Каго баяцца беларусы: Бога ці д’ябла?
ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
Страх. Мы баімся таго, чаго не ведаем. Мы баімся тады, калі маем што згубіць.Мы баімся, калі ведаем што можа паўтарыцца падзея, якая раней прычыняла нам боль.
Ёсць страхі меньшыя, а ёсць страхі з характырыстыкай «панічная атака».
Дзіўна аднак, што чалавек часам баіцца зусім не таго, чаго варта баяцца.
А яшчэ больш дзіўна, што нярэдка мы баімся Бога больш чым д’ябла. І мова зусім не пра «страх Божы», пра які кажа Біблія, як пра пэўную цноту, дар і пачатак мудрасці (пар. Пс 110,7). Але пра той страх, які маем перад дзейнасцю Божай, які аддаляе чалавека ад Бога. Робім зло і не баімся, што трэба будзе адказваць перад Госпадам, але баімся самі рабіць дабро і дазволіць Богу рабіць цуды ў нашым жыцці, бо нібыта думаем, што гэта нам прыдзецца за іх адказаць.
Чытаючы пятую главу з Евангелля святога Лукі, чуем пра страх Апостала Пятра. А менавіта гэты страх з’явіўся тады, калі ён стаў сведкам і ўдзельнікам цуду, які зрабіў Хрыстос. Мова пра тое, як па загаду Ісуса Апосталы, пасля першай няўдалай спробы, другі раз выплылі ў мора Галілейскае, каб лавіць рыбу. У выніку налавілі такое мноства, што пры вяртанні чоўны пачалі тануць. І вось тады Пётр кажа Ісусу: «Адыдзі ад мяне, Госпадзе, бо я чалавек грэшны.» (Лк 5, 9)
Дзіўна канешне чуць, як сам Пётр, чалавек якому пазней будзе вызначана роля ачоліць Касцёл, просіць Госпада, каб Ён адыйшоў ад яго.
Страх рэдка вядзе нас да правільных рашэнняў.
Нармальна, калі мы баімся зла і асцярагаемся дзейнасці сатаны, але ж калі з-за страху набіраем дыстанцыю перад Богам, не дазваляем дзейнічаць Яму, а самі, замест дабра, робім зло, то гэта ўжо зусім нядобра.
Той, хто ў гэтым свеце баіцца Госпада больш чым д’ябла, ніколі не зможа ісці дарогай, на каторай прадвызначана яму знайсці сваё шчасце.
Знаходзячыся на стадыі разчараванняў і безнадзейнасці, магчыма варта задаць сабе пытанне, ці не таму мы тое маем, што ў свой час забаяліся Госпада больш, чым д’ябла ды выбралі не тую дарогу, якая была падрыхтавана Богам.
Так бы мовіць, не прыслухаліся да словаў Ісуса, якія Ён сказаў Пятру «не бойся». А гэтыя словы, між іншым, і ёсць адказм Госпада на ўсе нашыя страхі.
Прыгадаю прыклады двух сыноў беларускай зямлі, двух пастыраў, якія не баяліся дазволіць Госпаду дзейнічаць у іх жыцці.
Евангеліцкі пастар Эрнст Сабіла, якога на мінулым тыдні Госпад забраў да сябе. Будучы студэнтам, ў 50-ые гады ХХ ст. быў асуджаны за любоў да Беларусі і Бога, пасля катаванняў у мінскай турме КДБ, тзв. «Амерыканцы», атрымаў вырак смяротнага пакарання, які пасля быў заменены на 25 гадоў канцлагераў. У прагненні да свабоды збег з лагеру ды прайшоў па тайзе 700 кіламетраў, пасля зноў быў затрыманы.
Узгаданы жыццёрыс пратэстанцкага пастыра мне нагадаў лёс кардынала Казіміра Свёнтка, пастыра каталіцкага, які таксама сядзеў у камеры смерці, чакаючы свайго растрэлу. Але Бог меў іншыя планы на яго жыццё. Яму было наканавана, прайшоўшы таксама праз концлагер, словам Праўды Евангелля знішчаць муры няволі СССР.
Вось гэта прыклад вернікаў, якія не баяліся даверыцца Госпаду і дазволіць Богу дзейнічаць так, як сам таго хацеў.
Напэўна, шмат у якія моманты былі яны таксама людзьмі слабымі, але са сваімі страхамі давалі належнай рады. Госпада не адракліся, хоць Ён і вёў іх па жыцці праз страшныя рэчы.