Беларускі праваслаўны святар: з царквы сыходзяць прыхаджане, святары знаходзяцца пад ціскам і шукаюць большай незалежнасці
Святар аднаго з мінскіх прыходаў, вядомы «Хрысціянскай візіі», даслаў у рэдакцыю свае назіранні за тым, што адбываецца на ягоным прыходзе ў сувязі з падзеямі апошніх трох гадоў: пандэмія, палітычны крызіс, вайна ва Украіне. Публікуецца на ўмовах ананімнасці.
Падзеі апошніх трох гадоў моцна адбіліся на царкоўным жыцці Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ніхто не будзе спрачацца, што за гэты час беларускае пост-савецкае грамадства змянілася ў цэлым, але і Праваслаўная Царква істотна змялілася. Як і ва ўсім грамадстве, у праваслаўнай царкве ёсць вельмі розныя погляды на падзеі, якія адбываюцца навокал. Але ёсць і канкрэтныя факты: значнае змяншэнне колькасці прыхаджанаў, прынамсі на частцы прыходаў, крызіс і ціск, з якім сутыкаюцца святары.
Я — святар і служу на адным з перыферыйных прыходаў г. Мінска, і ў гэтым артыкуле я хачу расказаць на прыкладзе свайго прыхода, а таксама са сваіх стасункаў з маімі калегамі-святарамі, як падзеі апошніх трох гадоў у царкве і грамадстве паўплывалі на прыходскае жыццё і служэнне.
Пандэмія каранавіруса: непаслядоўнасць у выкананні санітарных нормаў
У дапандэмійныя часы мой прыход у адным са “спальных” мікрараёнаў горада быў даволі моцны. На святы і на нядзельныя службы набіраўся поўны храм народу. Прыходзілі як прыхаджане старэйшага ўзросту, так і бацькі з малымі дзецьмі. Было некалькі шматдзетных сямей. Была і невялічкая колькасць моладзі.
2020 год пачынаўся, як звычайна, пакуль не пачалася пандэмія каранавіруса — акурат у самым пачатак Вялікага посту, калі храмы наведваюць асабліва шмат прыхаджанаў. На той момант кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы выдала рэкамендацыі па санітарных нормах. Але ў розных прыходах да гэтых рэкамендацый паставіліся па-рознаму. Што тычыцца гэтага прыхода, то тут выконваліся толькі самыя элементарныя санітарныя нормы – на храме павесілі шыльды з рэкамендацыяй насіць маскі і трымаць сацыяльную дыстанцыю. Было рэкамендавана па магчымасці ўстрымлівацца ад наведвання храма. Акрамя таго, дэзынфекаваліся іконы на цэнтральным аналоі, крыж і евангелле падчас споведзі, ілжыцы падчас прычасця. Таксама перасталі даваць запіўку. Хто лічыў патрэбным, апранаў медыцынскую маску, а хтосьці – і медыцынскія пальчаткі. Спачатку, перасталі рабіць памазванні на паліелеі, потым сталі рабіць, але аднаразовымі палачкамі, і толькі на вялікія святы. Таінства Саборвання ўсё ж вырашылі праводзіць, але таксама выкарыстоўваліся ватныя палачкі. Дарэчы, ужо на саборванні стала заўважна, што прыйшло значна меней народу, чым да гэтага, нягледзячы на тое, што гэта вельмі папулярнае таінства.
І ўвогуле людзей пачало станавіцца заўважна менш. Частка пажылых прыхаджанаў сыйшла на карантын – яны вярнуліся напрыканцы году. Сем’і з дзецьмі прыходзілі і далей. Шэраг прыхаджанаў старэйшага веку за гэты час памерлі.
Цікава, што ў паводзінах вышэйшага кіраўніцтва БПЦ назіралася непаслядоўнасць. З аднаго боку, былі выдадзеныя рэкамендацыі да выканання санітарных нормаў, а з іншага боку, на практыцы гэтыя нормы выконваліся не заўсёды самім кіраўніцтвам. Гэта не кажучы пра тое, што некаторыя святары занялі актыўную кавід-дысыдэнцкую пазіцыю (напрыклад, духаўнік Свята-Елізавецінскага манастыра), і на іх ніхто не аказваў ніякага ўздзеяння. Больш за тое, манахіні і сёстры з сястрыцтва пры манастыры пачалі распаўсюджваць інфармацыю пра шкоднасць прышчэпак ад кавіду. І ніякія рацыянальныя аргументы на іх не ўздзейнічалі. Думаю, што гэта ўнясло свае раздзяленні ў асяроддзе праваслаўных вернікаў. Усе падзяліліся на прыхільнікаў і праціўнікаў выканання санітарных нормаў. Здаецца, дробязь. Аднак, кавід-дысыдэнты паводзілі сябе вельмі шумна і магло скласціся ўражанне, што іх – большасць. Так гэта ці не – цяжка сказаць. Але, некаторую частку прыхаджанаў гэта ад Царквы адвярнула. Акрамя таго, калі на ўзроўні Маскоўскай Патрыярхіі было рекамендавана ўстрымацца ад наведвання набажэнстваў, частка людзей перастала хадзіць у царкву, а потым яны проста не вярнуліся.
Палітычны крызіс у Беларусі: нейтральнасць як фактычная падтрымка рэжыму
З пачаткам палітычнага крызісу ў нашай краіне кіраўніцтва прыхода заняло нейтральную пазіцыю. Настаяцель вырашыў, што сярод прыхаджанаў ёсць людзі розных поглядаў, і аддаваць пераважнасць камусьці з іх – гэта значыць зняважыць іншых. Тым больш, што і кіраўніцтва епархіі – і прэс-служба, і сам мітрапаліт Павел, а за ім – і мітрапаліт Веніямін, казалі пра неабходнасць не дапускаць раздзяленняў сярод людзей. Прыхаджане скардзіліся святарам на праблемы ў сем’ях. Скардзіліся, што згубілі ўзаемапаразуменне са сваімі блізкімі. Нажаль, дапамагчы пераадолець гэтую праблему ім ніхто не мог.
Акрамя таго, частка людзей расчаравалася з-за пазіцыі кіраўніцтва БПЦ. Як ужо было сказана, мітрапаліт Веніямін, адразу пасля свайго прызначэння на Мінскую кафедру, заяўляў пра сваю нейтральнасць. Але потым сваімі дзеяннямі ён паказаў, што ён цалкам на баку ўладаў. Гэта не магло прайсці незаўважаным, асабліва на фоне каталіцкай царквы, іерархі якой больш яскрава выказалі салідарнасць з пратэстоўцамі. І ў народзе скалался ўражанне, што БПЦ апынулася на баку ўладаў, а Каталіцкая Царква – на баку пратэстоўцаў. Таму апазіцыйна настроеныя людзі пачалі пераходзіць у каталіцтва, ці, прынамсі, дэклараваць свой сыход з Праваслаўнай Царквы. Нават, заявы і дзеянні асобных святароў, якія імкнуліся неяк падтрымаць пацярпелых ад дзеяў міліцыі, памаліцца за загінулага на “плошчы Пераменаў” Рамана Бандарэнку, не здолелі паўплываць на настроі сярод гэтых людзей. Некаторыя, нават, тэлефанавалі ў епархіяльнае ўпраўленне з пытаннем, як можна выйсці з Праваслаўнай Царквы. Так Праваслаўная Царква згубіла яшчэ частку прыхажанаў.
Вайна ва Ўкраіне: “рускі мір” і падтрымка вайны
Напачатку 2022 года, калі, здаецца пандэмія пачала адступаць, а палітычны крызіс ужо даўно згубіў сваю вастрыню, з’явілася новая праблема – ваенныя дзеянні ва Украіне. Аказалася, што шмат хто з прыхаджанаў гэтага храма мае сваякоў у суседняй дзяржаве. Гэтыя прыхаджане былі разгубленыя, і баяліся за лёс сваіх блізкіх. Адразу заўважым, што ўсім, ці, прынамсі, большасці сваякоў удалося ўратавацца ад вайны. Знайшліся на прыходзе і прыхільнікі “спецаперацыі”. Але, здаецца, іх была яўная меншасць.
Таксама, як і падчас палітычнага крызісу, кіраўніцтва прыхода не аддавала пераважнасць якому-небудзь боку ў гэтых варунках.
Што тычыцца кіраўніцтва Царквы, то шмат на гэтую тэму выказваўся Патрыярх Кірыл. Ён адназначна падтрымаў дзеянні Расійскіх уладаў. Мітрапаліт Веніямін, таксама, як і ягоная прэс-служба, на гэты конт яўна не выказаліся. Але вядомыя спікеры, якія выказвалі падтрымку беларускім дзяржаўным уладам падчас палітычнага крызісу, тут таксама занялі праўладную (чытай – прарасійскую) пазіцыю. Некаторыя са святароў і вернікаў Праваслаўнай Царквы выказавалі сваю нязгоду з вайной, але іх было мала і ўсе яны былі прыцягнутыя да адміністратыўнай (а некаторыя – і да крымінальнай) адказнасці. Гэта таксама зрабіла ўражанне, што царква маўкліва падтрымлівае “СВА”.
Такім чынам, колькасць прыхаджанаў паступова скарачалася. Па стане на верасень 2022 года колькасць тых, хто рэгулярна прыходзіць на службы зрабілася яўна меншай ў параўнанні з дапандэмійнымі часамі. Апошні ўсплёск колькасці людзей прыйшоўся на Тройцу. Пасля чаго даходы храма рэзка ўпалі, і не аднавіліся дагэтуль. Зразумела, што на даходы храма таксама ўплывае агульны эканамічны стан нашай дзяржавы, а настаяцель не падымае кошты і памеры ахвяраванняў за таінствы, бо баіцца, што менш людзей будзе прыходзіць. Акрамя таго, павышаецца епархіяльны падатак, які спрабавалі павысіць у 2020 годзе, але тады святары запратэставалі, і кіраўніцтва епархіі пайшло насустрач. Але зараз, відаць, усё ж без гэтага немагчыма.
Зараз усталявалася прыкладная колькасць пастаянных наведвальнікаў набажэнстваў. Калі да пандэміі на нядзельнай літургіі магло прычашчацца 100-150 чалавек (разам з дзецьмі), то зараз гэтая лічба вагаецца ў раёне 70-80 чалавек.
Падаецца, што большасць прыхаджанаў зрабіла свой выбар. Тыя, хто з нейкіх прычын расчараваліся ў Царкве ўвогуле, ці канкрэтна ў гэтым прыходзе, наўрад ці вернуцца.
Што думаюць пра гэтыя падзеі беларускія праваслаўныя святары?
Увогуле, немагчыма зараз убачыць поўную карціну, паколькі мы чуем галасы толькі тых, хто згодны з дзейснай уладай. Астатнія проста маўчаць, і сваё стаўленне да грамадскіх і палітычных падзей яны не выказваюць. Бо ўсе добра ведаюць, да чаго можа прывесці адкрытае выказванне нязгоды. Акрамя дзяржавы, на святароў могуць ціснуць і царкоўныя ўлады. Так склалася, што нашае царкоўнае начальства непаслушэнства афіцыйным уладам разглядае, як вялікі грэх. І ўжо ёсць прыклады таго, калі святары атрымоўвалі пакаранне ад свяшчэнначальства нават за “няправільныя” малітвы, не кажучы пра пропаведзі на “няправільныя” тэмы.
Дык чым жа жывуць звычайныя праваслаўныя святары? Паколькі ніякіх даследванняў на гэты конт не праводзілася, ды й наўрад ці яны могуць быць праведзеныя аб’ектыўна, прыходзіцца кіравацца асабістымі ўражаннямі. Вонкава ў царкве ўсё спакойна, і ніякія палітычныя тэмы ўслых амаль не агучваюцца. Святары занятыя сваімі будзённымі справамі – адпраўляюць службы, моляцца, будуюць цэрквы і г.д. Калі між святарамі і пачынаецца нейкая размова пра бягучыя падзеі, то яна звычайна хутка заканчваецца. Думаю, што большасць святароў даўно ўжо мае пэўную пазіцыю пра ўсё, што адбываецца. Тыя, хто выказваў сваю пазіцыю адкрыта – ці з’ехалі, ці патрапілі ў турму, і, адпаведна, у забарону.
Таксама, вядома, што святарства падзеленае на тых, хто жадае большай самастойнасці нашай царкве і тых, хто лічыць, што БПЦ – неад’емная частка РПЦ. Пакуль гэта ніяк не ўплывае на існую сітуацыю, але, хутчэй за ўсё, у будучыні стане праблемай. Ёсць меркаванне, што пасля змены ўлады гэтае пытанне яшчэ выйдзе на паверхню, і пачнуцца спрэчкі аб неабходнасці надаць праваслаўнай Царкве на Беларусі большай самастойнасці.
Эміграцыя: знешняя і ўнутраная
З’ехаўшыя з краіны святары шукаюць сваё месца ў новых варунках. Хтосьці пайшоў вучыцца, хтосці займаецца валатэрствам, камусьці ўдалося перавесціся ў іншую юрысдыкцыю, і яны атрымалі месца ў іншай Памеснай Царкве.
Таксама, трэба заўважыць, што некаторыя святары, якія застаюцца на радзіме, шукаюць магчымасць дадатковага заробка. Хтосьці ідзе ў сеткавы маркетынг, хтосьці у ІТ-сферу. Але, здаецца, такіх няшмат. І яны разглядаюць гэта менавіта як дадатковы заробак, а не як спробу сыйсці з царквы.
Таксама, ёсць уражанне, што беларускае святарства больш адкрытае свету, чым іх расійскія браты. Напрыклад, нягледзячы ні на якія складанасці, у Варшаўскай Хрысціянскай Багаслоўскай Акадэміі ўсё яшчэ вучацца праваслаўныя святары з Беларусі. Таксама, вядома, што шмат беларускіх святароў сімпатызуюць праваслаўным з розных краін свету.
Вось прыкладана так выглядае сённяшняя БПЦ на ўзроўні шэраговых святароў.
Безумоўна, большасць святароў адчувае на сябе ціск царкоўных і свецкіх уладаў. Але, тут трэба адзначыць, што будучых святароў яшчэ ў семінарыях прывучаюць да паслушэнства. Калі чалавек, які трапіў у гэтую сістэму, мае надта незалежны характар, пачынае спрачацца з начальствам, то яго царкоўная кар’ера становіцца немагчымай. Таму, святары, калі нават з чымсьці і нязгодныя, вельмі рэдка выступаюць супраць епархіяльных ці дзяржаўных уладаў.
Але і з іншага боку, адсутнасць любых праяваў незадаволенасці не азначае сапраўднай лаяльнасці. Многія святары, якія ніяк сябе ў гэтым сэнсе не праяўляюць адкрыта, займаюцца падпольным супрацівам ці проста жывуць з фігай у кішэні.