Анкета «Хрысціянскай візіі» па выніках 2021 года. Адказы аўтара канала Rerum Novarum
У 2020 годзе беларускія хрысціяне «вярнуліся» ў палітыку і грамадзянскае жыццё. Ці застаецца гэта справядлівым для 2021 года, або вернікі «вярнуліся назад» у свае супольнасці?
На жаль, у 2021 годзе многія хрысціяне апынуліся за кратамі ці ў фізічнай эміграцыі за межамі Беларусі. Падаецца, што шмат з тых, хто застаецца ў Беларусі, вымушана сышоў ва ўнутраную эміграцыю, што цалкам зразумела на тле той жудаснай хвалі рэпрэсіяў, якая не спыняецца ў краіне. Пры гэтым мы дагэтуль маем прыклады таго, як вернікі спрабуюць вярнуць нармальнасць у бягучую сітуацыю, а часам нават выказваюць сваю нязгоду з уладамі, спяваючы гімн “Магутны Божа”, асуджаючы карыкатуры, збіраючы грошы на рамонт і аднаўляючы Будслаўскі касцёл ці прыходзячы на малітву да сценаў “Новага жыцця”. Усё гэта паказвае, што сыход хрысціянаў часовы і вымушаны і пры аслабленні рэпрэсіяў яны, як астатні беларускі народ, зноў змогуць сказаць сваё слова.
Што для вас стала галоўнымі непрыемнаю і прыемнаю нечаканасцямі ў рэлігійна-грамадскім жыцці Беларусі ў сыходзячым годзе?
Самая галоўная непрыемная нечаканасць – гэта імклівая адстаўка мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Фармальна ніводны пункт пры гэтым не быў парушаны, але, як той казаў, “вы ж самі ўсё разумееце”. А вось адказ Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў на арганізаваную зверху малітву ў выглядзе закліку спяваць “Магутны Божа” стаў прыемным сюрпрызам.
На вашу думку, якія найбольш важныя тэндэнцыі ў беларускай рэлігійна-грамадскай сферы працягнуцца ў 2022 годзе?
Усё будзе залежыць ад сітуацыі ў краіне. Калі грамадства здолее абудзіцца, то і хрысціяне не застануцца збоку. Але калі ўсіх беларусаў будуць і надалей закатаваць у асфальт, дык і ад вернікаў чакаць нечага большага, апроч пэўных актаў асабістага гераізму і ахвярнасці, не выпадае.