Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Сёння ў Мінску — Ланцуг пакаяння «Курапаты-Акрэсціна. Ніколі зноў»

Сёння ў Мінску — Ланцуг пакаяння «Курапаты-Акрэсціна. Ніколі зноў»

Сёння ў Мінску — Ланцуг пакаяння «Курапаты-Акрэсціна. Ніколі зноў»

«Браты і сёстры, змагары і змагаркі, заклікаю кожнага, хто лічыць сябе часткай народа і адчувае адказнасць за ўчынкі гэтага народа, стаць у ланцуг пакаяння ад Курапатаў да Акрэсціна. Бо Курапаты і Акрэсціна — гэта звёны аднаго ланцугу, і нават сімвалічна, што гэта адна дарога — Курапаты ў пачатку яе, Акрэсціна – у канцы. І нам трэба скончыць гэты шлях, каб пачаць новы. Заклікаю хрысціянаў і патрыётаў стаць звёнамі аднаго ланцугу ад Курапатаў да Акрэсціна і ўзнесці малітву пакаяння за наш народ», — пісаў Зміцер Дашкевіч, заклікаючы да ўдзелу ў ланцугу.

Людзей пакуль нешмат, каля двух дзясяткаў. Але яны паступова падыходзяць.

Дзяўчына ідзе з партрэтам прадзеда, ён быў расстраляны ў 1938 у Мінску. Яна ўпершыню прыйшла ў Курапаты.

Ёсць і супрацоўнікі ў цывільным. Адзін з іх на пытанне «ці будуць сёння затрымліваць?», адказаў, што нічога не абяцае, бо мерапрыемства несанкцыянаванае, але «пайсці паглядзець можна».

18.05. Людзі збіраюцца на ланцуг і каля станцыі метро «Грушаўка». Цяпер прыйшло больш за 60 чалавек. Сігналяць машыны, людзі прынеслі сцягі і плакаты «1937–2020».

18.10. Між тым у Курапаты ўсё падыходзіць людзі, некаторыя прыйшлі ў вышыванках. Цяпер на Галгофе некалькі дзясяткаў чалавек. Уздымаюць бела-чырвона-белыя сцягі.

Зміцер Дашкевіч на ўваходзе ў Курапаты бескаштоўна раздае ахвочым Новы запавет.

У Курапатах больш за паўсотні чалавек, таксама збіраюцца і на Мірашнічэнкі.

18.20.  Ад Грушаўкі да Акрэсціна стаіць больш за 150 чалавек.

18.25. А ў Курапаты ўсё падыходзіць людзі.

Дзяўчына прынесла плакат «Мы заўжды з вамі». «З вамі — гэта з тымі, каго закатавалі, забілі, затрымалі. Мы разам з усёй краінай», — тлумачыць яна.

Сабралося больш за сотню чалавек. Шмат хто прыйшоў з дзеткамі.

18.30. Ля пераходу стаяць двое міліцыянтаў у форме з мегафонам. Людзі з вялікім сцягам сталі і ля стаянкі. Зрэдку на знак салідарнасці сігналяць машыны, што едуць па кальцавой.

Людзі выстраіліся ў ланцуг і на Мірашнічэнкі. Машыны сігналяць тут безупынна.

Людзі самі раздрукавалі і раздаюць мінакам «Народную Волю».

18.50. На Мірашнічэнкі сабралося вельмі шмат людзей. Міліцыянт ідзе ўздоўж ланцуга і кажа, што мерапрыемства несанкцыянаванае, просіць усіх разысціся, інакш, кажа, будзе распачаты адміністрацыйны працэс. Людзі стаяць і не сыходзяць.

18.55. На праспекце Дзяржынскага, каля Акрэсціна — вельмі шмат людзей. Міліцыянты таксама пачалі заклікаць разыходзіцца.

19.00. Курапаты ад Галгофы да ўсходняга боку пакрыў ланцуг. Пратэстоўцы расцягнуліся і ўздоўж усёй вуліцы Мірашнічэнка.

19.15. Ад Бангалор да Нямігі — неперарыўны людскі ланцуг.

У Курапатах пастар царквы Ян Прадвеснік Антоні Бокун запрашае заспяваць «Магутны Божа». Людзі спяваюць.

Пастар Антоні Бокун кажа: «Курапаты і Акрэсціна — звёны аднаго ланцугу. Тое, што адбывалася ў 1930-х гадах, зноў вярнулася і яшчэ больш ярка выявілася ў гэтыя дні. Як і Курапаты ў 1930-х, сёння Акрэсціна з’яўляецца сімвалам злачынстваў, якія адбываюцца ў апошнія дні. Нездарма гэтыя месцы нават знаходзяцца на адной дарозе. Бо да гэтага часу не адбылося пакаяння за тыя грахі».

Антоні Бокун працягвае: «Акрэсціна — гэта Галгофа ХХІ стагоддзя. Калі мы не вернемся да Госпада, гэтыя галгофы будуць вяртацца да нас».

У Кірапатах гучыць яшчэ адзін спеў. Хутка распачнецца малітва за Беларусь.

19.25. Ланцуг расцягнуўся праз усю вуліцу Багдановіча, нават праз прыватны сектар.

У Курапатах працягваецца малітва.

Адзін мужчына, які прыйшоў на ланцуг пакаяння ў Курапаты, эмацыяна прамаўляе: «У нас няма зброі, адзінае, што ў нас засталося, — гэта вера».

19.40 У Курапатах гучаць спевы. Прачыталі малітву «Ойча наш».
У перапынках паміж спевамі і малітвамі любы ахвочы можа выказацца.

19.50. У Курапатах распачынаецца малітва за ўсіх палітвязняў.

У цэнтры Мінска таксама стаіць ланцуг.

Хлопец у Курапатах распавядае сваю гісторыю:»Я не магу спаць пасля 10 жніўня, я быў са сваімі братамі ў машыне. Я не збіраўся на мітынг, я збіраўся маліцца за Беларусь. Але мяне затрымалі і катавалі ў машыне электрашокерам. У мяне хворае сэрца, мне праз 3 гадзіны стала кепска, і мяне забрала хуткая. Таму я на волі».

Хлопец кажа, што яму страшна кожны дзень. Яму было страшна, калі днямі ля ратушы падчас малітвы за Беларусь нехта падышоў ззаду — ён баяўся, што яго ўдараць дручком. У яго 7 дзяцей. Яму страшна было ехаць сюды. Яго брат, які выйшаў з турмы пасля затрымання, таксама прыехаў у Курапаты, і яму таксама страшна. Але яны моляцца, бо Бог перамагае страх.

Мерапрыемства ў Курапатах завяршаецца воклічам «Жыве Беларусь!»

Новы Час


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава