Анкета «Хрысціянскай візіі» па выніках 2021 года. Адказы ксяндза Вячаслава Барка
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
У 2020 годзе беларускія хрысціяне «вярнуліся» ў палітыку і грамадзянскае жыццё. Ці застаецца гэта справядлівым для 2021 года, або вернікі «вярнуліся назад» у свае супольнасці?
Небывалы тэрор і рэпрэсіі з боку дзяржавы, сведкамі якіх мы сталі ў 2021 г., на жаль зрабілі немагчымым для рэлігійных арганізацый, прымаць удзел у грамадскім жыцці. Усе, ў тым ліку і Цэрквы, не могуць сёння выступіць з якой-кольвечы свабоднай ініцыятывай. Даходзіць да таго, што нават харытатыўная дапамога аказваецца выключна са згоды і прамога наказу рэжыму. Напрыклад, так было з дапамогай Карытас мігрантам на мяжы. Найперш адбылася сустрэча ў апарата ўпаўнаважанага і толькі потым ва ўсіх касцёлах Беларусі адбыўся збор ахвяраванняў.
Што для вас стала галоўнымі непрыемнаю і прыемнаю нечаканасцямі ў рэлігійна-грамадскім жыцці Беларусі ў сыходзячым годзе?
Прыемная нечаканасць — непахісная вера ў Бога і, адпаведна, ў перамогу дабра і закону хрысціянаў, прабываючых за кратамі. І аднадушная рэакцыя ККББ у абароне крыжа, спрафанаванага «Мінскай Праўдай».
Найбольш непрыемнае тое, што мы сталі сведкамі, як некаторыя прадстаўнікі цэркваў, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, часам з’яўляючыся іерархамі ды будучы на волі, дазволілі сябе ўцягнуць у брудную палітыку рэжыму і, паддаючыся маніпуляцыям, былі выкарастаныя дзяржаўнымі смі ў намаганнях апраўдаць беззаконні, якія чыніць дзяржаўная ўлада.
На вашу думку, якія найбольш важныя тэндэнцыі ў беларускай рэлігійна-грамадскай сферы працягнуцца ў 2022 годзе?
У будучым у цэрквах будуць адбывацца ўнутраныя працэсы скіраваныя на пошукі сваёй тоеснасці і месца ў грамадстве, ў якім кіруе рэжым і не дзейнічае Закон. Хочацца спадзявацца, што прынамсі Каталіцкі Касцёл будзе рабіць заўважальныя спробы дыстанцыравацца ад улады, а іерархі не дазволяць выкарыстоўваць сябе ў яе легітымізацыі.