Афіцыйныя каталіцкія СМІ выразалі «антываенную» фразу ў гаміліі біскупа

У публікацыі афіцыйнага рэсурсу Гродзенскай дыяцэзіі аб парафіяльных «Дажынках» з удзелам біскупа Андрэя Зноскі ў вёсцы Ваверкі адсутнічае цытата з гаміліі іерарха, на якую звяртала ўвагу «Хрысціянская візія».
Ключавой думкай біскупа, згодна з ягоным допісам на асабістай старонцы, былі словы пра ягоную мару, у якіх прагучала антываенная рыторыка і пасыл у адрас дзяржавы:
«У мяне ёсць мара. Закрыўшы вочы, я бачу, як дзеці з Ваверкі і Паперні, з Мыто і Місевічай, з тысяч беларускіх вёсак не хочуць пераязджаюць у гарады. Я бачу, як наступае час, калі дзяржавы будуць хваліцца не новымі ракетамі і танкамі, а тым, якія ільготы і якія спрыяльныя ўмовы яны ствараюць, каб маладое пакаленне выбірала працу на зямлі сваіх продкаў…»
Аднак у афіцыйную версію трапіў толькі працяг думкі іерарха:
«Я мару, каб на нашай цудоўнай, урадлівай, Богам благаслаўлёнай зямлі ніхто не саромеўся казаць, што ён з вёскі, што жыве і працуе на зямлі».
У такім жа выглядзе – без ключавой цытаты – матэрыял перадрукавала выданне Віцебскай дыяцэзіі «Каталіцкі веснік».
Як раней звяртала ўвагу «Хрысціянская візія», заклікаючы да малітвы за мір, беларускі Касцёл не ўзгадаў Украіну. Цяпер, верагодна, – новы прыклад самацэнзуры.