Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Што гавораць прыхаджане пра праваслаўнага бацюшку Сяргея Разановіча, якога затрымалі за «тэрарызм»

Што гавораць прыхаджане пра праваслаўнага бацюшку Сяргея Разановіча, якога затрымалі за «тэрарызм»

Што гавораць прыхаджане пра праваслаўнага бацюшку Сяргея Разановіча, якога затрымалі за «тэрарызм»

У пачатку снежня сілавікамі былі затрыманыя праваслаўны святар з вёскі Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Сяргей Разановіч, ягоная жонка Любоў, а таксама іх сын Павел.

Усе яны праходзяць па крымінальнай справе аб стварэнні «тэрарыстычнай групоўкі», лідарам якой называюць ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча.

Сям’я Разановічаў жыла ў Брэсце, у Жабінкаўскі раён святар ездзіў на працу. «НН» паразмаўляла з прыхаджанамі царквы арханёла Міхаіла пра бацюшку. Што яны думаюць пра абвінавачанні, якія выставілі святару?

Вольга Гаўрылаўна Малецкая, часам выконвае функцыі дыякана

«Чалавек з вялікай літары. Я да яго стаўлюся, як да сына. У мяне сын 69-га года нараджэння загінуў у войску, а бацюшка Сяргей — 68-га. Люблю яго нібы роднае дзіця. Настолькі звыклася да яго. Не буду гаварыць за ўсіх, скажу за сябе: я не веру, што гэта праўда. У мяне зараз адчуванне нібыта я пахавала кагосьці, нешта нядобрае.

Ён такі спакойны чалавек, на мяне ён за столькі гадоў ні разу голаса не павысіў, хоць я і няправільна магла зрабіць нешта. У мяне ж дзеці, унукі, пра іх павінна думаць, а ўвесь час думкі пра бацюшку. Як я даведалася? Мне ятраўка (жонка брата мужа — «НН») пазваніла, кажа, што бацюшку па тэлевізары паказваюць, у мяне адразу слёзы, туман у вачах. Можа, яго падставіў хто, здрадзіў яму? Такое ж можа быць? Матушка таксама някепскі чалавек, шчодрая. Яна арганізатар выдатны, актыўны. Так часта ў сем’ях бывае, што адзін чалавек актыўны, а другі — не. Я не помню, каб ён пра палітыку казаў. Былі малітвы за мір ва Украіне, калі там Майдан быў, за тое, каб пандэмія скончылася, але ніколі палітыкі не было».

Валянціна Віктараўна Кірыльчук, спявае на кліры

«Срэбраны, залаты чалавек. Які ён у нас добранькі, які выдатны, спакойны. Не разумеем, як такое магло здарыцца, не можам у сябе прыйсці. Людзям ён так падабаўся, ніхто прыняць гэтага не можа, так яго любілі. Яны ж пры царкве ўвесь час працавалі, туечкі там высадзілі, каменьчык да каменьчыка, усё прыгожа, акуратна.

Працавалі, працавалі, працавалі. Мы ў шоку! І матушка дбала аб царкве, такую тут прыгажосць зладзілі! Мы ж нічога не ведалі. Проста службы не было, званілі матушцы, бацюшку, ніхто не здымаў. А потым ужо па целіку ўбачылі. Ён такі спакойны чалавек, а ўжо матушка больш баявая. Яна і на Лукашэнку магла нешта сказаць, што надакучыў ужо, можа, яна яго куды ўцягнула? А бацюшка ніколі абсалютна пра палітыку не гаварыў: ні добрага, ні кепскага пра Лукашэнку. Тут жа і дом царкоўны ў парадак прывялі, і газ да царквы падлучылі. Спачатку як было? Яны проста прыязджалі ў вёску, адслужаць і дамоў паедуць, а потым узяліся моцна тут парадкі наводзіць, гадоў пяць таму».

Царква ў Сцяпанках. Фота Надзеі Бужан

Тамара Матвееўна Макасюк, прыхаджанка

«Бацюшка наш добры, спакойна. Ні разу ніхто не бачыў, каб ён на кагосьці мог накрычаць. Заўжды ўсім дапамагаў.

Я прашу Госпада, каб ён падкрапіў нашага бацюшку і яны з матушкай і сынам выйшлі на свабоду. Хай шмат гадоў яшчэ жывуць і служаць Богу, ці мала што ў жыцці чалавека бывае. З усімі намі можа нешта здарыцца, усё па волі Божай. Я не ведаю, ці праўда гэта, і ведаць гэтага не хачу.

Я не магу нікога судзіць, Бог суддзя ўсім нам. Я толькі адно магу сказаць, што ён добры чалавек. Шкада, што ён, хворы на цукровы дыябет, пакутуе цяпер у турме. Яго ўсе людзі шкадуюць. Усё рабіў, што не папросім. Ён і дадому да нас прыходзіў споведзь прыняць. Што ён прапаведаваў? Расказваў пра святы, маліўся за ўсіх — і за тых, хто ў цямніцах, — пелі аб здароўі ўсіх і міры. Матушка таксама дапамагала, каб вы толькі зайшлі ў царкву, якая там прыгажосць. Я веру, што Гаспод іх украпіць, і яны выйдуць на волю».

Зміцер Панкавец, Наша Ніва


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава