Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Айцец Ян Майсейчык: Смерць Вітольда Ашурка нас моцна ўзрушыла

Айцец Ян Майсейчык: Смерць Вітольда Ашурка нас моцна ўзрушыла

Айцец Ян Майсейчык: Смерць Вітольда Ашурка нас моцна ўзрушыла

У Беларусі праўладныя медыі ўсяляк шальмуюць святароў Царквы Хрыстовай, каталікоў і праваслаўных, якія выступілі супраць неабгрунтаванага садызму і гвалту. Гвалту і здзекаў з боку людзей ў пагонах у дачыненні цывільных грамадзянаў, якія выйшлі, каб засведчыць сваё абурэнне беззаконню. З неспакоем назіраюць за падзеямі ў Беларусі нашыя крэўныя ў Бельгіі. Сённяшні Госць Рацыі – беларускі святар Ян Майсейчык з Антвэрпэну.

РР: Як так атрымалася, што Антвэрпэн, горад у Бельгіі, стаўся выспачкай нацыянальнага, культурнага і рэлігійнага жыцця беларусаў у Заходняй Еўропе? Бо апрача Лондану, дзе рэлігійнае жыццё беларусаў не спынялася з паваеннага часу, вы хіба другая дзейсная пляцоўка.

Айцец Ян Майсейчык: Ну так. Вы кажаце праўду. Гэта провід Божы, канечне ж, і збег пэўных акалічнасцяў. Тут згуртавалася ў свой час вельмі шмат беларусаў, якія пакінулі Бацькаўшчыну з самых розных прычынаў. У той самы момант, гэта 20 гадоў таму, на гэтай зямлі апынуўся і я. І вынікла ідэя сярод тутэйшых беларусаў, што нам трэба гуртавацца ў хрысціянскую грэка-каталіцкую грамаду. Мы зрабілі шэраг пэўных захадаў і ўрэшце рэшт былі далучаныя ў дыяцэзію горада Антвэрпэна, у каталіцкую дыяцэзію. І нашая парафія была прызнаная як парафія свайго права, часткай рыма-каталіцкай парафіі Святога Сэрца ў горадзе Антвэрпэне. І ўжо дзевятнаццаты год, дзякуй Богу, мы маем магчымасць разам з усімі беларусамі і ўсімі, каму патрэбна гэта царкава, маліцца і спазнаваць сваю традыцыю.

РР: Па фотаздымках, якія часам вы публікуеце, відаць, што ў вас там сапраўдны інтэрнацыянал. Людзі розных нацыянальнасцяў, нават расаў, прысутнічаюць на набажэнствах.

Айцец Ян Майсейчык: Безумоўна. Канечне, нашая парафія беларуская, у тым сэнсе, што асноўная мова набажэнстваў у нас беларуская. Асноўная мова казання – таксама беларуская. І таксама мы арыентуемся на беларускую царкоўную гісторыю і ўвогуле беларускую культуру. Але насамрэч да нас прыходзяць, і ў хоры спяваюць, украінцы, і армяне часам прыходзяць, і расейцы прыходзяць. Хто шукае Бога і шукае магчымасці засяродзіцца на Евангеллі, паслухаць казанні і нейкім спосабам перамяняць сваё жыццё, то дзверы нашай царквы адчыненыя для ўсіх, таму што наша царкава каталіцкая. Каталіцкая царкава, па перавазе, ёсць царквой наднацыянальнай насамрэч, таму так ёсць.

РР: Драматычныя і трагічныя падзеі ў Беларусі за апошні год наклалі, відаць, і на вашую суполку моцныя ўражанні. Гэта відаць і па ініцыятыве стварыць манумент Вітольду Ашурку.

Айцец Ян Майсейчык: Так. Летась не толькі беларускі народ у Беларусі, але і ўсе вернікі нашай парафіі перажылі вялікі стрэс і моцнае перажыванне мелі, таму што тое, што адбывалася ў Беларусі, яно выходзіла за ўсялякі здаровы сэнс, за ўсялякае разуменне. Немагчыма было без слёз нават нешта прамаўляць у тых падзеях, якія там адбываліся. Ну і далейшае развіццё, што столькі ахвяраў, катаванняў, здзекаў, а потым і смяротныя ахвяры, як то Аляксандр Тарайкоўскі, Раман Бандарэнка, Вітольд Ашурак, і не толькі іхнія смерці, але перадусім як улады ставіліся да іх смерцяў. Гэта выклікала маральныя пакуты ў нас усіх. А смерць Вітольда… Вітольд вернік, які навярнуўся да царквы Божай, да нацыянальнай культуры, і ўсё сваё жыцця прысвячаў служэнню свайму народу. Ён займаўся ўшанаваннем памяці змагароў паўстання 1863-64 гадоў, увекавечваў іхнюю памяць, ставіў крыжы. Ягоныя лісты з турмы зрабілі на нас вялікае ўражанне. Дэвізам гэтай ідэі – ушанаваць ягоную памяць і памяць усіх, хто загінуў, паслужылі ягоныя словы з ліста: «Вашая нязломнасць супрацьстаяць цемры і пошасці натхняе слабых і дае надзею стомленым. Перамагае той, хто не здаецца». Ідэяй стварыць манумент памяці сталі менавіта гэтыя словы: „каб натхніць слабых і даць надзею стомленым”. І што героі не паміраюць, яны не сыходзяць назаўсёды, як і сам Вітольд піша ў адным з лістоў: «Мы абавязкова вернемся, проста час быць героямі прыйшоў для вас».

РР: А дзе плануеце вы ўсталяваць гэта манумент?

Айцец Ян Майсейчык: Гэты манумент будзе ўсталяваны ў самім храме, у самой царкве. У нас ёсць ужо традыцыя ўшанавання пэўных гістарычных падзеяў у гісторыі беларускага народа. У нас ёсць шыльды, якія прымацаваныя да прыступкаў іканастаса алтара ў гонар Аршанскай бітвы, у гонар Кастуся Каліноўскага, у гонар 500-годдзя выдання беларускай Бібліі, у гонар мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі, ураджэнца Наваградчаны Язэпа Вельяміна-Руцкага. Таму гэта ў гэтай традыцыі. Але гэты манумент будзе выглядаць трошкі іншым, таму што ён будзе большага памеру і будзе асобна стаць там, дзе мы молімся за ўсіх спачылых, і будзе імправізаваным такім алтаром, дзе можна ставіць знічы за ўсіх загіблых за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны, і перадусім маліцца за Вітольда, як верніка каталіцкай царквы.

Цалкам размова.

Размаўляў Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава