Мова перамен. Айцец Ігар Кандрацьеў: «Каб душа чалавека мянялася, мы шукаем мову, якою ён жыве»
Паразмаўлялі са святаром Ігарам Кандрацьевым, які нарадзіўся ў Сібіры і з’яўляецца беларусам толькі на чвэрць, пра тое, што сапраўды мяняе беларусаў.
Грэка-каталіцкі святар Ігар Кандрацьеў стаў адным з твараў Брэста праз сваю прысутнасць на мірных акцыях, дзе ён суцяшаў і падтрымліваў людзей, дапамагаў звольніць затрыманых, спрабаваў размаўляць з сілавікамі. Парафія Святых Братоў-Апосталаў Пятра і Андрэя – адзін з найбуйнейшых беларускамоўных асяродкаў у горадзе. Айцец Ігар заўсёды, калі ёсць магчымасць, размаўляе па-беларуску. Дарэчы, сёлета мінула 25 гадоў ягонага служэння ў Брэсце.
За апошні месяц айцец Ігар заўважыў дзіўную рэч: рускамоўныя, якіх у Брэсце многа, сталі старацца хоць нешта, акрамя «Жыве Беларусь!», гаварыць па-беларуску. У той жа час і беларускамоўныя, якія ўвесь час прынцыпова размаўлялі па-беларуску, сталі свабодней пераходзіць на рускую мову ў размове з іншымі. Мы паспрабавалі знайсці адказ, чаму так адбываецца.
«Сын выбраў быць яўрэем»
«У мяне чатыры крыві па 25%, – расказвае айцец Ігар, – руская, беларуская, нямецкая і яўрэйская. Жах!»
Па-беларуску размаўляла бабуля – татава маці. Спявала беларускія песні. Было гэта ў Сібіры.
«Калі я быў малы, мне здавалася, што яна размаўляла проста па-вясковаму. Я не ведаў, што ёсць беларуская мова. Нават не памятаю, ці я вызначаў яе як вясковую, – проста нейкая іншая мова.
Беларуская – мова маёй душы.
Спевы я з маленства памятаю. У мяне ёсць сваякі ў Беларусі, я часам прыязджаў сюды, нават у школе вучыўся. Ужо ў сталым узросце я ўспомніў, што мая бабуля заўсёды размаўляла па-беларуску, і гэта было штосьці надзвычайнае. Гадоў 26 таму, напэўна, я запеў упершыню тую песню: «Як служыў я ў пана першае лета, заслужыў я ў пана курачку за гэта…» Гэта была частка маёй душы, майго дзяцінства. «Купалінка» – такое адчуванне, што штосьці зусім натуральнае для мяне.
Сёння я б сказаў наконт беларускай мовы, што яна для мяне проста натуральная. Я размаўляю па-руску, па-польску. Калі знаходжуся некалькі дзён у Польшчы, пераходжу на гэту мову і ў думках. Але беларуская мова – гэта мова майго далёкага, несвядомага дзяцінства, і сёння гэта мова маёй душы».
Айцец Ігар з жонкай Вольгай Аляксандраўнай вывучаюць іўрыт. Часам звяртаюцца да Бібліі ў арыгінале. Вольга Аляксандраўна пераклала на беларускую, у асноўным з іўрыта, больш за 200 духоўных песень. Яны спяваюцца ў многіх цэрквах, у тым ліку пратэстанцкіх.
«Мой старэйшы сын выбраў быць яўрэем і стаў ім. Гэта ягоная мова, ягоны спосаб».
Сакральная мова – беларуская
Грэка-каталіцкая царква фактычна першая ў Беларусі пачала праводзіць набажэнствы па-беларуску, нават калі яшчэ не былі зарэгістраваны парафіі. І нават яшчэ ў эміграцыі.
«Айцец Аляксандр Надсан падрыхтаваў усе пераклады, і калі стала магчымым зарэгістравацца, мы ўжо мелі літургічныя тэксты, якія сталі выкарыстоўваць. Потым рыма-каталікі падцягнуліся, пратэстанты, некаторыя праваслаўныя.
Набажэнствы ў нас праводзяцца па-беларуску. Заўсёды. Вядома, я магу адслужыць і па-царкоўнаславянску, і па-руску, і па-ўкраінску ці па-польску. Хтосьці размаўляе і па-руску, і мой прынцып: калі чалавек кепска разумее беларускую мову, я адразу пераходжу на рускую, і ні для каго няма праблемы. Але я заўважыў, што для мяне мова спантаннай малітвы, сакральная мова – беларуская».
Паводле слоў айца Ігара, ёсць нямала людзей, якія размаўляюць па-руску, але маліцца імкнуцца па-беларуску.
«Многія з нас вывучылі яе ужо ў свядомым узросце. Адмыслова чыталі кніжкі, каб яна стала для нас звыклай мовай, нашых класікаў чыталі. Не тое, што я ўспомніў бабуліну мову і пачаў гаварыць».
Ёсць нямала людзей, якія размаўляюць па-руску, але маліцца імкнуцца па-беларуску.
Фактычна першым «настаўнікам» беларускай мовы для айца Ігара стала Біблія ў перакладзе Васіля Сёмухі. Потым – Васіль Быкаў. А таксама Рыгор Барадулін, з якім шмат гадоў звязвала сяброўства.
«Мы з ім сустракаліся прыкладна раз у год. Ён хацеў часам паспавядацца. Хоць старэйшы за мяне, але як святара заўсёды ставіў мяне трошкі вышэй. Для мяне была вельмі каштоўнай такая ўвага».
Барадулін, як і Васіль Быкаў (з якім айцец Ігар не быў асабіста знаёмы), належалі да грэка-каталіцкай супольнасці ў Мінску. Зараз да яе належыць і Уладзімір Арлоў.
У штодзённай практыцы дапамагаў рэдактар газеты «Царква» і краязнаўца Ігар Бараноўскі.
«І вось калі для кагосьці беларуская мова была вясковая, сёння яна, наадварот, стала мовай шляхетнай. Мовай людзей адукаваных, інтэлігентных. Гэта мова нашай сапраўднай эліты. І сёння гэта літаратурная мова – не проста нейкія гаворкі, трасянка, – якая склалася ў тым выглядзе, які мы маем сёння, за некалькі дзесяцігоддзяў».
«Стала добрай “фішкай” быць беларусам»
Адна з прычын увагі грэка-каталікоў да беларускай мовы ў тым, што сённяшняя палітыка Каталіцкай царквы – малітва на роднай мове ў кожнай краіне. Евангелле трэба несці мовай таго, да каго звяртаешся. Вядома, застаюцца класічныя мовы – лацінская, грэчаская. Па-другое, на думку айца Ігара, калі мы хочам, каб душа чалавека мянялася, мы шукаем тую ягоную прыродную, натуральную мову, якой чалавек не проста карыстаецца, а жыве.
«Здаецца, што да душы лягчэй дастукацца, калі размаўляць і маліцца на той глыбіннай мове, якая ў ёй застаецца. Вядома, беларуса можна паспрабаваць «сапсаваць», каб ён перайшоў на польскую, украінскую ці рускую мову, і праз некалькі пакаленняў ёсць магчымасць яго і знішчыць, але, калі мы хочам яго ўваскрэсіць, трэба шукаць той глыбінны фундамент, якім з’яўляюцца мова, спевы, мелодыі, танцы, фальклор…»
Тое, што сёння выпускаюць шмат рэчаў, адзежы з нацыянальнай сімволікай, спачатку было нязвычным, а зараз вельмі натуральнае і пасуе нашым людзям – яны робяцца яшчэ больш прыгожымі, сцвярджае айцец Ігар. Калі ў Польшчы белага і чырвонага пароўну, то ў нас белага ў два разы больш: мы больш светлыя.
«Мова кожнай нацыі адлюстроўвае душу. Кожны чалавек непадобны да іншага. І кожная нацыя непадобная. Я б вельмі не хацеў, каб усе людзі былі аднаго ўзросту і ўсе грэка-каталікі. Знішчыць аднаго чалавека – гэта знішчыць сусвет. А знішчыць мову – гэта не ведаю, колькі сусветаў знішчыць. Не хочацца быць беднымі. Калі мы застанёмся беларусамі, мы можам узбагачаць усю планету. На вялікі жаль, нават беларуская дыяспара за мяжой перастае быць беларускай. Яны становяцца рускімі, ці палякамі, ці ўкраінцамі. Але сёння я гляджу на акцыі салідарнасці за мяжой – і наадварот, да беларусаў далучаюцца іншыя нацыянальнасці, лічыцца добрай “фішкай” быць беларусам».
Кожны чалавек непадобны да іншага. І кожная нацыя непадобная. Я б вельмі не хацеў, каб усе людзі былі аднаго ўзросту і ўсе грэка-каталікі.
Сёння, у часы глабалізацыі, палова свету размаўляе па-англійску, але гэты працэс выглядае ўсё ж такі па-іншаму: людзі могуць вольна гаварыць па-англійску, але захоўваюць і сваё. Гэтаму трэба вучыцца і нам.
Можна размаўляць на беларускай і быць «саўком»
Айцец Ігар лічыць, што ў першую чаргу народ змяняе дух свабоды, які ёсць у сённяшнім асяроддзі. Гэта радасны дух – многія зараз у захапленні. Магчыма, таму і лягчэй стала людзям пераходзіць з мовы на мову. Знікла варожасць, размова па-беларуску пазбаўляецца ад налёту пратэсту.
Толькі свабодны чалавек можа ўвайсці ў дасканалыя адносіны з Богам. А потым усё да гэтага падцягнецца.
«Я сёння ўбачыў, што не мова выхоўвае гэтых людзей, а, наадварот, дух свабоды. Магчыма, потым мы зможам дарасці да таго, што трэба будзе і мова, і культура, і ўсё астатняе, але на фундаменце гэтай свабоды. Мы размаўлялі з многімі людзьмі (падчас акцый – аўт.), і там не было магчымасці звяртацца з доўгімі казаннямі, і казанні былі вельмі кароткія. Лейтматывам усіх размоў было тое, што толькі свабодны чалавек здольны любіць. І гэта зразумела ўсім людзям. Яны сёння гэта адчулі не тэарэтычна, не праз логіку, а як неабходнасць. І дасканалая форма звяртання да Бога – праслаўленне Бога – можа быць толькі на мове любові. І можна зрабіць выснову: толькі свабодны чалавек можа ўвайсці ў дасканалыя адносіны з Богам. А потым усё да гэтага падцягнецца».
Свабоднаму чалавеку будзе не проста лягчэй, а натуральна шукаць свае карані, вывучыць мову продкаў, шанаваць яе. Дзеці не нараджаюцца адразу выхаванымі. А постсавецкі чалавек, на думку айца Ігара, не надта выхаваны. Для таго каб быць выхаваным, ён спачатку павінен быць свабодным. Стаць Чалавекам з вялікай літары на фундаменце таго, што Бог стварыў чалавека свабодным.
«Вядома, мова – гэта важна. Калі яна наложыцца на свабоднага чалавека – супер, а калі чалавек – раб, то ўжо не важна, ці ён беларус, ці немец і на якой мове размаўляе. Можна і камп’ютар навучыць любой мове, і ён будзе перакладаць – трошкі смешна, вядома».
Думаць, што калі ўсе перайдуць на беларускую мову, то адразу ўсё аўтаматычна наладзіцца, беспадстаўна. Можна размаўляць на любой мове і быць «саўком».
«Беларусы разумеюць усіх»
Ужо стала традыцыяй, што амаль ўсе героі рубрыкі звяртаюць увагу на тое, што беларуская мова дапамагае разумець чужаземцаў. Айцец Ігар называе гэта практычнасцю.
«Калі мы за мяжой сустракаемся са славакамі ці сербамі і спрабуем па-англійску ці па-польску ці шукаць штосьці яшчэ, у нас не атрымліваецца. Калі мы з нашым славакам будзем размаўляць кожны на сваёй мове – проста павольна – у нас атрымліваецца паразумецца».
Беларуская ў нейкім сэнсе ўніверсальная. Рускія звычайна не разумеюць на слых ні беларускую, ні польскую, ні тым больш славацкую ці чэшскую. Чэхі ці палякі таксама з большага не разумеюць рускіх. А беларусы разумеюць усіх: рускіх, палякаў, славакаў, украінцаў… Таму, хто ведае беларускую мову, досыць лёгка вывучыць любую славянскую.
«Нават калі нас арыштоўваюць, мы павінны ставіцца да гэтага з гумарам»
«Добры ў нас народ, я проста ў захапленні, – дзеліцца айцец Ігар. – Праўду кажучы, ім лёгка кіраваць. У нас у царкве, я ведаю, трэба проста не перашкаджаць, і самі ўсё зробяць. Я думаю, што і ва ўсім нашым грамадстве людзям трэба проста не перашкаджаць – і яны зробяць і бізнес, і ўсё астатняе. Не так многа нацый, якім проста дазволь быць свабоднымі дзецьмі Божымі – і яны ўсё зробяць вельмі добра. А кіраўнік будзе атрымліваць толькі задавальненне. Мне здаецца, што наш сапраўдны лідар нацыі павінен заўсёды ўсміхацца, расказваць нейкія анекдоты. Сапраўдны беларус павінен быць усмешлівым. Калі я на сваіх казаннях ніводнага анекдота не расказаў, могуць спытаць: «Што ў айца там здарылася?»
У нас жылі беларусы, украінцы, рускія, палякі, літоўцы, многа яўрэяў. І ўсё гэта перамяшалася, стала адным. Ёсць такі народ – адэсіты. Гэта тыя, хто пераехаў з Берасця туды ў XIX стагоддзі. Наш народ павінен на многія свае праблемы адказваць з гумарам. Нават калі нас арыштоўваюць за тое, што мы, з іх пункту гледжання, робім штосьці, што яны не дазваляюць, мне здаецца, што і да гэтага мы таксама павінны ставіцца з гумарам. Можа, і яны нарэшце зразумеюць гумар таго, што адбываецца».
Марыя Маляўка, «Брестская газета«