Журналістку Алену Шабуню аштрафавалі на 945 рублёў за сюжэт пра святара для «Белсату»
17 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да журналісткі-фрылансеркі Алены Шабуні. Віцяблянку абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч.2 арт.22.9 КаАП). Суддзя Вераніка Барысава прызнала Шабуню вінаватай і аштрафавала на 35 базавых велічынь.
Перад пачаткам судовага паседжання суддзя Вераніка Барысава запатрабавала, каб «у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй» у зале, акрамя Алены Шабуні, засталіся толькі чатыры асобы. Астатнія слухачы вымушаныя былі пакінуць залу судовых паседжанняў.
На пачатку працэсу абвінавачаная журналістка звярнула ўвагу суду на тое, што прынятыя ў краіне законы перашкаджаюць грамадзянам здзяйсняць правы, замацаваныя ў Канстытуцыі. І акурат «высокі суд мусіць абараняць правы грамадзянаў».
Паводле пратаколу, Алена Шабуня без акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага тэлеканалу вырабіла відэаматэрыял, які 1 лістапада быў размешчаны на сайце «Белсату». Сюжэт называўся «Чыноўнікі выгналі святара».
У пратаколе адсутнічалі канкрэтныя дата і час, калі журналістка ўчыніла правапарушэнне. Гэтак, верагодны адрэзак часу вымяраўся міліцыянтамі ажно чатырма днямі – ад 29 верасня да 1 лістапада.
«У той момант, калі я пачула, што ксяндза Юрыя Вілька, які цягам 20 гадоў нёс людзям святло, вучыў дабру і любові, вучыў слову Божаму беларусаў, чыноўнікі выганяюць з краіны, скасоўваюць дазвол на душпастырскую дзейнасць, я паехала да яго ў Варапаева, каб з ім асабіста пазнаёміцца, хаця я – верніца пратэстанцкай царквы», – патлумачыла Шабуня матывы сваёй паездкі ў Варапаева.
Алена Шабуня расказала, што яна, як журналіст-фрылансер, размясціла свой матэрыял у Фэйсбуку, але на сайце тэлеканалу «Белсат» яна яго не размяшчала, бо такой тэхнічнай магчымасці не мае. Ад таго, што брала ў грамадзянаў інтэрв’ю і асабіста падрыхтавала матэрыял для публікацыі, не адмаўлялася.
У якасці сведкаў па адміністрацыйнай справе пры дапамозе Skype з суду Пастаўскага раёну былі апытаныя жыхары вёскі Варапаева Марыя Лаўніковіч і Валянціна Ламачэўская. Грамадзянкі засведчылі, што 29 верасня ў варапаеўскім касцёле св. Міхаіла Арханёла праходзіла парафіяльнае свята, на якім вернікі развітваліся са сваім святаром Юрыем Вількам. Пасля службы каля касцёлу абедзве жанчыны далі інтэрв’ю журналістам мясцовага, як яны меркавалі, тэлеканалу «Паставы ТВ». Алену Шабуню яны не запомнілі і па відэасувязі не змаглі апазнаць у ёй тую самую журналістку, якая размаўляла ў той дзень з імі.
У якасці доказу адміністрацыйнага правапарушэння ў судзе быў прагледжаны відэасюжэт, адзняты Аленай Шабуняй і Змітром Лупачом ў Варапаеве. Дарэчы, журналіста з Глыбокага Змітра Лупача ўжо аштрафавалі за выраб гэтага сюжэту на 40 базавых велічыняў.
Пасля прагляду сюжэту Алена Шабуня зазначыла, што ў сучаснай Беларусі паўтараецца амаль тая самая гісторыя, якая адбывалася 100 гадоў таму, калі бальшавікі пачалі разбураць храмы і забіваць святароў.
«Прайшло 30 гадоў пасля развалу савецкай улады, але ў нас нічога не змянілася па сутнасці. Не адбылося пакаяння за грахі камунізму», – сказала Алена Шабуня.
Суддзя Вераніка Барысава палічыла факт правапарушэння, учыненага Аленай Шабуняй, даказаным і аштрафавала журналістку на 35 базавых велічыняў (945 рублёў).