Валерыя Чарнаморцава. Асабісты досвед даследчыцы беларускіх вязняў ГУЛАГа, якая сама была палітычнай зняволенай у 2022-2023 гг.
ВалерыяЧарнаморцава
Праваслаўная верніца, арганізатарка культурніцкіх вандровак, даследчыца вуснай гісторыі савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі, удзельніца групы «Хрысціянская візія».
Слуханні «Жыццё і вера ва ўмовах ціску: галасы палітвязняў і пераследуемыя беларускія хрысціянскія абшчыны». Брусэль, Еўрапарламент, 31.05.2023 г.
Валерыя Чарнаморцава, чалец рабочай групы “Хрысціянская візія”.
1. На жаль, Беларусь сёньня – адзін вялікі канцлагер, рэстаўраваны маленькі ГУЛАГ ці, як сумна жартуюць, ЛУЛАГ. Як і ў савецкія часы, кожны чалавек унутры краіны можа быць гвалтоўна арыштаваны, абвінавачаны без доказаў за выдуманыя злачынствы і кінуты за краты на гады і дзесяцігодзьдзі. Прычым, сярод палітвязьняў — у тым ліку пенсіянеры, хворыя, інваліды і шматдзетныя маці. У нашай краіне зараз адсутнічаюць закон, правы чалавека, любыя нормы маралі і гуманнасці.
А сьмяротнае пакараньне ў Беларусі не адмененае, і хутка для палітвязьняў можна чакаць расстрэльных прысудаў 🙁 Быць палітзняволеным у Лукашэнкаўскай Беларусі – гэта, як быць габрэям у нацысцкім канцлагеры, “палітычным” зняволеным у калоніях нават жоўтыя біркі нашываюць, як у тыя часы.
Троху майго ўласнага досведу.
2. Мяне як і шмалікіх беларусаў арыштавалі ва ўласнай кватэры 18 кастрычніка 2022 года. Проста зраніцы выбілі дзьверы, пад дулам аўтаматаў загадалі класціся на падлогу, зашпілі кайданкі. Я шмат гадоў запісвала ўспаміны былых вязьняў сталіскага ГУЛАГу і меркавала, што была маральна гатовая да таго, калі ў маю кватэру ўварвуцца нашчадкі сталінскага НКВД. Але да гэтага нельга быць цалкам падрыхтаваным. Такі спосаб арышту апраўданы толькі ў дачыненні да ўзброеных тэрарыстаў, а я – бяззброная мірна асоба, экскурсаводка і дасьледчыца памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Але для іх мы ўсе – тэратысты і экстрэмісты.
3. Мяне арыштоўвала КДБ – у лукашысцкай Беларусі яны нават не змянілі назвы з савецкіх часоў. Хаця лічу, што мне асабіста пашанцавала, што мяне арыштоўвалі менавіта яны, а не так званы Гу(Б)АЗІК — сапраўдныя бандыты і тэрарысты, бо мяне асабіста, у адрозьненьні ад іншых палітзэкаў:
— ня білі нагамі па нырках,
— не прышпільвалі кайданкамі да батарэі,
— не катавалі электарокерам,
— не прымушалі запісваць “пакаяльнае відэа”.
Пра ўсё гэта мне пасля расказвалі ў камерах іншыя арыштаваныя дзяўчаты і жанчыны.
4. А пароль ад тэлефона давялося памяняць на магчымасьць нармальна апрануцца, бо раніцай я яшчэ спала і была распранутая, праўда, пераапранацца давялося пры іх. А ІЧУ на Акрэсціна (Ізалятар часовага ўтрымання) не перадаюць ні зменнай вопраткі — толькі тое, што на сабе.
5. Супрацоўнікі КДБ далі мне зразумець, што арыштоўваюць мяне не столькі за пратэсты 2020-тага, колькі за арганізацыю і правядзенне экскурсіяў у Курапаты, вядомае месца масавых расстрэлаў у Мінску ў 1937-м. Дарэчы, кадэбісты, якія мяне арыштоўвалі хваліліся, што ездяць у Вільню, у тым ліку наведваюць там музей КГБ . Пры гэтым без пратакола яны скралі ў мяне вялікую суму грошай, прыкладна 2 месячныя зарплаты.
6. Пасля арышта і допытаў, мяне адвезлі, дакладней, этапавалі, у адно з самых жудасных месцаў зняволеньня — сумна вядомы ізалятар па вул. Акрэсціна ў Мінску. Этапаваньне вязьняў — таксама катаванне, бо ў так званыя стаканы – як маленькія ліфты, набіваюць да 4-х чалавек – часам без святла – утрымліваць працяглы час. У мяне там пачаліся панічныя атакі. Мне пашанцавала, бо на Акрэсціна, я прабыла толькі 10 сутак, бо іншых трымаюць там месяцамі, робяць канвеер – “судзяць” онлайн на 15 сутак, пасля пераарыштоўваюць наноў. Так праваабаронца, Наста Лойка прабыла там 60 сутак, Павал Севярынец ў 2020-м – 75 сутак, а праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў – 110 сутак.
Я ўжо казала, што там не даюць зьменнай вопраткі. Таксама для палітычных забароненыя сродкі гігіены — пасты, зубныя шчоткі, нават туалетная папера і жаночыя пракладкі ў крытычныя дні. Толькі дзехцярнае мыла, ад якога выпадаюць валасы. У нашай 2-х мясцовай камеры заўсёды трымалі 7-8 чалавек без ніякіх матрасаў і бялізны, спаць трэба было на голай падлозе, але і яе не заўсёды хапала. Калі прыйшоў загад яшчэ больш пакараць палітычных, да нас перавялі алкагалічак і наркаманак з іншай камеры. Нейкі час у 2-хмясцовай камеры было 19 чалавек! Я і іншыя пачалі губляць прытомнасьць.
7. Асобны від катаванняў – неаказанне медычнай дамогі. Зрыў сардэчнага рытма і гіпертанічны крыз — не падстава выклікаць хуткую, бо трэба было забяспечваць ахову. Медыкаментаў не хапае, а медыцынскія перадачы забаранілі! Нядзіўна, што палітзняволеныя паміраць за кратам, нядаўні прыклад сардэчніка Мікалая Клімовіча, які памёр 7 траўня сёлета.
8. Пасля Акрэсціна мяне перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, вядомае, як 200-гадовы Пішчалаўскі замак. У камерах 19 ст. вільгаць такая, што рэчы ня сохнуць, вязьні больш баяцца захварэць на туберкулёз, чым на ВІЧ. Праваабаронца Марыя (Марфа) Рабкова з маёй камеры правяла ў гэтых умовах 2,5 гады і зараз мае падазрэнне на рак шчытападобнай залозы. А ў яшчэ больш вільготнай камеры побач з душам 1,5 гады утрымліваўся нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Дарэчы, у нашай камеры нейкі час утрымлівалася 7 чалавек па палітычных артыкулах, але толькі Маша Рабкова і я былі прызнаныя палітвязнямі. Зараз прыкладна палова з тысячы зьняволеных гэтага месца зьяўляюцца палітычнымі, а яшчэ ёсьць 5 іншых СІЗА, 26 калоніяў і 3 турмы, дзе сітуацыя прыкладна такая ж. Таму лічбу праваабаронцаў у 1500 палітвязьняў у Беларусі лічу ў 4-5 разоў змешанай. Дарэчы, у душ водзяць толькі раз на тыдзень, у іншы час вада толькі халодная, дрэннай якасці, пітной няма. Тыя хто, паліць, утрымліваюцца разам з тымі, хто не паліць, а паліць вымушаныя ў камерах. Я праз гэта моцна пакутавала. Ціск быў крытычны і не зніжаўся.
9. Я як верніца пры арышце змагла ўзяць з сабой маленькае Евангельле, але на Акрэсьціна мне не дазволілі ўзяць яго ў камеру, аддалі толькі пасля этапа ў СІЗА. Але пра наведваньне сьвятароў, службаў і прычасьця не было гаворкі, нават на Раство, якое я правяла за кратамі. Больш за тое, сьвяты там забароненыя. Менавіта на Раство і Новы Год там адбываюцца самы страшныя праверкі, так званыя шмоны. Ні калядную зорку, ні нават штучную галінку каляднай елкі не прапусьцілі, а зоркі з паперы рвалі і выкідалі падчас шмонаў. Але шмат хто ў гэтых ўмовах не падаюць духпм, моляцца, падтрымліваюць адно аднаго.
10. Як дасьледчыца сталінскіх рэпрэсіяў, якая запісала каля паўсотні ўспамінаў былых вязьняў ГУЛАГу, а пасьля троху адчула гэта на ўласным досьведзе, магу засьведчыць, што фактычна рэпрэсіўная сістэма з савецкіх часоў мала зьмянілася. Мне вельмі пашанцавала, што праз шматлікія малітвы за мяне я змагла выйсьці, атрымаўшы так званую “хатнюю хімію” ды эвакуявацца ў бясьпечную еўрапейскую краіну. Але некалькі тысячаў палітвязьняў (мы ня ведаем зараз дакладную колькасьць) яшчэ ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах за кратамі ў Беларусі. Яны, фактычна, сядзяць за тое, што ў 2020-м зрабілі свой выбар на карысьць дэмакратыі і еўрапейскіх каштоўнасьцяў. І яны працягваюць жыць і верыць, што будуць вызваленыя ў хуткім часе. Я зараз – іх голас – заклікаю вас і ўсіх еўрапейцаў не забывацца на нас. За 3 гады з 2020-га сітуацыя ў Беларусі зьмяняецца толькі да горшага, да ўзмацненьня рэпрэсіяў і тэрору над уласным народам. Прашу зрабіць усё магчымае, каб усе без выключэння палітычныя вязьні выйшлі на волю і былі рэабілітаваныя, а злачынны антычалавечы рэжым Лукашэнкі і непасрэдныя выканаўцы катаваньняў над нявіннымі людзьмі былі асуджаныя.
Freedom to all political prisoners of Belarus!