Сёння мы перагортаваем апошнюю старонку з каляндара 2021г, але гэта яшчэ не ёсць апошняя старонка нашага зямнога жыцця. Гэту старонку мы не перагортваем! Мы распачынаем новы, 2022 год, а гэта значыць Бог дае нам магчымасць дапісаць тыя старонкі з кнігі жыцця, якія былі незавершаныя ў пражытым годзе.
Сябры, гэта быў год, калі гарэла святыня ў Будславе, нібы сімвал пажару, што ахапіў усю Беларусь.
Гэты год прыпаднёс усім нам урок: жыццё — гэта не байка! Узгадайце, мы з вялікай надзеяй развітваліся з 20-ым і сустракалі гэты 21-ы год, але надзея па-ціху растваралася сярод балючых падзеяў, якім не было канца. Затрыманні, ператрусы, звальненні з працы і месцаў вучобы, расставанні блізкіх з-за змушанай эміграцыі ды несправядлівых прысудаў.
З горыччу ў сэрцы і з біблейскай малітвай прарока Абакума на вуснах
«Дакуль, Госпадзе, я буду заклікаць — і Ты ня чуеш, буду лямантаваць Табе пра насілле — і Ты не ратуеш?» (Абакум 1,2), католікі праводзілі на пенсію мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча; праваслаўныя развіталіся з біскупам Гродзенскім Арцеміем; а вернікі Царквы «Новае Жыццё» у Мінску амаль год маліліся пад адкрытым небам.
Мы стаміліся ад зла ў нашым жыцці і ад безлічы дзён, якія былі цямнейшымі за ноч. Некаторыя напэўна не раз праклялі сваё жыццё, так як зрабіў гэта ў свой час праведны Іёў са Старога Запавету, гаворачы пра дзень свайго нараджэння: «хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек! (Іёў 3, 3)
Але ж сёння, пераступаючы праз парог новага году, мы дзякуем Богу, за тое, што сёння яшчэ не канец усяго і гэтая старонка жыцця не перагорнута. І Госпад яшчэ не паставіў кропку ў гісторыі нашага народу.
Зло не перамагло.
Госпад дае нам магчымасць усё змяніць у Новым 2022 годзе.
Я, як веруючы, прашу Божага блаславенства для кожнага з Вас. І малю Госпада, каб адарыў наш народ мудрасцю і дазволіў свой заўтрашні дзень пачаць будаваць у стылі «архітэктуры міру». А мір не будуецца на кампрамісах са злом, на насіллі і хлусні.
Сапраўдная архітэктура міру выбудоўваецца выключна на праўдзе і справядлівасці, у атмасферы дыялогу. Дыялог жа адбываецца не тады, калі бачачы кулак і ты сціскаеш кулакі, і не тады, калі бачачы кулакі ты расціскаеш кулак, каб падняць рукі ўгару ды здацца. Дыялог магчымы тады, калі ты расціскаеш свой кулак, а распасцёртую далонь здольны працягнуць кожнаму, дзеля таго, каб слабога падтрымаць а злачынцу затрымаць.
Гісторыя Іёва, якая так нагадвае цярпенні Беларускага народу, заканчваецца тым, што ўрэшце Бог блаславіў дні яго жыцця яшчэ больш, чым перад выпрабаваннямі.
Няхай у гэтым годзе Бог адменіць лёс Беларусі, ўсе вязні няхай выйдуць на свабоду, уцекачы вернуцца да дому, а кожны беларус паяднаецца з сабой, Богам і беларусам.
Няхай Госпад блаславіць Беларусь!