Ксёндз Вячаслаў Барок. Манкурцтва — хвароба нашага народу. У ГУЛАГ за аздараўленнем
Мы жывем не тое каб у краіне цудаў, але ў краіне, ў якой існуе вельмі шмат пытанняў без адказаў, і гэта праўда. Яны ўзнікаюць як вынік супярэчнасцяў з дзвюх паралельных рэальнасцей.
Тады як адны робяць сход і ў іх усё добра, другія сядзяць у вязьніцах і плоцяць штрафы, каб у тых першых было ўсё добра. Гэта і ёсць паралельныя Беларусі. Адна Беларусь, на ўзор савецкай, гэта краіна “чаркі і шкваркі”. Другая Беларусь- гэта тая, што нараджаецца ў цярпенні і болю ды крычыць ад невыноснага болю насілля.
Першую Беларусь надалей працягвае будаваць пакаленне, якое, як бы не хваліла тое што робіць, не перастае мроіць аб тым, каб сваіх дзяцей адправіць як мага далей ад той цудоўнай краіны, якую самі збудавалі. З правінцыі ў цэнтр- Мінск, а найлепш за мяжу і не важна куды, толькі далей адгэтуль.
Гэта вобраз хворай Беларусі. Гэта вобраз краіны, пра якую зусім недаўна казаў мітрапаліт на пенсіі, біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падкрэсліваючы, што яе трэба лячыць.
Але, каб лячыць і вылечыць, перш за усё трэба паставіць правільны дыягназ. І ў дадзены момант я асмелюся гэта зрабіць. На маю думку, значнай частцы грамадства, не стае элементарнай гістарычнай памяці. Манкурцтва, пра якое ў свой час узгадаваў Чынгіз Айтматаў у рамане “Буранны паўстанак”, можна сказаць, ёсць страшэннай хваробай. Адсутнасць памяці робіць з чалавека жывёлу. Гэта дзвюхногая жывёла, з радні Булгаўскага Шарыкава, ёсць страшнейшай за вядомых драпежнікаў. Бо маючы мінімум інтэлекта, яна з прадуманасцю здольная рабіць шкоду нават найбліжэйшым, нават сваім родным і блізкім.
Чалавек, праходзячы шляхам няспыннай эвалюцыі, навучыўся даваць рады амаль з усімі хваробамі. Нават ад страшнай заразы каранавіруса ўжо прыдумана некалькі ратавальных прышчэпак. А вот з беспамяцтвам не так проста даць рады. Думаю, калі б Хрыстос жыў у наш час, то Ён бы лячыў чалавека не ад праказы, але ад манкурцтва. Так як у Евангеллі Ісус ачышчаў хворых ад небяспечнай хваробы, пад-час якой чалавек зажыва гніў, і сам хворы ўяўляў вялікаю небяспеку для атачэння. Так і сёння чалавек без гістарычнай памяці ўяўляе вялізарнійшую пагрозу для ўсёй нацыі. А калі такому да таго ж выпадкова патрапіцца ўлада ў рукі, то гэта можа стаць катастрофай для ўсяго грамадства, а можа і цэлай нацыі.
Думаю, калі б у нашай краіне Бог кожнаму вярнуў гістарычную памяць, то і жыццё у нас адразу змянілася б. Як, — спытаецеся вы. Ну тады б не трэба было казаць пра мір і супакой, якога няма… Нават не трэба было б трансліраваць па тэлебачанні заклікі рэлігійных дзеячаў аб міры. А так атрымоўваецца як у прарока Іераміі з святарамі і прарокамі, што дзейнічалі ілжыва, і пра што казаў праведнік: “І гояць рану дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: «мір, мір!», а міру няма.” (Іер 8,11).
Бо толькі казаць пра мір і супакой гэта пустое. Мір не будуецца праз прыгожыя словы. Супакой будуецца на праўдзе і справядлівасці. Не верыце мне, зазірніце ў Кампендый Сацыяльнага Вучэння Касцёла (КСВК п.203)
Разумеючы, што жывучы ў хворым грамадстве, і самому можна захварэць, я вырашыў прафілактычна асвяжыць сваю памяць і Вам таксама прапаную зрабіць тое ж самае.
Сёння хачу Вам звярнуць увагу на аднаго з беларусаў, які быў выбітным сынам нашага беларускага народу і марыў пра Беларусь, якая б адпавядала ўсім і ў якой не было б варожых раздзяленяў. Гэты чалавек ксёндз Адам Станкевіч. Няхай не палохае Вас тое, што ён быў ксяндзом. Гэта ніяк не перашкодзіла яму пазаставацца блізкім да кожнага з слаёў беларускага грамадства. Наадварот, будучы сапраўдным пастырам, ён аднолькава клапаціўся пра ўсіх беларусаў. Ён для ўсяго народу меў візію пабудовы свабоднай і незалежнай Беларусі.
Ксёндз Адам Станкевіч вядомы рэлігійны дзеяч першай паловы і сярэдзіны ХХ ст. Арганізатар згуртавання беларускіх святароў, сузаснавальнік палітычнай партыі з хрысціянскім фундаментам, аўтар дзесятка кніг, выдаўца беларускамоўнага каталіцкага часопіса, куратар беларускага школьніцтва… і шмат яшчэ чаго.
Перадусім, безумоўна, ён быў пастырам. Жывучы з большага ў Вільні, давялося яму папрацаваць пад уладай польскай, нямецкай і савецкай. Кожная з іх хацела выкарыстаць ксяндза ў сваіх мэтах, прапаноўваючы супрацоўніцтва з імі. Ён жа супрацоўнічаў выключна з Богам, і таму трапляў у няміласьць да кожнай улады. У 30ых гадах з Вільні яго прымусова выселялі палякі, ў 40- ых перасьледвалі немцы, а пасля вайны, жыцця не давалі саветы. У рэшце, у 1949г быў асуджаны на 25 год лагераў і высланы ў Азерлаг у Сібіры, дзе ў снежні таго ж года памёр.
Я прыгадваю, як бадай у снежні 1998г., Атрымліваючы медычную дапамогу ў афтальмалагічным атдзяленні абласной больніцы ў Віцебску, сустрэўся з Віктарам Сікора.
Некалькі содняў мы былі ў адной палаце- было часу на размовы. Пры знаёмстве ён адразу абвесціў, што быўшы зэк. Меў вырак 10 гадоў лагероў, за тое, што быў вучнем беларускай гімназіі. Іх усіх, дзяцей, так судзіла савецкая ўлада. Вучыўся па-беларуску ў Паставах пад-час вайны — маеш быць асуджаны.
І пасля, калі Віктар даведаўся, што я будучы святар, ён ужо толькі мне асабіста распавядаў гісторыю, як ён хаваў святара Адама Станкевіча. Сам ён не быў католікам, але з павагі да славутага беларуса хаваў яго годна. Апавядаў, што калі вывозілі цела Станкевіча, ахоўнік з асаблівай нянавісцю, дзеля таго, каб пераканацца , што ксёндз ужо не жыве, кувалдай разбіў яго галаву.
Віктар Сікора казаў мне, што я, як святар, мушу паехаць на тыя былыя лагерныя могілкі ў ваколіцах вёскі Шаўчэнка каля чыгуначнай станцыі Тапарок на 50-м кіламэтры ад Тайшэту ў Сібіры.
Так вось, думаю той час настаў.
Як Бог дазволіць, то ў ліпені 2021 г. я арганізую паломніцтва на месца пахавання гэтага святара. Навошта паломніцтва ў Азерлаг аж за 5,5 тыс км? Без асэнсавання той старонкі гісторыі не будзем у стане перагарнуць старонку сучасную.
Запрашаю Вас далучацца да гэтай вандроўкі. Пішыце ў каментарах аб сваіх намерах, хто хацеў бы паўдзельнічаць у супольным падарожжы.
Спадзяюся, гэта вандроўка стане добрай аказіяй зрэгенірыраваць сваю памяць. І мы зможам належным чынам вывучыць прыпаднесены ўрок гісторыі. Як той з мінулага ХХ ст , так і той з мінулага 2020 года.
А найважнейшае, пазнаючы сваю гісторыю, мы зможам авалодаць гістарычнай памяццю ды вылечыцца ад манкурцтва. Гэта ёсць перадумова аб’яднання дзвюх паралельных Беларусі і аздараўленне краіны.
Няхай Бог лечыць наш народ.