Джонатан Лаксмур. Закрыты суд і смерць у турме: Беларусь душыць апазіцыю
Пераклад з англійскай мовы, арыгінал тут.
Пасля таго, як вядомы каталіцкі пратэстовец быў асуджаны на закрытым судовым працэсе і памёр у турме, беларускія праваабаронцы заклікалі Касцёл выступіць у абарону затрыманых грамадзян.
Сакрэтныя суды над палітзняволенымі пазбаўляюць іх права на справядлівы суд, выносяць непрапарцыйна жорсткія прысуды і вядуць да смерці нявінных людзей, ― заявіла экуменічная група «Хрысціянская візія».
«Мы заклікаем кіраўніцтва Касцёла зрабіць усе магчымыя дыпламатычныя высілкі, каб веруючыя палітычныя зняволеныя змаглі атрымаць магчымасць сустрэч з духавенствам, мелі доступ да рэлігійнай прэсы і літаратуры, і ўсе невінаватыя былі вызвалены як найхутчэй», ― гаворыцца ў заяве, апублікаванай 22 мая пасля невытлумачанай смерці ў шклоўскай калоніі Вітольда Ашурка.
«Хрысціянская візія» паведаміла, што В. Ашурак, каталік і праваабаронца з Ліды, у студзені быў асуджаны на пяць гадоў зняволення за ўдзел у акцыях пратэсту і ружанцовых набажэнствах. 11 праваабарончых арганізацый прызналі яго палітвязнем.
26 мая «Хрысціянская візія» паведаміла Catholic News Service, што апошнія свае дні В. Ашурак правёў у ізаляцыі без доступу да медычнай дапамогі. Калі яго забінтаванае цела было перададзена сям’і 25 мая, праз пяць дзён пасля смерці, на ім былі бачныя «раны і сляды траўмаў». Група адзначыла, што ў пасведчанні аб смерці верніка прычына смерці пазначана як «невядомая».
Навіны пра смерць В. Ашурка прыйшлі адначасова з міжнародным асуджэннем прымусовай пасадкі ў Мінску пасажырскага авіялайнера кампаніі Ryanair, які 23 мая ляцеў з Грэцыі ў Літву, і арыштам журналіста Рамана Пратасевіча.
У інтэрвʼю Catholic News Service кс. Юрый Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, заявіў, што кіраўніцтва Касцёла не спрабавала атрымаць звесткі пра смерць верніка і не будзе каментаваць ані гэты выпадак, ані затрыманне Р. Пратасевіча.
«Гэта чыста палітычная справа, і мы не бачым неабходнасці казаць пра яе», ― заявіў кс. Санько 25 мая. «І мы не хочам займаць месца палітыкаў у вырашэнні таго, што было відавочным непаразуменнем. Варта спадзявацца, што гэтыя праблемы будуць вырашаны абʼектыўна».
«Пакуль паміж Касцёлам і міліцыяй няма дамоўленасці, мы не можам атрымаць доступ« да зняволеных, дадаў кс. Санько. Ён сказаў, што супрацоўніцтва некалі было прыпынена па згодзе абодвух бакоў, і цяпер «нічога не адбываецца, бо не разглядаецца як прыярытэт».
Кс. Вячаслаў Барок, які ў лістападзе быў асуджаны за «несанкцыянаванае мерапрыемства» у Віцебску, запытаўся ў у Фэйсбуку: «Чаму Касцёл, Царква маўчаць? Чаму палітвязні […] прапаведуюць грамчэй, чым святары з амвонаў?»
«Не мы першыя ў свеце сустракаемся ў Беларусі з такой дзяржаўнай сістэмай, якая, абапіраючыся на сістэму правасуддзя, адышла ад прынцыпаў законнасці і справядлівасці, і праз аўтарытарнае кіраванне, забываючыся пра правы чалавека, наўпрост будуе фашызм. […] можа і Касцёлу Каталіцкаму ў Беларусі надышоў час звярнуцца афіцыйна да Ватыкана з просьбай, каб папа Францішак адказаў на пытанне, як прапаведаваць сёння ў Беларусі, каб спыніць вайну, каб больш не было ў нас недарэчных смерцяў».
У красавіку Кацярына Лаўрыненка, каталіцкі тэолаг і гісторык, сказала ў інтэрв’ю Catholic News Service: «На біскупаў і святароў аказваецца ціск, каб яны не выказваліся пра правы чалавека, і многія вераць, што гэтыя рэкамендацыя паходзяць з Ватыкана».
24 мая ўрады Еўрасаюза ўвялі новыя санкцыі супраць урада Аляксандра Лукашэнкі, які падпісаў закон пра забарону ўсіх несанкцыянаваныя масавыя сходаў і збору сродкаў для асоб, якім пагражае крымінальны пераслед. Таксама забараняецца асвятляць у СМІ несанкцыянаваныя падзеі, апытанні грамадскай думкі і пашыраць інфармацыю, «якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам».
Заява Лукашэнкі аб тым, што з 80-цю адсоткамі галасоў ён перамог у аспрэчаных жнівеньскіх выбарах пасля 26-ці гадоў кіравання, выклікала масавыя пратэсты і жорсткую рэакцыю міліцыі. Лідары Касцёла ў Беларусі публічна выказвалі свой пункт гледжання, і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў вымушаны правесці чатыры месяцы ў выгнанні, пакуль ватыканскія дыпламаты дамагаліся яго вяртання.
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі Юрый Касабуцкі паведаміў у Фэйсбуку, што 19 мая ў памяшканні архідыяцэзіяльнай курыі, якія прымыкаюць да Катэдральнага сабора ў Мінску, была кінутая цэгла. У выніку, былі пашкоджаны падʼезд і касцельны аўтамабіль. Паводле біскупа, інцыдэнт адбыўся пасля таго, як ён публічна падтрымаў TUT.by, зачынены ўладамі незалежны інфармацыйны партал.
«Мяне найбольш кранае тое, што звяртаюцца людзі розных канфесій, нацыяняльнасцей, поглядаў і выказваюць сваю падтрымку. У гэтым адзінстве наша моц», ― дадаў біскуп.
«Я малюся і заахвочваю маліцца за ўсіх тых, каму найбольш патрэбна Божая ласка, каб вытрымаць у выпрабаваннях. Я быў, ёсць і буду супраць гвалту, насілля, здзекаў, катаванняў, рэпрэсій і хлусні».
Кс. Санько сказаў Catholic News Service, што да гэтага часу міліцыя не расследавала напад на будынак курыі, хоць ён знаходзіцца пад наглядам размешчаных побач відэакамер.