Біскуп Казімір Велікаселец абмеркаваў са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама надзённыя пытанні Касцёла на Магілёўшчыне

22 лютага адбылася сустрэча Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам.

У сустрэчы, на якой абмяркоўваліся кірункі ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і Касцёлам, узяў удзел таксама Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Як паведаміў афіцыйны партал Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту mogilev-region.gov.by, кіраўнік рэгіёну падкрэсліў, што ў Магілёўскай вобласці няма непаразуменняў паміж канфесіямі і ўнутры іх, а агульная задача ўлады і Царквы — аб’ядноўваць людзей, спрыяць таму, каб беларусы жылі мірна. Працягваючы тэму, біскуп Казімір Велікаселец дадаў, што ёсць і агульная мэта — служыць народу.

Падчас сустрэчы дэтальна абмяркоўвалася тэма статусу магілёўскага катэдральнага касцёла ў плоскасці перадачы яго парафіянам у бязвыплатнае карыстанне. Акрамя таго, уздымалася пытанне далейшага лёсу прыбудовы да касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску і інш.

Па выніках размовы біскуп Казімір Велікаселец выказаў задаволенасць абмеркаваннем, адзначыўшы, што працуе ў Беларусі даўно і заўсёды знаходзіў агульную мову з выканаўчай уладай.

catholic.by