Аляксандар Шрамко пракаментаваў сустрэчу Лукашэнкі з кіраўнікамі канфэсіяў
![Аляксандар Шрамко пракаментаваў сустрэчу Лукашэнкі з кіраўнікамі канфэсіяў](https://belarus2020.churchby.info/wp-content/uploads/2025/02/photo_2025-02-11_21-51-23.jpg)
Са святаром пагутарыла Радыё Свабода.
Праваслаўны святар Аляксандр Шрамко прааналізаваў мерапрыемства, якое адбылося ўчора ў Палацы Незалежнасці і адзначыў, што ў выказваннях Лукашэнкі яўна гучала хваляванне: ён заклапочаны тым, каб не паўтарыліся падзеі 2020 году.
«Ён узгадвае, што ў 2020 годзе нават святары выйшлі на пратэсты. І ўлады зрабілі ўсё, каб дабіцца замены кіраўнікоў асноўных канфэсіяў: і праваслаўнага мітрапаліта Паўла, і каталіцкага архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча»
Айцец Аляксандр падкрэсліў, што новыя кіраўнікі праваслаўнай і каталіцкай канфэсіяў былі прызначаны пасля жніўня 2020 году.
«Ужо ў момант прызначэння яны былі больш лаяльнымі да рэжыму. Яны, напэўна, лічаць сябе такімі вялікімі палітыкамі, бо ім ўдаецца з уладаю мірна суіснаваць. Яны дбаюць пра сваю сістэму, пра тое, як бы ўлада лепш да іх ставілася. Магчыма, яны мяркуюць, што калі будуць максымальна пагаджацца з уладай, то ўдасца вызваліць тых святароў, якія зараз за кратамі».
Па меркаванні святара, цяпер улада думае, як яшчэ больш паставіць пад кантроль цэрквы. Напрыклад, прапанова Лукашэнкі, зрабіць «рэлігійныя цэнтры» — адзін з такіх інструментаў.
«Мэта — уладкаваць нейкае месца, дзе ўсё будзе выглядаць гарманічна: маўляў, царква квітнее,— і так для кожнай канфэсіі. Каб было што паказаць: гэткую «пацёмкінскую вёску».
Ёсьць і ўнутраная мэта паглыбіць уплыў дзяржавы на царкву — не толькі на кіраўніцтва, але і на звычайных вернікаў. Каб з людзей, якія будуць працаваць у такіх цэнтрах, фармаваць сваіх надзейных прыхільнікаў, ведаць настроі звычайных людзей».
На сустрэчы неаднаразова падкрэслівалася роўнасць паміж рэлігіямі.
«У гэтым сэнсе праваслаўная царква ў лепшым становішчы. Дазволы на будаўніцтва, нейкія штрафы, іншыя бюракратычныя працэдуры — ува ўсім гэтым дзяржава глядзіць на праваслаўную царкву як на «сваю», да іх стаўленне больш спрыяльнае і мяккае. Іншыя канфесіі не маюць такой магчымасці»,
— тлумачыць айцец Аляксандр.
Фота: Радыё Свабода