Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Ксёндз Вячаслаў Барок разважае пра хрысціянскія карані дэмакратыі

Ксёндз Вячаслаў Барок разважае пра хрысціянскія карані дэмакратыі

Placeholder
Аўтар
Вячаслаў Барок

ВячаслаўБарок

Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.

Дзейнасць Апосталаў Пятра і Паўла – гэта феномен, на які звяртаюць ўвагу не толькі хрысціяне розных канфесій, і безумоўна католікі, адзначаючы 29 чэрвеня ўрачыстасць у іх гонар, але і ўвесь свет.

Нічога дзіўнага, бо гэта на вучэнні, якое прапаведвалі Апосталы будавалася Еўропа. Як бы не было, каштоўнасці дэмакратыі і правы чалавека, чым ганарыцца сёння ўвесь цывілізаваны свет, свае карані маюць ў Евангеллі.

Апосталы не былі палітычнымі змагарамі, але і не былі рэлігійнымі фарысеямі, якія пазбягалі практычнай дзейнасці. Яны былі сапраўднымі пастырамі і займаліся пастырскай дзейнасцю. А як навучае Кампендый Сацыяльнага Вучэння Касцёла: “Пастырская дзейнасць развіваецца ў двух кірунках: абвяшчэнне хрысціянскіх падстаў правоў чалавека і асуджэнне парушэння гэтых правоў» (КСВК 159).

Каштоўнасць правоў чалавек, наўпрост вынікае з годнасці кожнай асобы чалавека, што прапаведуе хрысціянства. І разам з каштоўнасцю ““агульнага дабра» як мэты і крытэрыя, які рэгламентуе палітычнае жыццё” (КСВК 407) ляжаць у аснове сапраўднай дэмакратыі. (пар. КСВК 407). У такім святле Касцёл цэніць сістэму дэмакратыі, як сродак які дазваляе грамадзянам прымаць удзел у палітычных рашэннях і нават зьмяняць сваіх кіраўнікоў. (пар. КСВК 406).

(https://youtu.be/y5xtUq_FtU4 тут Агульнае дабро — не пірог, які магчыма падзяліць на кавалкі.)

Пётр і Павел аддалі сваё жыццё за Хрыста, бо паверылі ў Валадарства Божае, на практыцы яна праяўляецца ў перакананні, што будучыню можна збудаваць толькі на каштоўнасцях Евангелля.

Іх хрысціянская візія зямнога свету ішла ў разрыў з бачаннем дзяржавы Рымскай імперыі. Тым не меньш гісторыя паказала, што лепшая будучыня не можа абапірацца на мілітарнай сіле, на моцнай уладзе імператара, на рэпрэсіях іншадумцаў і дзяржаўным тэроры. Будучае ёсць за тымі, хто служыць праўдзе. Бо вітальная сіла праўды ёсць мацней за ўсё іншае. Рымская імперыя рухнула, а на яе ашчэпках грамадства прышчэпленае каштоўнасцямі Евангелля будавала будучыню Еўропы.

Пётр і Павел ніколі не прэтэндавалі заняць уладу палітычную, разам з тым неаднаразова траплялі за краты і цярпелі зневаленне ад прадстаўнікоў розных палітычных уладаў. Іх забілі за Хрыста, але згодна з дзяржаўнымі законамі, гаворачы сучаснай мовай па-палітычных матывах.

Феномен дзейнасці Апосталаў ёсць выклікам для свету і хрысціянаў і для кожнага гучыць незмаўкаемым пытаннем: Які закон маеш у прыярытэце Божы або чалавечы?

І вось тут вельмі дзіўная рэч. Той, хто абірае служэнне закону людзкаму дзяржаўнаму, забываючыся пра Божы, той і руйнуе дзяржаву. Той жа хто выбірае Закон Божы той і распачынае будаваць лепшую будучыню і для народа і для сябе.

У дзень урачыстасці святых Апосталаў Пятра і Паўла, я малюся за нашу Айчыну — Беларусь. Няхай Госпад уратуе нас ад рукі Ірада, за што дзякаваў Пётр пад-час зруйнавання Анёлам муроў турмы у якой быў зняволены (пар. Дз 2, 1-11) і захавае нас для свайго Нябеснага Валадарства, аб чым прасіў Павел рыхтуючыся атрымаць “вянок справядлівасці” (2 Цім 4,7).

А зямную будучыню нашай краіны, дазволіць нам будаваць на каштоўнасцях Евангелля і грамадскага жыцця: праўдзе, справядлівасці, свабодзе і любві.

Глядзі таксама https://youtu.be/PvcKRSBtNog На шляху да свабоды патрэбна толькі вера.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава