Фота з інтэрнэту ўзрушылі вернікаў Чырвонага касцёла — яны кінуліся ратаваць пакінутыя ў храме рэчы. Новы пробашч пракаментаваў сітуацыю

У сацыяльных сетках з’явіліся фота рэлігійных рэчаў, пакінутых у храме — ім пагражала утылізацыя. Вернікі хутка адрэагавалі і пачалі самастойна ратаваць Бібліі, малітоўнікі, абразы, партрэт фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча, лекцыянарыі. Частка гэтых рэчаў ужо знаходзілася ў кантэйнерах для смецця.
Паводле слоў новага пробашча парафіі Святых Сымона і Алены, ксяндза Францішка Рудзя, інфармацыя пра ўтылізацыю рэлігійных прадметаў не адпавядае рэчаіснасці. Ён дай з гэтай нагоды каментар афіцыйнаму інфармацыйнаму агенцтву Мінгарвыканкама «Минск-Новости».
Ксёндз запэўніў, што захаванню рэлігійных прадметаў надаецца вялікая ўвага, і пасля рэканструкцыі іх плануюць вярнуць на сваё месца. Ён адзначыў, што сапраўды некаторыя кнігі маглі застацца ў касцёле, але гаворка ідзе пра асобныя экзэмпляры — іх і забралі вернікі.
Святар удакладніў, што некаторыя рэчы пакуль яшчэ застаюцца ў будынку — гаворка ідзе пра буйныя і цяжкія абразы, замацаваныя на сценах. Паводле яго слоў, іх таксама плануюць вывезці, калі пачнецца мантаж рыштаванняў:
Зараз у касцёле праводзяцца рамонтныя працы. У сувязі з гэтым была дамоўленасць з уласнікам касцёла — дзяржаўным прадпрыемствам «Мінская спадчына» — што мы перадаём ім будынак для правядзення рамонту. Але каб яны маглі ўсталёўваць там будаўнічыя рыштаванні і не пашкодзілі маёмасць, было вырашана вывезці рухомую маёмасць і складзіраваць яе на час рэканструкцыі.
Рамонтныя работы ў святыні вядзе генпадрадчык «Мінскпрамбуд». Завяршыць рэканструкцыю плануецца ў студзені 2027 года.
Аднак прымусовая змена пробашча парафіі і загадкавы начны пажар з неадкладным закрыццём храма не дадае католікам упэўненасці ў афіцыйных заявах і пакідае ў непакоі за будучыню свайго касцёла.