Адкрыты зварот да Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, членаў Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы

Читать по-русски

Адкрыты зварот да Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, членаў Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы

Ваша Высокапраасвяшчэнства, Уладыка Мітрапаліт,
шаноўныя архіпастыры,

Мы шчыра ўдзячны, што нашы просьбы былі пачутыя і ў праваслаўных прыходах Беларусі загучала малітва аб міры і спыненні гвалту, які распачаўся падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года задоўга да дня галасавання 9 жніўня і дагэтуль не спынены. Таксама дзякуем за тое, што штодзённа служыцца малебен аб міры і згодзе ў беларускім грамадстве ў Свята-Духавым кафедральным саборы г. Менска.

Звароты Мітрапаліта Паўла, ганаровага Мітрапаліта Філарэта, Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы, архіепіскапа Арцемія Гродненскага сведчаць аб занепакоенасці сітуацыяй у краіне і клопаце пра вернікаў, якіх пужае і бянтэжыць непрапарцыйна жорсткая рэакцыя міліцыі, АМОНа, супрацоўнікаў ізалятараў і турмаў на тое, што вялікая колькасць людзей у Беларусі мірна карыстаецца канстытуцыйным правам на свабоду слова і сходаў. Мы смуткуем па людзях, якія страцілі жыццё ці здароўе за перыяд з 9 жніўня 2020 года. Сярод нашых родных, знаёмых, калегаў ёсць тыя, хто быў беззаконна, беспадстаўна зняволены ці збіты, будучы назіральнікам на выбарах ці мірным пратэстоўцам. Мы таксама спачуваем тым супраўцоўнікам структур МУС, якія атрымалі траўмы падчас грамадскіх пратэстаў. Лічым, што яны таксама сталі закладнікамі дзяржаўнай сістэмы, якая падаўляе свабоднае волевыяўленне грамадзян і праз рэспрэсіўныя метады, дэзінфармацыю, мэтанакіравана дзейнічае, каб сутыкнуць розныя грамадскія групы. Пра гэта сведчыць ланцуг дабравольных звальненняў з дзяржстуктур людзей, якія не згодны з беззаконнем.

Той, хто страціў давер і галасы беларусаў, не цураецца ніякімі злачыннымі метадамі, каб запужаць і пасварыць людзей дзеля захавання асабістай улады. У людзей, якія хочуць станоўчых перамен, адабралі права свабодна і мірна збірацца, выказваць сваю думку, мець праўдзівую інфармацыю. З дзяржаўнага тэлебачання і ад дзяржпасадоўцаў гучаць пагрозы грамадзянскай вайны.

Мы добра разумеем, што Добрая Вестка Госпада Іісуса Хрыста скіравана на кожнага чалавека, што ў Царкву ўваходзяць людзі розных заняткаў і прафесій, палітычных поглядаў. Але прафесія ці палітычнае перакананне не вызваляе верніка ад выканання запаветаў Божых.

Таму мы просім Вас, як тых, хто валодае царкоўным аўтарытэтам, нагадваць усім грамадзянам Беларусі, але асабліва тым, хто карыстаецца інструментамі ўлады (бо ад іх дзеянняў залежаць важныя рашэнні), пра запаветы “не забівай”, “не крадзі”, “не сведчы лжыва супраць бліжняга твайго”.

Мы нагадваем пра тое, што ў беларускіх турмах застаюцца людзі, якія трапілі туды выключна з-за ўладалюбства асобных прадстаўнікоў нашага грамадства. Гэта Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Віктар і Эдуард Бабарыка ды іншыя. З-за самачынства тых, хто фабрыкуе вынікі выбараў гэтыя людзі страчваюць сваё здароўе, церпяць маральныя здзекі, раздзелены са сваімі семьямі. Мы просім неадступна дабівацца захавання іх чалавечай годнасці і недатыкальнасці іх свабоды, жыцця і здароўя, як і кожнага чалавека.

Калі Царква не асуджае грэх, яе голас губляе моц, яна губляе давер як сваіх вернікаў, так і людзей, якія вагаюцца, ці станавіцца праваслаўнымі хрысціянамі. Праваслаўная царква ідзе за Богачалавекам, Госпадам Іісусам Хрыстом, які дзеля збаўлення людзей перацярпеў несправядлівы суд, здзекі і крыжовую смерць. Няма прычынаў, па якіх Царква не можа ўзвысіць голас супраць гвалту і беззаконня. Таму мы вельмі ўдзячныя тым праваслаўным пастырам, якія праяўляюць сваю хрысціянскую адказнасць і не баяцца гэта рабіць. Мы будзем іх дзейна падтрымліваць.

Выражаем моцны спадзеў на тое, што Царква сапраўды можа быць па-за палітыкай і быць домам для ўсіх, хто шукае Праўды і Любові Божай.

З павагай і просьбай пра архіпастырскія малітвы.

Вольга Уладзіміраўна Алейнік, Мінск, Свята-Петра-Паўлаўскі сабор

25 жніўня 2020 года. Колькасць тых, хто падпісаў ліст — 63.