Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Святыя падмены

Святыя падмены

Святыя падмены
Аўтар
Incognito

ГеоргіРой

Святар Экзархату Усясветнага патрыярхату ў Літве (Вільня).

На канец кастрычніка — пачатак лістапада прыпадае святкаванне памяці беларускіх навамучанікаў. У 1937 годзе менавіта на гэтыя даты прыпала найбольшая хваля забойстваў і арыштаў святароў і вернікаў у Беларусі. Дзень памяці навамучанікаў быў усталяваны ў беларускім царкоўным календары з 2011 года. Больш за ўсё пра гэта хадайнічаў святой памяці Гродзенскі архіепіскап Арцемій, і яго прапанова была падтрымана мітрапалітам Філарэтам (Вахрамеевым). 

Здавалася, што царкоўны кансэнсус адносна ролі і шанавання навамучанікаў быў дасягнуты, але апошнія падзеі жыцця Беларускай Царквы паказваюць іншае. 

У Гродзенскім кафедральным саборы пачаўся вельмі характэрны працэс замены ікон навамучанікаў, якія калісьці там размесціў архіепіскап Арцемій (Кішчанка). 

У чым сваеасаблівасць сітуацыі? 

Іконы, якія былі напісаны для Гродзенскага сабору пры архіепіскапе Арцемію, змяшчаюць не толькі выявы ўласна святых, але і паказваюць абставіны іх пакутніцкай смерці. Разглядаючы гэтыя абразы, можна бачыць і тых, хто судзіў, катаваў і забіваў… На абразах побач са святымі лёгка пазнаюцца чырвонаармейцы, камісары, нквдзісты, савецкія функцыянеры. Уражваюць і самыя абставіны гібелі пакутнікаў — хтосьці падае ў ваду з камянём на шыі, хтосьці гарыць падпалены ў сваім доме, хтосьці стаіць у растрэльным шэрагу, хтосьці гіне ад холаду і голаду у турэмнай камеры ці ў лагеры… 

Іконы адлюстроўваюць хрысціянскае сведчанне пакутнікаў і самыя сабою яскрава сведчаць пра змаганне святых з праявай відавочнага дыябальскага зла ў часы іх жыцця. Пакутнікі становяцца ахвярамі барацьбы не з нейкай абстрактнай ці выпадковай формай зла, а менавіта з тым канкрэтным злом, якое знайшло сваю праяву ў форме савецкага камунізма і бальшавізма. Бязбожная, антычалавечая ідэалогія спакусіла тысячы людзей і падштурхнула іх да забойстваў, катаванняў, стварэння гулага, галадамора, мільёнаў даносаў, адмовы ад свабоды і праўды. Навамучанікі, будучы сапраўднымі вучнямі Хрыста, не маглі пайсці на саюз з антыхрыставай ідэалогіяй і заплацілі за гэта сваёй крывёй і жыццямі. 

Акром Хрыста і Божай Маці, святой памяці архіепіскап Арцемій больш за ўсё ў сваіх пропаведзях гаварыў на тэму пакаяння і ўсведамлення дыябальскага жаху таго бязбожнага, антыхрысціянскага і антыгуманнага па самой сваёй сутнасці строю. Іконы, па яго задуме, мусілі яскрава і відавочна сведчыць пра тое, з якім злом змагаліся святыя і пры якіх абставінах аддалі свае жыцці за Хрыстову праўду і любоў да бліжніх. Ён адчуваў пагрозу, што гэтую памяць могуць паспрабаваць зацерці, змяніць, прыхаваць. Уладыка выдатна разумеў — нераскаянае зло вяртаецца яшчэ з большай сілаю, як мы і чытаем у Евангеллі: “Тады ідзе (дэман) і бярэ з сабою сем іншых духаў, люце‌йшых за сябе, і, ўвайшоўшы, яны жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхо‌му” (Мф. 12:45).

Яскравае сведчанне абразоў навамучанікаў у Гродзенскім саборы, выкрыццё канкрэтнага гістарычнага зла, прадказальна, не давала пакою тым, хто так ці інакш суадносіў сябе са “светлай савецкай мінуўшчынай”. Ідэолагам, шанавальнікам камунізму, рознага кшталту царкоўным прыстасаванцам гэтыя абразы ў Гродзенскім саборы былі як заноза ў воку. Уладыку Арцемію прыйшлося спазнаць і прамыя пагрозы, і шантаж, і паклёпы, і рознага кшталту маніпуляцыі, накіраваныя на тое, каб прымусіць яго прыбраць гэтыя іконы. Шмат для каго такое прамое і яснае сведчанне было невыносным, як для кожнай цемры невыноснае святло праўды. Самай прыкрай сітуацыяй было, бадай, калі па замове ідэолагаў у Гродна прыехала царкоўная камісія, якую узначальваў тады епіскап Барысаўскі, а цяпер мітрапаліт Мінскі Веніямін [епіскап Веніямін дэ факта кіраваў працай камісіі на месцы, а паводле дакументаў на яе чале стаяў архіепіскап Віцебскі Дзімітрый — Рэд.]. Камісія, як памятаю, тады прыйшла да высновы: “на агульнацаркоўным узроўні падняць пытанне пра мэтазгоднасць знаходжання такіх ікон новапакутнікаў у Гродзенскім саборы”. Але на той час мітрапаліт Філарэт не даў ходу гэтай справе.

Сітуацыя кардынальна змянілася, калі за сваё адкрытае выступленне у 2020 годзе супраць гвалту адносна мірных людзей архіепіскап Арцемій быў адхілены ад свайго служэння, а на яго месца быў прызначаны малады епіскап са Слуцка Антоній (Даронін). Для маладога архіерэя атрыманне кафедры абласнога горада ды ўзвядзенне ў сан архіепіскапа — вельмі значны кар’ерны рост, які не адбыўся проста так. У Гродна епіскап Антоній прыйшоў з пэўнымі ідэалагічнымі, кадравымі і палітычнымі задачамі. Адно з такіх даручэнняў — замена ікон навамучанікаў у Гродзенскім саборы. Новапрызначаны епіскап апынуўся складанай сітуацыі. Зняць іконы хутка і адразу — значыць прадэманстраваць сваю поўную залежнасць і падпарадкаванасць. Прыбіранне ікон магло не спадабацца і шмат каму з вернікаў. У рэшце абраны іншы больш бяспечны для маладога і амбіцыёзнага архіерэя шлях — паступовая замена сюжэтных ікон навамучанікаў на іконы тых жа навамучанікаў, але партрэтныя, якія паказваюць толькі аблічча самога святога і ніяк не гавораць пра абставіны яго хрысціянскага сведчання. 

Нібыта і ў адным, і у іншым выпадку — ікона святога, але разам з тым і значная падмена. Вобраз святога нібыта аддзяляецца ад яго подзвігу. Той выпадак, калі за вобразам хочуць схаваць абставіны жыцця і сведчання, а пакінуць толькі іканаграфічную выяву. Той выпадак, калі святыя мучанікі не пабаяліся выступіць супраць відавочнага зла і няпраўды, а іх царква сарамліва прыхоўвае іх сведчанне і імкнецца апраўдаць тую ідэалогію, якая іх забіла і прынесла столькі бяды мільёнам людзей. Нібыта і захоўваючы вобраз, хочацца сказаць — бязлікі, царква як быццам бы адмаўляецца прыняць іх прыклад і самую сутнасць іх хрысціянскага сведчання. Сапраўды, дыябал — майстар святых падмен. Замест работы над пакаяннем — прыхаванае апраўданне зла. Так бы мовіць: “Не такое яно і дрэннае было”, “Лес сякуць — шчэпкі адлятаюць”, “Не трэба абвастраць” …. Але праўда ў тым, што нераскаяная сутнасць зла раз за разам будзе выклікаць дэманаў. 

Цяперашні Гродзенскі архіерэй цалкам разумее двухсэнсоўнасць таго, што ён робіць. Каб адвесці ад сябе прэтэнзіі ў адмове ад шанавання новамучанікаў, ён адміністратыўнымі рашэннямі загадвае святарам па ўсёй Гродзенскай епархіі праводзіць мерапрыемствы ў памяць навамучанікаў. Па епархіі рассылаюцца адмысловыя цыркуляры ў загадным стылі, якія патрабуюць абавязковай справаздачы на сайт епархіі, каб потым можна было сказаць: “Глядзіце, вось як мы шануем навамучанікаў! Вось колькі ў нас мерапрыемстваў! І справа, маўляў, не ў іконах зусім”. Але ўсё гэта, як кажуць, шыта белымі ніткамі і матывацыя такой камсамольскай планавай актыўнасці ва ўшанаванні новапакутнікаў цалкам зразумелая. Трэба нечым апраўдацца і стварыць ідэалагічна правільнае бесканфліктнае шанаванне “канфліктных” святых.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава