БДУ звальняе вядомага выкладчыка кафедры класічнай філалогіі, кандыдата навук Ягора Прыстаўку
БДУ звальняе вядомага выкладчыка кафедры класічнай філалогіі, кандыдата навук Ягора Прыстаўку. Ён 15 год выкладаў старажытныя мовы і антычную літаратуру на філалагічным, гістарычным, юрыдычным, хімічным, біялагічным факультэтах, ФФСН і Інстытуце тэалогіі — і заўсёды па-беларуску. Пра гэта Ягор паведамляе ў сябе ў facebook:
Мяне звольнілі. Подла і моўчкі. Выклікалі ў рэктарат і далі на подпіс паперу, не працягнулі кантракт. Праз 30 дзён я беспрацоўны.
Усе пытаюць: «за што»? А са мной не размаўлялі і прычыны не тлумачылі. Дый я і сам ведаю.
Бо не маўчаў і не хаваўся ў бульбу, калі ў краіне адбываецца маральная і прававая катастрофа.
Заступіўся за студэнтак, калі іх за збор подпісаў у дворыку філфака іх арыштавалі і асудзілі. Разам з калегамі запісаў відэазварот з асуджэннем гвалту. Выказаў салідарнасць з арыштаванай Наталляй Дулінай. Даў інтэрвью Белсату і г.д.
Я люблю сваю працу.
Самыя лепшыя моманты майго жыцця звязаны з БДУ. Тут я вучыўся на вельмі рэдкай спецыяльнасці «класічная філалогія». Тут я абараніў дысертацыю пад кіраўніцтвам праф. Н.Б. Мячкоўскай. Тут я 15 гадоў выкладаў старажытныя мовы і антычную літаратуру. Я працаваў на філалагічным, гістарычным, юрыдычным, хімічным, біялагічным факультэтах, ФФСН і Інстытуце тэалогіі і ўсюды я выкладаў свае прадметы па-беларуску. Я любіў студэнтаў, і, здаецца, у нас гэта ўзаемна.
І ў нас сапраўды выдатны калектыў выкладчыкаў!
Але ўсё абставілі так, што пра звальненне не ведала нават мая загадчыца кафедры. Самае смешнае, што за тыдзень перад гэтым мяне «праводзілі па конкурсе» на пасаду дацэнта, і абсалютная большасць у таемным галасаванні падтрымала маю кандыдатуру. Але раптам, пасярод навучальнага года дацэнт, кандыдат навук універсітэту больш не патрэбны.
Я люблю сваю працу. Але болей я люблю сваю краіну. Цешыць мяне, што гэта ненадоўга. Хутка паўстане новая Беларусь і новы БДУ. Жыве!