На Смаргоншчыне падчас парафіяльнага фэсту ў касцёл унеслі дзяржаўны сцяг

У нядзелю парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Вайстоме адзначала фэст у гонар Маці Божай Фацімскай. У традыцыйным шэсці да алтара сярод харугваў, быў заўважаны чырвона-зялёны сцяг. Ягоная прысутнасць у храме супярэчыць закону «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (Арт. 8, §8), паводле якога «у месцах богаслужэнняў не дапускаецца выкарыстанне любой сімволікі, акрамя рэлігійнай».
Сцяг нёс адзін з мужчын, які напярэдадні фэсту быў прыняты ў рыцарства Яна Паўла II — новае для Беларусі каталіцкае мужчынскае аб’яднанне свецкіх, якое пад уплывам вучэння польскага Пантыфіка абараняе хрысціянскія каштоўнасці. Дарэчы, самому Папе Яну Паўлу ІІ так і не дазволілі наведаць беларускіх вернікаў з-за складаных адносін паміж Мінскам і Ватыканам у той час.
Варта ўвагі таксама неадназначная постаць пробашча парафіі ў Войстаме, дзе з’явіўся дзяржаўны сцяг – ксяндза каноніка Юрыя (Ежы) Бяганскага.
З аднаго боку, гэты святар вядомы сваёй актыўнасцю і плённай працай. Пры ягоным спрыянні адчынена капліца пры лідскім шпіталі, дзе ён служыў капеланам. Пасля яго прызначэння кусташам санктуарыя ў Тракелях, колькасць пілігрымаў, што прыязджаюць на мясцовы фэст, вырасла з 6 да 13 тысяч чалавек, а тэрыторыя санктуарыя перажыла сапраўдны росквіт.
З іншага боку, кампраміс, які абраў ксёндз Юрый ва ўзаемадзеянні з уладай дзеля рэалізацыі сваіх задумаў, выклікае супярэчлівыя ацэнкі.
У 2020 годзе падчас масавых пратэстаў і збіцця мірных пратэстоўцаў святар падчас інтэрв’ю выказаў меркаванне, што
«касцёл і дзяржава ідуць поруч, прытрымліваючыся аднолькавых каштоўнасцяў – клопату аб чалавеку, міру і згоды».
Сёння ксёндз Бяганскі ахвотна ўдзельнічае ў дзяржаўных ініцыятывах, запрашае дэпутатаў Гродзеншчыны, функцыянераў БРСМ, наведвае супрацоўнікаў РАУС, жадаючы ім надалей «забяспечваць нам бяспеку». Падчас сустрэчы з упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў святар рабіў акцэнт на «недапушчальнасці палітызацыі рэлігіі».
Падрабязней азнаёміцца з ксяндзом Бяганскім можна ў артыкуле на сайце ХВ.
Відэа: інстаграм старонка парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы