Rerum Novarum аб новым мітрапаліце
Аўтар
- Усе апытаныя намі святары скептычна ставяцца да асобы Юзафа Станеўскага ва ўмовах супрацьстаяння беларусаў і рэжыму. Паводле іх, біскуп прынамсі неварожы да яго і паноўнай сярод уладаў культурнай матрыцы.
- Пры гэтым летась Юзаф Станеўскі ладзіў некалькі публічных акцыяў за вяртанне Тадэвуша Кандрусевіча, выступіў з заявай, у якой назваў ягонае выгнанне “недапушчальным”. Дый пасля менавіта ён сустракаў былога мітрапаліта на мяжы.
- Пры гэтым заявы біскупа не тое, каб былі вельмі катэгарычнымі. Некаторыя нават знайшлі ў іх заклік перавярнуць старонку. Грамадства ж пераварочваць яе не хоча. Прамаўчаў ён і ў час апошняга карыкатурнага скандалу.
- Самым вядомым беларускім біскупам і, відаць, самым папулярным сёння ёсць Юрый Касабуцкі. Але прызначыць яго Ватыкан на новую пасаду не мог. Гэта б азначала ледзь не абвясціць вайну рэжыму.
- Ватыкан пайшоў на кампраміс. Але, напрыклад, памыйныя каналы яшчэ з мінулага года абяцалі прызначэнне на менскую кафедру іркуцкага біскупа Кірыла Клімовіча. Чаму яны хацелі яго – пытанне да іх, але біскуп Кірыл дагэтуль не вернуты ў Беларусь.
- Менскі мітрапаліт не ёсць кіраўніком Касцёлу ў Беларусі. Фармальна вышэй за яго больш “апазіцыйны” Алег Буткевіч. У кожнай дыяцэзіі – Пінскай, Гарадзенскай і Віцебскай — свой самастойны біскуп, а ў самой Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ёсць яшчэ два харызматычныя дапаможныя біскупы. Які-ніякі, але падзел уладаў маецца.
- З улікам пункту 2 новы мітрапаліт падаецца ў пэўнай ступені блізкім да Тадэвуша Кандрусевіча. Ці працягне ён ягоную працу? Пытанне.
- Менск – новае месца працы для біскупа Юзафа. Амаль усё ягонае жыццё звязанае з Горадняй. Ці будзе ён падстройвацца пад мясцовыя парадкі, ці будзе ўсё кардынальна ламаць на свой капыл?
- Пажывем – паглядзім.