Беларускія каталікі пра Антэ Ёзіча: «адзін з найлепшых нунцыяў якія працавалі ў Беларусі» ці «найлепшы нунцый для Лукашэнкі»?
Першае меркаванне ў сваім фэйсбуку выказаў каталіцкі актывіст Арцём Ткачук. А аўтар каталіцкага канала, прызнанага экстрэмісцкім, Słuchać hadko! схіляецца да супрацьлеглага меркавання:
Лукашэнка заявіў, што будзе “задаволены, калі новы пасланнік Папы Рымскага будзе такі, як Ёзіч”. І ў гэтым планё Ёзіч сапраўды быў вельмі зручным для рэжыму. Пакуль Касцёл у Беларусі публічна заступаўся за праўду, справядлівасць і жыццё, харват Ёзіч піў з уладамі шампанскае і выступаў ад імя беларусаў-каталікоў па БТ. Замену такому нунцыю сапраўды будзе цяжка знайсці.
Першае меркаванне не надта папулярнае – многія сапраўды чакалі ад Ватыкана больш выразнай маральнай пазіцыі ва ўмовах палітычнага крызіса. А Антэ Ёзіч з’явіўся ў Беларусі ў вострую фазу крызісу легітымнасці Лукашэнкі – і стаў першым заходнім амбасадарам, які ўручыў дыктатару даверчыя лісты. Ён таксама выклікаў хвалю абурэння вядомым відэа, дзе чаркаецца з Лукашэнкам шампанскім – і гэта на фоне беспрэцэдэнтага гвалту, беззаконня і рэпрэсій, якія закранулі Беларусь.
«Хрысціянская візія» паслядоўна крытыкавала і палітыку Ватыкана ў дачыненні да Беларусі ў цэлым, і асобныя дзеянні ці бяздзеянні ягонага прадстаўніка ў Беларусі. Не заўсёды мы былі задаволеныя і зваротной сувяззю, якую атрымлівалі з нунцыятуры.
Цяпер жа, калі кадэнцыя амбасадара падыйшла да сканчэння, прыйшоў час паглядзець на дзейнасць Антэ Ёзіча ў Беларусі іншымі вачыма.
Успомніць, што ён змог наведаць палітзняволеную Вольгу Залатар. Сёння таксама стала вядома пра вызваленне па памілаванні хворага чацвёртай стадыяй анкалагічнага захворвання Паўла Кучынскага, каталіка з Маладэчна, а таксама шэрага іншых людзей, якія былі ў гуманітарным спісе, па якім працаваў, дамагаючыся вызвалення, Ватыкан.
Арцём Ткачук піша:
Арцыбіскуп прыехаў у Беларусь у вельмі гарачы перыяд. Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь і ён быў выгнанцам, мірныя пратэсты адбываліся ў “нядзельным” фармаце, а рэпрэсіі набіралі абароты. Відавочна што на пачатковым этапе яму трэба было разабрацца ў сітуацыі каб намацаць новую рэчаіснасць якая чакала беларускі Касцёл.
Падаецца, што нунцый змог супакоіць улады і абнізіць парог сістэмнага ціску на Касцёл. Разам з гэтым супакойваючы эмоцыі мясцовых каталікоў, ён падштурхоўваў іх да працягу “звычайнай” місіі — назавем гэта рэлігійнай дзейнасцю якая не напружвае ўлады. У 21-22 гг. пачалі аднаўляцца пілігрымкі, фестывалі і фокус Касцёла сканцэнтраваны на грамадска-палітычнай сітуацыі ў 20-21 гг. паступова пашыраўся на іншыя сферы жыцця.
Пасля 4 гадоў працыі нунцыя Ёзіча, святароў, ужо не кажучы пра свецкіх католікаў і проста людзей добрай волі, працягваюць арыштоўваць, саджаць, выклікаць на прафілактычныя гутаркі і банальна тэрарызаваць. Усё гэта толькі сведчыць, што Касцёл застаецца нязручнай структурай для ўладаў, а значыць аўтаномнай. На выпаленым полі грамадскіх арганізацый, Касцёлу застаецца стаяць і трымаць удар.
Не сакрэт што ўвесь час нунцый працаваў па тэме палітвязняў, гуманітарным спісе. Напрыканцы яго кадэнцыі людзей пачалі выпускаць, аднак усе дэталі застануцца для архіваў. Гэтаксама як і шэраг іншых пытанняў — персанальных, арганізацыйных, культурніцкіх — пра якія, на жаль, не шмат можна сказаць публічна.
Адной рэчы мне асабіста не хапіла ў нунцыі. Нейкай сардэчнасці да людзей, сімвалаў ці жэстаў. Тое, ва што ўмеў калісьці нунцый Гуджэроцці — вышыванку апрануць ці прытуліць бабуляў перад Імшой. Нашым людзям так не хапае сардэчных кіраўнікоў, а ад нунцыя заўжды чакаюць нейкі прамень дабрыні.
У любым выпадку жэсты застаюцца жэстамі, але без учынкаў усё гэта мёртвае. Нунцый адпрацаваў 4 гады ва ўмовах “спаленай вёскі” — патушыць усё было немагчыма. Трэба было ратаваць тое, што можна было ўратаваць. І рыхтавацца ды існавання ў новых умовах. Не з перагорнутай старонкі. А працягваць пісаць на той самай.