Ксёндз Вячаслаў Барок працягвае тлумачыць Сацыяльнае Вучэнне Касцёла і разважае пра прынцып агульнага дабра


ВячаслаўБарок
Рымска-каталіцкі святар Віцебскай дыяцэзіі. Душпастыр беларусаў у Варшаве. Блогер.
“Паняцце “агульнае дабро” Касцёл бачыць шырэй, чым толькі сацыяльна-эканамічны дабрабыт. Інакш бы яно не адрознівалася ад нашых беларускіх паняццяў так званых “каштоўнасцяў” такіх як “стабільнасць” і славутыя “чарка і шкварка”. Агульнае дабро – гэта не пірог, ад якога можна ўрваць свой кавалак і быць шчаслівым. Агульнае дабро – непадзельнае. Яно “не проста сума прыватных дабротаў… Будучы дабром усіх і кожнага, яно з’яўляецца і застаецца агульным, паколькі яно непадзельнае і толькі разам можна яго дасягнуць, павялічыць і захаваць, у тым ліку і на будучае”. (КСВК 164)
Сёння можна казаць пра духоўны рост беларускага грамадства. Адбываюцца перамены і беларусы адмаўляюцца задавальняцца толькі ранейшымі дабротамі матэрыяльнымі, бо ім не хапае больш важных рэчаў у пошуках свайго дабра для шчасця. Ёсць запатрабаванне на праўду, свабоду, справядлівасць.
Такі падыход у пошуках агульнага дабра абсалютна не новы. Касцёл сцвярджае, што сам прынцып агульнага дабра вынікае перш за ўсё “з годнасці, адзінства і роўнасці ўсіх людзей” (КСВК 164). Маральны аспект тут прысутнічае таксама.”