Біскуп Ахена падзякаваў Калеснікавай: «Я магу толькі захапляцца»
Падчас уручэння Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага ў Ахене Марыя Калеснікава сустрэлася з рымска-каталіцкім біскупам горада Гельмутам Дызерам.
У размове біскуп выказаў ёй падзяку і падкрэсліў, што яе выбар застацца ў Беларусі, нягледзячы на рызыку турмы, — учынак, які дае іншым людзям мужнасць. Ён адзначыў, што Калеснікава «не ўцякла і не з’ехала», а засталася ў краіне і прыняла зняволенне, каб паказаць: рэжым не мае рацыю.
Калеснікава ў адказ гаварыла пра любоў і падтрымку, якую атрымала ад сям’і з дзяцінства, ад сяброў і калег, а таксама пра салідарнасць, якую з цягам часу асабліва адчула. Яна дадала, што дыпламатыя і дыпламатычныя ініцыятывы важныя як спосаб камунікацыі, каб пазбягаць вялікіх праблем і знаходзіць новыя рашэнні — нават калі здаецца, што іх няма.
Відэа: Bistum Aachen / Christian van’t Hoen






