладу і ўплыў на людзей?… Толькі за тое, што Хрыстос адкрыта зло называў злом, а дабро дабром, і гэта не супадала з афіцыйнай ідэалогіяй тагачасных габрэяў?… Прычын было шмат, але ці была хоць адна аб’ектыўная?….
(Прайшло дзве тысячы гадоў… А ад той пары амаль нічога не змянілася, чалавек адчувае тое самае…)
Укрыжаванне…. Смерць… Магіла… Здавалася, што канец, ўсё скончылася… Аднак Бог паказаў, што ў такіх сітуацыях нельга падаць духам…
Слаўнае ўваскрасенне… Перамога над смерцю і злом…
У нядзелю пасля Пасхі мы адзначаем свята Божай Міласэрнасці. Хрыстос, які сваім уваскрасеннем перамог смерць, паказвае свету бязмежную любоў Бога да чалавека. Бог заўсёды гатовы прабачыць нам нашыя грахі, якімі б цяжкімі яны не былі б… Толькі нашае пакаянне, навяртанне і жаданне больш не грашыць…
Молімся за ўсіх, каму найбольш патрэбна Божая Міласэрнасць… Асабліва молімся за нашу родную Беларусь і шчаслівую будучыню для нас усіх… Асабліва молімся за тых, хто так, як Хрыстос, перажывае сёння моцныя выпрабаванні…
Хрыстос уваскрос!!!!!!!!