Хоць у студзені 2023 г. кіраўніцтва горада запэўнівала, што пасля 6-ці месяцаў платнага карыстання будынак будзе перададзены ў бязвыплатнае карыстанне. «Працэс перадачы будынку ўсё яшчэ цягнецца на ўзроўні значна вышэйшым за гарадзкія ўлады», — даведаўся бабруйскі партал komkur.info.
«Каталікі моляцца за хутчэйшае вяртанне ва ўласнасць касцёла гэтых святынь, што будавалі нашыя продкі, аднаўлялі цяперашнія пакаленні і пра якія будуць дбаць наступныя, — сказаў з гэтай нагоды біскуп Аляксандр Яшэўскі. — Спадзяемся, што нашыя намаганні па вяртанні святынь атрымаюць добразычлівы водгук і рашэнне аб іх перадачы».
У студзені 2023 г. бабруйская парафія падпісала дамову арэнды памяшканняў свайго храма. «Каб перадаць будынак ва ўласнасць касцёлу, трэба, каб перад тым аплочвалася ягоная арэнда», — тлумачыў тагачасны пробашч кс. Андрэй Яркавец рашэнне Ленінскага раёну г. Бабруйска.
Бабруйскі касцёл Беззаганнага зачацця найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны ў 1906 г. Забраны ў вернікаў з прыходам савецкай улады, у 1960-я часткова разбураны, у 1990-я зноў адчынены, але аддадзены парафіі ў карыстанне без права ўласнасці.
Фота: Аляксандр Чугуеў / komkur.info