Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Роздум на тыдзень пакутаў Гасподніх

Роздум на тыдзень пакутаў Гасподніх

Роздум на тыдзень пакутаў Гасподніх

Разважанні, народжаныя ў Беларусі.

… Вось мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвяшчэннікам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам…

Грамадскае служэнне, а з ім і зямное жыццё Госпада завяршаецца.

Хрыстос уваходзіць у Іерусалім.

Колькі стагоддзяў іудзейскі народ чакаў прышэсця Месіі. І вось на белым асле Божы Памазаннік, як мужны палкаводзец пасля перамогі, уязджае ў сталіцу.

Але замест войска ўслед за Ім ідзе дзіўная світа вандроўных жабракоў.

Вялікі горад віруе.

 …І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім, узрушыўся ўвесь горад, і казалі: хто гэта?

А народ казаў: гэта Іісус, Прарок з Назарэта Галілейскага…

І толькі дзеці, вуснамі якіх заўсёды гаворыць ісціна, першымі вызнаюць Яго Месіяй:

… Асанна Сыну Давíдаваму! благаславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе! Асанна ў вышніх!..

Народ кідае Яму пад ногі сваю вопратку.

Сын Божы, як Уладар, уваходзіць у Храм, дзе адбываецца Яго вядомы  дыялог з фарысеямі, пасля якога Хрыстос выганяе храмавых гандляроў.

І раптоўна Месія пакідае горад…

Чаканні народа на ўсталяванне новага Царства не спраўдзіліся.

Пачынаецца  тыдзень пакутаў Госпада.

Наперадзе здрада Іуды, арышт у Гефсіманскім садзе, суд  сінедрыёна, допыт перад Пілатам, катаванні рымскімі салдатамі, смерць на крыжы і Уваскрасенне.

Адным з асноўных догматаў нашай веры з’яўляецца догмат Божага Уцялеснення.

Мы верым, што ў асобе Богачалавека злучаюцца Божая і чалавечая прырода.

На Пасху, калі мы славім Уваскрэслага Госпада, мы гаворым, што з Хрыстом уваскрасае ўся чалавечая прырода.

Хрыстос перамагае смерць і грэх!

Але калі мы верым у Уваскрэслага Бога, нельга забываць, што мы верым і ў Госпада Укрыжаванага.

Падчас усяго гвалту, які адбываўся з Хрыстом у апошнія дні Яго зямнога жыцця, у асобе Госпада

пакутуе ўсё чалавецтва!

Значыць, калі мы называем сябе вучнямі і паслядоўнікамі Госпада — хрысціянамі, у чалавечым грамадстве мусяць быць абсалютна выключанымі ці зведзенымі да мінімума тыя страшныя з’явы, якія пражыў Бог.

Знішчэнне палітычных, грамадскіх і рэлігійных апанентаў:

… Тады сабраліся першасвяшчэннікі, і кніжнікі, і старэйшыны народа ў двор першасвяшчэнніка, якога звалі Каіа́фа, і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць…

… першасвяшчэннікі пастанавілі і Лазара забіць, бо многія з Іудзеяў дзеля яго прыходзілі і веравалі ў Іісуса…

… Адзін жа з іх, нехта Каіафа, які быў першасвяшчэннікам у той год, сказаў ім: вы не ведаеце нічога і не разумееце, што лепш нам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не ўвесь народ загінуў…

Любая форма даносаў:

… першасвяшчэннікі і фарысеі далі загад: калі хто даведаецца, дзе Ён, няхай данясе, каб схапіць Яго…

Лжывае сведчанне, парушэнне следства і судовага расследавання:        

… Першасвяшчэннікі, і старэйшыны, і ўвесь сінедрыён шукалі лжывага сведчання супраць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сведкаў прыходзіла, не знайшлі.

Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сведкі…

Гвалтоўны пераслед іншадумства, рэлігійная варожасць і нецярпімасць:

… Тады першасвяшчэннік разадраў адзенне сваё і сказаў: Ён блюзнерыць! якую яшчэ патрэбу мы маем у сведках? вось, цяпер вы чулі блюзнерства Яго!

як вам здаецца? Яны ж сказалі ў адказ: Ён варты смерці…

Любая форма здрады, помсты і злачыннай змовы:

… той, хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьміце Яго…

Судовыя памылкі і смяротнае пакаранне:

… Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што асудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасвяшчэннікам і старэйшынам, кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную.

Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам…

Любая форма прапаганды і маніпуляцыі грамадскай думкай:

… Але першасвяшчэннікі і старэйшыны падбухторылі натоўп прасіць за Варавву, а Іісуса загубіць…

Любая форма знявагі вязняў, гвалту і катавання:

… Тады Пілат адпусціў ім Варавву, а Іісуса, пасля бічавання, аддаў на распяцце…

Хрыстос  застаецца сам-насам з узброеным атрадам рымскіх легіянераў і зведвае гвалт карнай сістэмы:

… Тады воіны правіцелевы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк, і, раздзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу; і, сплёўшы вянец з церняў, усклалі на галаву Яго і далі Яму ў правую руку кій, і, стаўшы перад Ім на калені, глуміліся з Яго, кажучы: радуйся, Цар Іудзейскі!

І плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі Яго па галаве…

Хлусня, боязь і  асабістыя выгоды палітыкаў і рэлігійных лідараў:

… З гэтага часу Пілат шукаў, як адпусціць Яго. Іудзеі ж крычалі, кажучы: калі Яго адпусціш, ты не друг кесару; кожны, хто робіць сябе царом, праціўнік кесара…

… Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, распні Яго! Кажа ім Пілат: Цара вашага распяць? Адказалі першасвяшчэннікі: няма ў нас цара, акрамя кесара…

Святы апостал Іаан гаворыць, што Бог ёсць любоў.

Забойства — гэта  крайняя форма праяўлення нянавісці, супрацьлегласць любові.

Богачалавек, Які ёсць Любоў, памірае на крыжы.

Чалавецтва ў асобе Госпада гіне ад гвалту, катаванняў, помсты, здрады, злосці, знявагі.

Менавіта ў гэтыя дні Хрыстос прамаўляе Свае вядомыя словы аблічэння фарысеяў:

… на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі.

Дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце, бо яны гавораць, ды не робяць…

… Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі…

… Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што робіцеся падобнымі да пабеленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касцей мерцвякоў і ўсялякага бруду;

так і вы знешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня…

… вы — ад айца вашага дыявала, і хочаце выконваць жаданні айца вашага; ён быў чалавеказабойцам ад пачатку і не ўстаяў у ісціне, таму што няма ісціны ў ім; калі ён ілжэ, то сваё гаворыць, бо ён ілгун і айцец ілжы…

Кіраўніцтва іудзейскай царквы не пазнае ці не хоча прызнаваць Месію і свядома ідзе на парушэнне духоўных прынцыпаў праўды і любові — забівае Бога.

Апостал Павел гаворыць, што чалавек — гэта храм Бога Жывога.

У кожную гістарычную эпоху, калі любы чалавек зведвае гвалт, катаванні і забойства, — з ім і ў ім пакутуе Хрыстос!

Калі нехта спазнае лжывае сведчанне, арышт,  няправедны прысуд — з ім і ў ім пакутуе Хрыстос!

Калі арыштаваны чалавек праходзіць праз знявагу і прыніжэнне — з ім і ў ім пакутуе Хрыстос:

… адзін са служыцеляў, што блізка стаяў, ударыў Іісуса па шчацэ і сказаў: так Ты адказваеш першасвяшчэнніку?

Адказаў яму Іісус: калі Я дрэнна сказаў, засведчы, што дрэнна; а калі добра, чаму ты б’еш Мяне?

На жаль, крайняя форма нянавісці — забойства часта набывае масавы характар: тое, што мы называем рэпрэсіямі, тэрорам і генацыдам.

Любая гістарычная падзея, калі адбываецца забойства людзей, — крывавая рана на Целе Госпада.

І, канешне, такая жахлівая з’ява, як вайна, — гэта квінтэсэнцыя граху.

Вайна — Гефсіманская ноч чалавецтва — час панавання Д’ябла:

… гадзіна і ўлада цемры…

Падчас Свайго грамадскага служэння Хрыстос ацаляў хворых, вяртаў зрок сляпым, выганяў дэманаў, уваскрашаў памерлых, але ў апошнія дні Свайго жыцця Ён сам спазнае максімальны ўзровень чалавечага болю:

… і зрабіўся пот Яго, як кроплі крыві, што падалі на зямлю…

… Іісус жа, зноў ускрыкнуўшы моцным голасам, спусціў дух…

Гасподзь уваскрасае, узносіцца на нябёсы, і цяпер назаўсёды другая іпастась Найсвятой Троіцы, Сын Божы — гэта Богачалавек Іісус Хрыстос.

Але Хрыстос зноў і зноў пакутуе і памірае на крыжы з кожным хворым, згвалтаваным і забітым чалавекам.

Ён зноў і зноў пражывае сваю Вялікую Пятніцу.

І паблізу з Ім стаіць Божая Маці:

…Стаяла ж каля крыжа Іісусавага Маці Яго…

Божая Маці стаіць паблізу крыжа Свайго Сына кожны раз, калі Ён гіне ад удара нажом у юнацкай бойцы, калі Ён замярзае ў карцары разам са знясіленным арыштантам, калі Ён гарыць у шматпавярховым доме пасля выбуха ракеты.

Каля крыжа Госпада стаялі і простыя мінакі:

…І тыя, што праходзілі міма, блюзнерылі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: гэй! Ты, Які разбураеш храм і за тры дні будуеш!

Калі мы, цяперашнія хрысціяне, заплюшчваем вочы і не бачым пакутаў Госпада у болі нашых блізкіх, мы становімся падобнымі на тых гледачоў катаванння і забойства.

Той, хто аддае злачынны загад і здзяйсняе яго, падобны да ка́та, які разрывае хітон Госпада:

… Воіны ж, калі распялі Іісуса, узялі адзенне Яго і раздзялíлі на чатыры часткі, кожнаму воіну частка, і хітон…

Але Гасподзь пакідае кожнаму са Сваіх забойцаў магчымасць пакаяння і даруе ім грахі:

… Іісус жа казаў: Ойча! даруй ім, бо яны не ведаюць, што робяць…

… Сотнік жа, убачыўшы, што адбылося, праславіў Бога, кажучы: сапраўды, Чалавек гэты быў праведны…

Божая любоў перамагае чалавечае зло,

і кожны з нас носіць на грудзях штодзённы напамін пра гэта — выяву Укрыжаванага Госпада.

Ілюстрацыя: Ян Правост. Укрыжаванне. 1500 г.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава