Уваскрасенне Хрыста застаецца святам, якое яднае ўсіх хрысціян
Напярэдадні Вялікдня 4 красавіка прадстаўнікі праваслаўнай Царквы — біскуп Аўксенцій і протаіерэй Мікалай Балахоўскі — наведалі каталіцкую курыю, каб ад імя мітрапаліта Веніяміна перадаць віншаванне з Пасхай главе беларускага Касцела арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму.
Увечары таго ж дня ў катэдры святога Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Уладзімір Гуляй узначаліў Святую Імшу Пасхальнай вігіліі, на якой прысутнічаў лютэранскі пастар Уладзімір Татарнікаў.
Праз тыдзень, калі Вялікдзень адзначалі праваслаўныя вернікі, кафедральны сабор Праабражэння Гасподняга ў Заслаўі, па-суседску, наведаў ксёндз Антоні Клімантовіч — пробашч мясцовай каталіцкай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Таксама, ужо на ўзроўні традыцыі, прыходзяць павіншаваць адно аднаго святары ў Ракаве — пробашч касцела Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай Дзмітрый Чупрыч і настаяцель храма Праабражэння Гасподняга пратаірэй Сергій Лепін.
Праз такія жэсты ўзаемнай павагі выразна праяўляецца экуменічны аспект Пасхі. Нягледзячы на розныя традыцыі і выклікі сучаснага свету, хрысціяне з розных канфесій сведчаць, што сапраўдная вера здольная пераадольваць межы і аб’ядноўваць людзей вакол найважнейшай праўды — Хрыстос уваскрос!






