Пратаярэй Георгі Рой: «Памолімся, каб мы ня сталі падобныя да людзей, якія заўтра будуць казаць «Распні!»
Пропаведзь пратаярэя Георгія Роя ў Пакроўскім кафедральным саборы ў Горадні:
«У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа!
Дарагія браты і сёстры, сёньня мы сьвяткуем Уваход Гасподні ў Ерусалім. Гасподзь дабравольна ідзе ў той горад, да тых людзей, якія Яго прыб’юць да Крыжа, якія будуць зьдзекавацца з Яго і заб’юць Яго. Ідзе бязгрэшны, каб прыняць пакуту за грахі ўсіх нас, каб Сваёю Прачыстаю Крывёю ачысьціць нашае беззаконьне.
І ў гэты дзень народ вітае Яго як цара, як пераможцу. Людзі ўскладаюць на яго вялікія надзеі, усклікаюць: «Асана Сыну Давідаву! Благаславёны Хто прыходзіць у імя Гасподняе!» Так можна было зьвяртацца толькі да Месіі, да Збаўцы. Гэта былі людзі змучаныя несправядлівасьцю, прыгнётам акупантаў-рымлянаў. Яны сапраўды чакалі нейкага зьмяненьня свайго жыцьця, бо жыцьцё іх было надта цяжкім, яны надта часта сустракаліся з рознага кшталту жорсткасьцю і несправядлівасьцю. Ім патрэбны быў той, хто іх вызваліць ад гэтых зямных праблем. Яны не хацелі мяняцца ўнутрана, яны чакалі, што хтосьці прыйдзе і зьменіць сьвет вакол іх.
І таму адразу ўзьнікае несупадзеньне, бо Гасподзь прапануе зусім іншае зьмяненьне, якое можа прывесьці да сапраўднага міру — калі чалавек мяняе сваё сэрца, сваю душу, свае думкі, калі чалавек напаўняецца Богам. Гэтае збаўленьне нёс Хрыстос, а людзі чакалі зямнога збаўцу. І таму ня дзіва, што пройдзе ўсяго некалькі дзён, і тыя самыя людзі будуць крычаць «Распні Яго!», бо яны расчаруюцца. Яны ўбачаць, што Той, на Каго яны спадзяваліся, што Ён будзе вызваліцелем ад прыгнёту акупантаў, Сам будзе арыштаваны. Яны ўбачаць яго слабым і будуць казаць «Распні!»
Гэтая гісторыя ня толькі пра тыя часы, але і пра нас з вамі. Які Збаўца патрэбны нам? Які Хрыстос патрэбны нам? Той, Які дапаможа нам на працы, вылечыць нашыя хваробы, дапаможа нам зарабіць грошай? Ці той, Які патрабуе зьмяніцца ўнутрана, адмовіцца ад ілжы і няпраўды, усім сэрцам палюбіць Бога? Што сёньня прыводзіць нас у храм — ці любоў да Бога, ці проста традыцыя прыйсьці з гэтай вербачкай, сапраўды прыгожая і добрая традыцыя? Зараз мы прачытаем малітву на асьвячэньне вербаў, і галоўная нашая просьба, якая можа прагучаць падчас гэтай малітвы — каб мы ня сталі падобныя да тых людзей, якія сёньня крычаць «Асана!», а заўтра будуць казаць «Распні!» Мы часта так робім, распінаючы Госпада сваімі грахамі.
Няхай Гасподзь дапаможа нам, застаўся адзін тыдзень да Пасхі, гэта тыдзень Пакут Хрыстовых. Пасху мы ведаем як Пасху Ўваскрасеньня, але сьвятыя айцы кажуць, што той, хто не перажыў са Хрыстом Пасху Яго Пакут, гэты тыдзень, калі Ён ішоў на Крыж дзеля нашага збаўленьня, той ніколі не зразумее і не адчуе ўсю радасьць Пасхі Ўваскрасеньня. Гэты тыдзень надзвычай важны ў нашым жыцьці хрысьціян, гэта самыя галоўныя дні года — Вялікі Панядзелак, Вялікі Аўторак. Браты і сёстры, адмовімся ад паўсядзённай мітусьні і сканцэнтруемся на перажываньні таго, што перажыў Хрыстос!
Амінь!»