Аналітыка, каментарыіПа-беларускуРыма-Каталіцкая Царква

Адстаўка арцыбіскупа Кандрусевіча: кампраміс ці капітуляцыя?

Чаму Папа Рымскі Францішак задаволіў прашэнне аб адстаўцы арцыбіскупа Кандрусевіча? Што атрымала ад гэтага Каталіцкая царква Беларусі? Чым тлумачыцца прызначэнне часовым пераемнікам біскупа Казімера Велікасельца?

Гэтыя пытанні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітолаг, дырэктар BISS Пётра Рудкоўскі і гісторык і журналіст Сяргей Абламейка. Гутарку вядзе Юры Дракахруст.

Асноўныя тэзісы:

Абламейка
  • Для мяне гэтае рашэнне Ватыкану было чаканым.
  • Я б усё ж назваў яго капітуляцыяй.
  • Напярэдадні Новага году з’явіўся супольны зварот, заклік да грамадзянскага міру, які падпісалі праваслаўны мітрапаліт, рабін, муфтый і апостальскі нунцый. Я тады думаў, што гэта кампраміс, што гэта і ёсць цана вяртання Кандрусевіча.
  • Прыняццё адстаўкі Кандрусевіча вельмі пакрыўдзіла беларускіх каталікоў.
  • У каталікоў царкоўная іерархія даволі строгая. Яму лёгка могуць закрыць рот.
  • Лепш было б пакінуць Кандрусевіча кіраўніком беларускай Каталіцкай царквы, нават калі б ён заставаўся за мяжой.
  • Беларускія ўлады не хацелі, каб на месца Кандрусевіча прызначылі Юрыя Касабуцкага. Ватыкан сапраўды пайшоў па лініі найменшага супраціву.
  • За апошнія 20 гадоў ватыканская дыпламатыя паказала сябе адносна Беларусі даволі кепска.Гэтая дыпляматыя ідзе ў фарватары Расеі.
  • Ватыкан, Ватыканскую курыю можна змусіць да кампрамісу і нават да падпарадкавання, а Каталіцкую царкву — не.
  • Палітыкі — гэта адна справа, а святары заўсёды ідуць са сваімі вернікамі да канца. Як, дарэчы, пайшлі ў 30-я гады да канца і праваслаўныя святары.
Рудкоўскі
  • Ватыкан пайшоў па лініі найменшага супраціўлення.
  • Я назваў бы гэта ўсё ж кампрамісам: нейкія саступкі зрабіў і Ватыкан, і беларускі рэжым. Але я спадзяваўся, што саступка Ватыкану будзе не такой [вялікай].
  • На працягу гісторыі нашмат больш было праблемаў і для Каталіцкай царквы, і для грамадства, калі Ватыкан празмерна ўмешваўся ў свецкія справы, чым калі захоўваў стрыманую пазыцыю. Гэтым часткова можна патлумачыць стрыманасць Ватыкану і стаўку на кампрамісы ў ХХ стагоддзі, асабліва пасля ІІ Ватыканскага сабору.
  • Калі б Ватыкан заняў жорсткую пазыцыю, улады б не пагадзіліся на вяртанне Кандрусевіча ў Беларусь. Ён мог бы застацца за межамі Беларусі на гады. Для Каталіцкай царквы гэта было б неэфэктыўнае кіраванне з-за мяжы. Уплыў Кандрусевіча паволі змяншаўся б [калі б ён заставаўся за мяжой].
  • Сіла Кандрусевіча палягала не ў яго пасадзе, а ў яго сацыяльным капітале. І гэты капітал застаецца з ім.

BISS